Пелагея тады забылася на сціпласць і ўсхадзілася: а што, калі экстрым які, шкло паб’ецца, атрута на скуру патрапіць? Што за піжонства дурное? Падлеткавы перыяд у мазгах. Лепей крыжык насіць!
Спадар Мсціслаў пабурчэў — за дзвесце гадоў не пабілася, старое шкло моцнае, як камень ды яшчэ ў металёвай сетачцы, — але, падобна, пасаромеўся і насіць перастаў.
Цяпер у гарлавіне кашулі пабліскваў срэбны рыжык на ланцужку. Бяда да парога — мы да Бога.
А вось гэта больш дзіўна: разгорнуты малітоўнічак, загашаная аплаўленая свечка, пастаўленая проста ў крышталёвую чарку. Дзіўна, Мсціслаў Раманавіч не падаваўся надта рэлігійным.
Пелагея зноў перавяла позірк на гаспадара кватэры, які нервова пераступаў з нагі на нагу, і пад блакітнымі сланцамі пахрумстваў незразумелы друз.
— Што ў вас з рукою?
Магістарка не збіралася губляць час на ўсе гэтыя расшаркванні «ці магу я, магнолія» і проста тузанула спадара за руку, якую той упарта хаваў за спінай.
Праз абы-як наматаны бінт праступалі крывавыя плямы.
— Гэта трэба перабінтаваць. Сядзьце, будзе зручней.
Спадар Роўба, падобна, змірыўся з тым, што выштурхнуць былую студэнтку з кватэры не здолее, і ўсеўся на канапу, паклаўшы параненую руку на стол. Спіна згорбілася — але адразу ж напялася. Ну, маўляў, сапраўдныя мужчыны слабасці не выяўляюць.
А яшчэ яны не замыкаюцца ў кватэры на паўгода. I не засыпаюць тую кватэру незразумелым друзам.
Вось і прыдаўся курс медпадрыхтоўкі, які давялося прайсці ва ўніверсітэце. Пелагея, не забыўшыся збегаць у лазенку, каб вымыць рукі, села на адзінае ў пакоі крэсла — сціплае, канторскае і асцярожна размотвала скрываўленыя бінты. Намагаючыся забыць тое, што пабачыла ў лазенцы: кадр з няякаснага хорару. Усё заляпана крывёй, ва ўмывальніку скрываўлены нож і нейкі металёвы кругляк.
Пасярод далоні зеўрала рана, нібыта хтое адкусіў кавалак. На шчасце, неглыбокая — не да касцей — але не пашкодзіла б да доктара. Закласці ватным тампонам з маззю… Прынамсі, сепсісу не будзе. Пелагея кінула пагляд на засяроджаны твар Мсціслава Раманавіча — глядзіць проста перад сабой, вусны падціснуў…
— Як вы параніліся?
— Няшчасны выпадак.
Ілгун з яго кепскі. Занадта роўны, абыякавы тон, Вось Павал Капанаў умомант пераканаў бы ў чым заўгодна, і пагляд блакітных вачэй быў бы такі | даверліва-наіўны… I яна б у чарговы раз паверыла.
— А нож чаму ва ўмывальніку валяецца?
— Даставаў з далоні… іншародны прадмет.
— Стрэмку?
Парваны надвае бінт завязаўся какетлівым банцікам.
— Можа, хопіць ілгаць? Адмоўчвацца? Ад таго, што мы маўчым пра ўсё важнае і балючае, яно яшчэ болей баліць.
Магістарка сама не чакала ад сябе такой напорыстасці. Але яе ўжо панесла, як квадрыгу вогненных коней з няўдаліцам Фаэтонам.
Дацэнт унурыўся.
— Я ведаю, што зрабіў вам балюча. Сапсаваў жыццё. I не ведаю, як вымаліць прабачэнне. Памятаеце, як у рамане паўднёваафрыканца Кутзэе «Ганьба» прафесар, які спакусіў студэнтку, сваю віну выкупляў… Ды не выкупіў.
Пелагея ажно ўскочыла, выпадкова змахнуўшы са стала нявыкарыстаны бінт.
— Нагадаю, што, калі нават усе і ўпэўненыя, што мы з вамі пераспалі, між намі нічога не было!
— I я нагадаю… — Дацэнт сувора кіўнуў у той бок, дзе калісь стаяў фатэль, чыю спінку ўпрыгожвала разьба ў выглядзе геральдычнай лілеі.
…Гэта здарылася, калі Пелагея абараніла сваю магістарскую. Мсціславу Раманавічу яшчэ не дасталі спіцы з нагі, але ён прыкульгаў на абарону, і ягоная прамова пра неабходнасць развіваць кампаратывістыку і пра слушнасць паралеляў паміж творчасцю Максіма Гарэцкага і Жазэ Сарамагу здорава дапамагла… Тады Пелагея, не зважаючы на адмовы, дапамагла нямогламу навуковаму кіраўніку дабрацца дахаты на таксоўцы, зайшла з ім у кватэру… Згадвала з рогатам пра свежы мем — у камп’ютарным экшэне «Скайрым» ёсць такі персанаж, вой, які па корчмах распавядае, што вось, і ён пайшоў бы змагацца з цмокамі, але страла ў калена трапіла.
«Страла ў калене» стала сімвалам адмазкі ад справы, якой не хочаш займацца.
Мсціслаў Раманавіч жарт падхапіў — запэўніў, што ўсім, хто яго будзе надалей пытацца пра прычыны кульгавасці, будзе адказваць: «Страла Ў калена патрапіла!»