Пелагея адчувала, што яе нябачны панцыр — трывушчы, нарошчаны на ўразлівым нутры цягам гадоў з пералівістых скарбаў чужых геніяльных фантазій — прагінаецца і вось-вось трэсне і жыццё дастане зноў да жывога, балючага…
Дзверы, абабітыя брунатным дэрмацінам… Брудны пад’езд хрушчоўкі… Дыванок з зялёным пластыкавым шчэццем і надпісам «Вэлкам»… Нічога не змянілася, акрамя таго, што ноч.
— Мсціслаў Раманавіч, калі не адчыніце, я тэлефаную ў службу выратавання. Суседзі пацвердзяць, што былі падставы.
Маўчанне і ціша паміж захапленнем і жахам жыцця (характарыстыка паэзіі Рыльке).
— Ну што ж, як хочаце… Мне ўжо ўсё адно.
Згарэла кіфара — гары і хітон. Ці ў чым там антычныя лірнікі… пардон, кіфарысты па антычных вёсках соўгаліся. Пелагея ў стомленым адчаі дастала смартфон… Адзін-адзін-два… Трывожны пульс гудкоў… Гэткі ж стомлены жаночы голас нешта прагаварыў — але Пелагея ўжо не чула, бо ў дзвярах шчоўкнуў замок… Дзверы прыадчыніліся — самая банальная і зацяганая завязка сюжэта. Калі ласка ў пастку… У пашчу… У перыпетыі — праз кульмінацыю — да развязкі…
Прынамсі, менавіта такой структуры літаратурнага твора Пелагея вучыла студэнтаў.
Магістарка скінула свой выклік у службу выратавання, схавала смартфон у кішэню джынсоўкі і асцярожна ўвайшла ў цёмную вітальню кватэры.
Дзіўны пах… Сырая тынкоўка, спалены пластык, пральны парашок… Пад нагамі нешта захрумсцела — у прыцемку не разабраць, нібыта накрышаная цэгла. А можа, ракавінкі, што засталіся, скажам велягурыста, пасля адліву мора расчаравання. Цёмны хударлявы сілуэт у праёме ў другім канцы калідора, спіна прыгорбленая, адна рука абапіраецца аб вушак, другая схаваная за спінай.
— Усё? Упэўніліся, што я жывы-здаровы? Магу цяпер папрасіць пакінуць маю кватэру і болей не турбаваць?
Голас хрыплы. Злы. I трывожны.
— Зусім не ўпэўнілася, Мсціслаў Раманавіч. Можна хаця б святло ўключыць?
Яна больш не тая трапятлівая дзяўчынка, якую лёгка было адсунуць адным строгім словам.
— Гэта лішняе. Вам няма чаго тут рабіць. I недарэчныя пайкі прадуктовыя больш не прыносьце. Я ў стане замовіць інтэрнэт-дастаўку. Вы мне анічога не вінны, спыніце гэты сольны балетны нумар жалобы і пакаяння, апладысментаў не дачакаецеся. Бывайце.
Трымаецца ў цені і на адлегласці, руку ўпарта хавае за спінай, дзверы ў пакой прычыняе, каб не бачылі, што там робіцца.
— Не люблю размоў у цемры.
Пелагея намацала на сценцы выключальнік…
Абураны ўскрык гаспадара, узрушаны ўздых госці.
— Што… што тут здарылася?
— Вам абавязкова трэба ва ўсё ўлезці?
Цяпер у голасе дацэнта адчувалася безнадзейная стома. Ну і выглядаў ён так, нібыта толькі што ўсцягнуў апошні камень на егіпецкую піраміду. Нейкі незразумелы выраз твару, напруга ў паставе… Вочы колеру бэзавага лісця, абведзеныя ценямі, і рэзкія цені запалых шчок, вусны падціснутыя так, што ў куточках упартага рота ўтварыліся жорсткія зморшчыны. Цёмна-русявыя валасы, звычайна караткастрыжаныя, цяпер жывапіснай ускалмачанасцю нагадваюць рок-зорку, а не выкладчыка навучальнай установы і паважанага навукоўца. Праўда, бародка і вусы па-ранейшаму акуратныя — а магістарка з бояззю ўяўляла рабінзонакрузаўскую барадзішчу…
Пелагеі заўсёды здавалася, што да нервовых інтэлігенцкіх рысаў ейнага навуковага кіраўніка найбольш падыходзіць пудраны парык і мантыя. Арыгінальны сцэнар эратычнага марэння наіўнай дурнічкі. Цяпер да выцертых чорных джынсаў і чорнай жа шырокай мятай ільняной кашулі, увэдзганых пылам, спадару да завяршэння іміджу не хапала толькі бас-гітары і банданы.
Трохі псавалі карціну блакітныя сланцы, уздзетыя на босыя ногі. Хаця такія дэталі багемныя людцы любяць.
Сапраўды, схуднеў… I драпежны нос трохі змяніў форму. З’явілася брутальная гарбінка: няўжо сучасныя дактары не ў стане нармальна залячыць банальны пералом?
Зрэшты, калі спрабавала перакінуць нездаровую зацікаўленасць жанатым мужчынам на аднаго блакітнавокага вясёлага хлопца, трохі ніжэйшага за яе, адным з аргументаў была мужная гарбінка на носе згаданага хлапца. А ў Мсціслава Раманавіча рысы не ваярскія, тонкія…
Цяпер ужо не зусім.
А ў таго, блакітнавокага, мужнасць аказалася толькі ў абліччы.
Позірк госці адарваўся ад раздражнёнага гаспадара, асэнсоўваючы пейзаж у дэталях. Падлога вітальні ўсыпаная друзам нейкай разбітай скульптуры. Матэрыял падобны да цэменту, але з залацістым бляскам.