А гэта што? Цёмная кропля на паркеце ля блакітнага сланца... Кроў? Пелагея злосна прыжмурылася і памкнулася наперад — і што нейкі дацэнт у сланцах можа зрабіць супраць рашуча настроенай штыкеціны ў метр семдзесят восем ростам, якая ў дзесяць гадоў прачытала «Джэн Эйр», а ў дванаццаць — томік Сенекі і падручнік па філасофіі для абітурыентаў ВНУ, забыты ў кватэры стрыечным братам з Ваўкавыска?
— Я нікуды не сыду, пакуль не даведаюся, што адбылося і чым вам дапамагчы.
Мсціслаў Раманавіч разгублена адступіў на крок, потым яшчэ на крок… I Пелагея нарэшце прашчамілася ў пакой — гэтак нахабны Арфей, мусіць, шчаміўся паўз Цэрбера ў царства Аіда… I там, мусіць, гэткі ж рэзрух. Аскалёпкі пабітых скульптур з таго ж жаўтаватага цэменту — на падлозе, на канапе, абцягнутай чорнай штучнай скурай, на камп’ютарным стале… Адкуль толькі тыя скульптуры ўзяліся? Здаецца, раней нічога падобнага тут не бачыла. Левы верхні кут манітора нібыта обгрызены. Што за блёкат?
Гэты пакой быў калісь добра знаёмы Пелагеі… Калі працавалі над ейнай магістарскай, не адзін вечар праседзелі тут.
Ну так, навуковы кіраўнік не абавязаны запрашаць студэнтаў дахаты. Тым болей малады жанаты мужчына — юную студэнтачку… Але Мсціслаў Раманавіч тады зламаў нагу — як пасля высветлілася, падчас чарговай вандроўкі па руінах Беларусі залез у сутарэнне з падступнымі праваламі. Здавалася б, філолаг — працуй з тэкстамі. Але ж пан Роўба надта шырокі спецыяліст, таму і ў гісторыю лезе, і ў мастацтвазнаўства, і ў архіўную справу, і ў сутарэнні, і на званіцы. У трыццаць пяць — некалькі кніг вельмі цікавых эсэ па гісторыі беларускага мастацтва ды з дзясятак манаграфій… У тым ліку тая, пра гісторыю беларускіх музеяў у часы вайны, якая нарабіла столькі…
Пелагея адганяе непатрэбныя ўспаміны далей і адзначае іншыя дэталі. Раней сценаў не пабачыш з-за карцін — копіі радзівілаўскіх партрэтаў, рэпрадукцыі гравюр Напалеона Орды, пейзажы з улюбёнымі гаспадаром кватэры руінамі… Вунь там вісеў партрэт прыгажуні з бялявымі косамі, у вышыванцы і валошкавым вянку. Вочы дзяўчыны паглядалі трохі скоса, наіўна-хітравата, цвелячы, — а ці скочыш са мной праз купальскае вогнішча, спадар баягуз? Цяпер шэрагі карцін моцна прарэдзіліся і партрэт знік. Не дзіўна. Спадарыня Маргарыта напэўна ж забрала, калі развялася са зганьбаваным здраднікам-мужам.
…Пелагея сціпла туліцца ў фатэлі. Ейны выкладчык, прыстасаваўшы нагу ў гіпсе на чырвоны пухнаты пуфік, крэсліць працу падапечнай і каментуе, разважае, сам з сабой спрачаецца… Прыгожая кабета ў чорных легінсах і белай байцы, светлавалосая, але без косаў, як на карціне, са стрыжкай карэ, ставіць на стол паднос з філіжанкамі кавы і крышталёвай вазачкай з аўсяным печывам.
— Сілкуйцеся, гэта Сірано дэ Бержэрак мог дазволіць сабе рацыён з дзвюх вінаградзінак на дзень. Мяне і так уся наша кафедра гнабіць за тое, што я цябе, Слаўка, нібыта зусім не кармлю і ты худы, як Дон Кіхот.
…Усё, не ўспамінаць. А то зноў пачвара па імені Правіна, для якой не існуе ніякіх ілюзорных панцыраў, правядзе нябачнымі кіпцямі па жывым і датклівым… Добра, што Маргарыта Іванаўна не ў іхнім каледжы выкладае — бо давялося б сыходзіць адразу, яшчэ тады…
Вось кніг не паменела… Хаця раней яны роўненька шыхтаваліся па паліцах і кніжных шафах, а цяпер — вось жах! — грувасцяцца на падлозе, нават сакральныя тамы Сержпутоўскага, першае выданне… Кніжная шафа адсутнічае. Разам з двума шыкоўнымі скуранымі фатэлямі з дубовымі спінкамі і падлакотнікамі з выразанымі на іх геральдычнымі лілеямі, у адным з гэтых фатэляў Пелагеі давялося паспытаць… Не, гэта таксама не ўспамінаць.
Але драўляныя скульптуры, выратаваныя Мсціславам Раманавічам з касцёла на Вілейшчыне, — старыя, пашчапаныя, каструбаватыя, мясцовай работы, — ацалелі. Святая Барбара і святы Себасціян. Святая ўздымае да столі руку са страчанай далонню і журботна пазірае сляпымі вачыма на абгрызены манітор камп’ютара, пакутнік Себасціян, схіліўшы набок галаву, пакорліва чакае яшчэ адной стралы ў бок…
Гм, а скульптуры змянілі колер… Нібыта зробленыя з такога ж цэменту з жаўцізной і лёгкім металёвым бляскам, які паўсюль натрушчаны. Нашто спадар Мсціслаў іх выпацкаў?
Ну а на стале карціна звыклая — старыя паперы, план нейкіх збудаванняў… Старажытная штуковінка, якія Мсціслаў Раманавіч любіў вышукваць на ўсялякіх блышыных рынках, а гэтую нават на шыі цягаў: закаркаваны пацямнелай срэбнай кветкай мізэрны флакончык зеленаватага шкла з паўмезенца даўжынёй на такім жа пацямнелым срэбным ланцужку, з доўгім выгнутым рьльцам і каламутнай вадкасцю ўнутры. Пелагея заўважыла эксцэнтрычнае ўпрыгожванне на грудзях дацэнта падчас аднаго з іхніх падарожжаў па руінах: была гарачыня, і дацэнт шпацыраваў у чорнай футболцы. Няўжо парфума стагадовай даўніны? Мсціслаў Раманавіч неахвотна патлумачыў — падарунак дзеда, фамільная каштоўнасць. Слёзніца, але ў шкляніцы — не слёзы, а нейкая ядучая атрута, як mementomore. Самае тое для гота i некрафіла.