Хлопец на імгненне закасвае рукаў, каб пацвердзіць словы: на перадплеччы сінія лічбы. Рабская татуіроўка.
— Вы не думайце, дзядзька Тадэвуш, мы з фашыстамі змагаліся… Я чатыры разы партызанскую дыверсійную групу на чыгунку вадзіў. А ў атрад не бралі… Казалі — малы, слабы… Я і ў разведку для партызан хадзіў… Пасля вызвалення на фронт прасіўся — адмовілі. Васямнаццаці няма, дый не трэба ў арміі… дыстрофікаў. У цёткі жыў, дапамагаў… Зямлянку выкапалі на гародах — усё ж папалена. А ў цёткі сваіх пяцёра дзяцей. Яна кажа — у вас жа ў Мінску кватэра была…
— Ясна, хлопец.
Дзядзька Тадэвуш уздыхае.
— Мне болей пашанцавала — наш аддзел грузавік выбіў для эвакуацыі, мяне завезлі. Жыў пад Саратавам, год таму вярнуўся. Паспеў адваяваць вось гэты катух. Акрамя мяне са старых жыльцоў нікога не засталося. Абрамчыкаў у гета загналі, там і згінулі, дзесь у раёне Шпалернай. Мастак на фронт пайшоў. Не ведаю, дзе ён і што… Пасля вайны сюды народу набілася ў асноўным з вёсак. Сам разумееш — адзін селіцца, кліча да сябе сваякоў. 3 жытлом пакуль у горадзе праблема…
Задумліва барабаніць па стале пажаўцелымі пальцамі.
— 3 рэчаў вашых амаль нічога не засталося. Стол, здаецца, ды камода, дзе сямейства Маланак жыве, — але наўрад ты ў іх адбярэш. I стос кніг у дрывотні — неяк прыходжу, валяюцца… На распал падрыхтавалі. Я сам загарнуў у дзяружку ацалелае і прыхаваў. Нядобра кнігі паліць і дзерці.
— Мне нічога не трэба, дзядзька Тадэвуш! Хаця кнігі… Кнігі забяру. А… колькі пажыць у вас можна?
Былы фінінспектар усміхаецца — зубы рэдкія, як п’яны сейбіт сеяў.
— Гэта і твая кватэра, Карусёк. Ты не пасяліўся — а вярнуўся. Жыві. Мо, як нямоглы зраблюся, мяне дагледзіш. А пра бацьку твайго… нічога не чуваць?
Хлопец адмоўна круціць галавой, у ягоных цёмных — не ў матку, у бацьку — вачах старэчая туга.
— У трыццаць восьмым тэрмін быў скончыўся, але, мама казала, нібыта новую справу на яго завялі. А лістоў з трыццаць трэцяга не атрымлівалі.
Калі вулей у кватэры нумар чатыры сціх і замест размоў, смеху, крыку, плачу напоўніўся храпам, Карусь Роўба зайшоў у прыбіральню. Калісьці тут стаяла шафка, на якую можна было ўскараскацца… Нічога, прыдасца вось гэтая скрынка… Так, гэтую цагліну падчапіць… I гэтую… 3 нішы ў сцяне дастаўся пакет, загорнуты ў цырату. Рукі трохі дрыжаць, святло лямпачкі настолькі цьмянае, што цяжка чытаць, — але чакаць, пакуль развіднее, няма сіл. Стос лістоў ад бацькі, якога не памятае. Рукапіс з ягоным жа почыркам: даследаванне станаўлення беларускай школы жывапісу цягам трынаццатага — дваццатага стагоддзяў. Рукапіс відавочна не цэлы, з дзясятак пранумараваных уразнабой старонак, брудныя, калісьці пакамечаныя, потым старанна распраўленыя. Атэстат выпускніцы Мінскай Марыінскай жаночай гімназіі Сафіі Нарушэвіч. Фотаздымак вялікай сям’і: поп у аблачэнні, пападдзя, дзевяць дзяцей рознага ўзросту — малодшае дзіця, у карункавай сукенцы і каптуры, на каленях пападдзі, старэйшы, ладны дзяцюк — у абмундзіраванні, здаецца, прапаршчыка… На здымку пазнака віленскага фотаатэлье. Няўжо сваякі? Складзены ў восем столак план нейкага збудавання — схемы каналаў, земляныя валы… Меліярацыя, ці што? Але зусім даўняя: як сведчыць надпіс са старасвецкімі загагулінамі, 1791 год. I сшытак без вокладкі, з формуламі і запісамі дробным імклівым почыркам на лацініцы. Маці пра яго гаварыла нешта такое казачнае.
Карусь хавае здабытае за пазуху, засоўвае на месца цагліны, саскоквае са скрыні.
Маці казала — бацька таксама быў худы і падаваўся слабым, але мог вытрываць любую буру. А яна сама якім была моцным чалавекам! Жартавала да апошняга. У лагеры, у голадзе і холадзе, вучыла яго мовам, распавядала нешта з сусветнай гісторыі, кнігі пераказвала. Паўтарала — толькі пачуццё гумару адрознівае чалавека ад жывёлы.
Таму ён вырасце. Стане дужым. Вывучыцца. I калісьці даведаецца, дзеля чаго загінуў бацька. I дзе маці брала моцы, каб жыць і дзёрзка ўсміхацца ў твар катам.
Заканчваўся травень 1946 года. На вуліцах Мінска раставаў няўчасны снег. Але, калі прыслухацца, чуваць было, як дзесьці б’юць нябачныя званы.
СТАДЫЯ ТРЭЦЯЯ. ФІКСАЦЫЯ, АЛЬБО ЗГУШЧЭННЕ. ПЕРАТВАРЭННЕ ЛЯТУЧЫХ РЭЧЫВАЎ У НЕЛЯТУЧЫЯ
У дэкадэнцкім рамане «Наадварот» Гюісманса адзін багацюшчы эстэт удасканальваў падораную яму жывую чарапаху. Панцыр жывёліны інкруставалі каштоўнымі камянямі, пакуль небарака не здохла пад цяжарам. Гаспадар зрабіў выснову: дурная істота не ў змозе вынесці ўсю моц сапраўднай прыгажосці!