Было так радасна, так узнёсла, цёмна-зялёныя вочы свяціліся… У серванце знайшлася бутэлька французскага мерло…
Ім заўсёды было так лёгка, так цікава размаўляць, спрачацца… 3 якой радасцю яна падзяліла ягоную любоў да таямніц беларускай гісторыі, боль за несправядліва забытыя імёны… Колькі разам правялі часу ў архівах, разбіраючы чужыя почыркі, адгадваючы значэнне вось гэтай плямкі на пратаколе — няўжо кроў? Пелагея далучылася да ягоных вандровак, часам у кампаніі яшчэ пары энтузіястаў, часам удваіх — жонка дацэнта Маргарыта Іванаўна, лінгвіст, не любіла цягацца па зарослых руінах, дзе кляшчы.
…Яны каціліся, як дзве кроплі па шыбе, паралельна, зусім блізка, і дастаткова было найменшага зруху…
…I яна апынулася ў яго на каленях, у фатэлі з дубовай разной спінкай. Яны цалаваліся на вачах святой Барбары і святога Себасціяна, Гераніма і Радзівіла і Ганны з Завішаў, Юрыя Геркулеса, які не прайграў ніводнай бойкі, і Уладзіміра Караткевіча, які падміргваў з чорна-белага фотаздымка ў металёвай рамачцы. Гэта было так правільна, быццам стаў на месца апошні згублены пазл складанай карціны. Каб Пелагея была Фаўстам, яна б запатрабавала спыніць менавіта гэтае імгненне, ведаючы, што далей — пекла.
Але ў дзвярах кватэры павярнуўся ключ, у цёмна-зялёных вачах плескануўся жах і віна… Пелагея адскочыла, прыгладжваючы дрыготкай рукой валасы. Здаецца, схапіла са стала з недапітым мерло тэкст свайго даклада, каб было за што трымацца, за што схавацца. Нават усміхалася гаспадыні, калі тая прапанавала сабраць «нармальны стол» і ўшчувала сужэнца : «Чаму толькі счарсцвелае печыва, у дзяўчынкі ж свята? Давайце бляшанку з печанню траскі адкрыем ды зробім канапкі… I аліўкі ёсць».
3 таго вечара Мсціслаў Раманавіч паводзіўся з наваспечанай магістаркай падкрэслена афіцыйна. А вочы ў яго часам былі… зусім хворыя.
Каб яна ведала, што ён абыякавы да яе, што імгненні ў фатэлі з дубовай спінкай — так, выпадак нападпітку… Але струна між двума сэрцамі не рвалася. Нацягвалася, трымцела, вярэдзіла…
Тады яна і паспрабавала завязаць адносіны з аспірантам Паўлам Капанавым. Той рыхтаваў кандыдацкую па гісторыі архіўнай справы Беларусь Меў некалькі някепскіх публікацый. Пісаў дэпрэсіўныя вершы, нават гурт з сябрукамі стварыў пад назваю «Інтрэпед», дзе ўласныя тэксты спяваў пад гранж. На старонцы ў «Фэйсбуку» шырокія ўсмешкі Паўла множыліся, як у калейдаскопе: Капанаў на сцэне, Капанаў ля Нясвіжскага палаца, Капанаў у Кракаве, Капанаў у моднай кавярні з кактэйлем…
Павал таксама кансультаваўся з Мсціславам Раманавічам, казалі, нават пару тэм яму Роўба саступіў і з даследаваннямі дапамог. Дацэнту абы як мага болей было раскрыта таямніц, няважна, пад чыім прозвішчам.
Вось аднойчы ў кавярні ў шумлівай кампаніі — два музыкі з гурта «Інтрэпед» па мянушцы Болек і Лёлек з сяброўкамі-філалагінямі і Пелагея з Паўлам — зноў зайшла гаворка пра Роўбу... “Баягуз ён,— смяяўся Капанаў. — Дрышч занудны і па жыцці, і ў навуцы». Рука Паўла ўладна ляжала на аголеным плячы Пелагеі, гарачая і трохі потная.
«…Роўба то, Роўба сё… Ну былі нейкія працы вартыя, але раней, пакуль малады быў. А цяпер кар’еру зрабіў і прысеў у канаву. Не бяздарны ж даследчык… А дзе апошнім часам хоць якая смелая публікацыя? Толькі трындзіць пра гістарычную праўду і любоў да Беларусі… Праўда ж, Полечка, нічога ў яго за душой няма?»
Ды ён жа зайздросціць! Адчайна, да нянавісці — зайздросціць Мсціславу Роўбу. Калі быць дакладным, дык ідзе па ягоных слядах, як свіння ў пошуку труфеляў. Пераймае, спрабуе паўтарыць… Толькі таленту і смеласці не хапае.
I Пелагея горача кінулася абараняць гонар навуковага кіраўніка. Маўляў, вы нічога не ведаеце, дацэнт такія сенсацыі рыхтуе! Вось цяпер, напрыклад, збірае матэрыялы пра лёс экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музея ў гады вайны. Там жа пазнікала столькі! Нешта паспелі эвакуіраваць, нешта тут схавалі. Мсціслаў Раманавіч лічыць — супрацоўнік музея Туторкаў частку прыхаванага немцам здаў.
— Ды ты што? Глеб Туторкаў, каторы акадэмік? Сапраўды сенсацыя! Раскажы падрабязней...
Але Пелагея нават у кактэйльным тумане сумелася.
— Прабач, але Мсціслаў Раманавіч яшчэ толькі піша сваю працу. Не хапае доказаў…
— Ды ладна!
Інтэр’ер кавярні быў аздоблены талерачкамі з выявамі розных гарадоў — турысты, спяшаючыся, купляюць на рэшту валюты за дзесяць хвілін перад пасадкай у аўтобус. Пелагея пазірала на талерачку з выявай Амстэрдама — канал, мост, дамкі, чаўны… Усё чамусь складалася ў выяву інфернальнага аблічча са з’едлівай усмешкай: