Выбрать главу

Чым мардавацца ў кабінеце,

Шукай уцех на гэтым свеце.

Вальней жыві і смела шпар

Без летуценняў розных там і мар.

Павал прынёс яшчэ адзін кактэйль «Піна калада» для Пелагеі і пры ўхвальных рэпліках сяброў зноў завёў, што нічога той Роўба не варты і працы ў яго ніякай вартай не выспявае, Пелагея ўсё выдумала… Сама тую працу чытала? Не? I ўвогуле дацэнт — мізантроп і жмінда, нікому не давярае.

Талерачка з Амстэрдамам падміргнула вокам-чоўнам, і магістарка сама не заўважыла, як пабілася аб заклад, што дакажа: сенсацыйная праца існуе, і дацэнт не жмінда, і людзям… у прыватнасці, сваёй магістарцы, давярае.

А Пелагеі і самой сабе карцела пацвердзіць, што давярае.

Яна проста папрасіла Мсціслава Раманавіча. I ён не адмовіў.

Цяпер яна разумела, што, каб яна нырку папрасіла, сам у сябе выразаў бы і аддаў — каханне і правіна дужа пякучы кактэйль.

Натуральна, Роўба нагадаў, што праца не скончаная, не для публікі пакуль. Пелагея запэўніла — толькі паглядзіць…

Павал прынёс шакаладны торт — на які яны, уласна кажучы, і паспрачаліся. Калі ён паспеў спампаваць файл з Пелагеінага ноўта — Локі яго ведае, а таксама Гермес, які скраў не тое што файл, а цэлую чалавекакарову з-пад нагляду тысячавокага Аргуса.

Яны выпілі пад шакаладны торт бутэльку шампанскага, рагаталі… Як добра было адчуваць,што вось яны — простыя, ясныя, трывалыя адносіны, хлопец гожы, шчыра кахае, пра сумесную будучыню загаворвае… I можна дазволіць усё, бо гэта ж фактычна з жаніхом. Можа, дазваляла якраз таму, што — не скаланала нішто, не хвалявала, як скаланаў нават лёгкі, як ветрык, дотык кагось іншага… Пелагея адганяла ўспаміны пра іншыя, сухія і гарачыя, вусны і цёмна-зялёныя вочы… Адганяла, як атрутную машкату, а яны, як машката, усё даставалі да жывога і назалялі.

Павал нават не папярэдзіў, што з’язджае.

Пра тое, што ён атабарыўся за мяжой і пачынае ўласны інтэрнэт-партал, Пелагея даведалася з сеціва.

Гэта было… крыўдна. Балюча.

Вядома, яе стаўленне да Капанава было не зусім сумленным — сродак давесці аднаму жанатаму ханжу, а таксама самой сабе, што патрэбная камусь, што вось — і яе можна шчыра кахаць.

Але больш балюча стала, калі на Паўлавым партале быў апублікаваны артыкул кандыдата філалагічных навук, вядомага навукоўца і пісьменніка Мсціслава Роўбы пра тое, як вядомы дзеяч культуры Глеб Туторкаў быў плагіятарам, а яшчэ ў час вайны выкрыў акупантам схованку каштоўных экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музея.

Гэта Павал разлічыў дакладна — партал раскруціўся вокамгненна, лянівы не адгукнуўся на сенсацыю. Тут жа на аўтара артыкула абрынуліся абвінавачванні ў падтасоўванні фактаў, у недастатковай доказнай базе — карацей, паклёп, падсудная справа.

Публічная заява спадара Мсціслава Роўбы, што артыкул надрукаваны без ягонае згоды, што гэта толькі чарнавік, гіпотэза, — дапамагла не асабліва. Каша збегла з-пад накрыўкі гаршка, і гарэлы пах было не выветрыць.

Сінопсіс падзеяў Пелагеі пасля распавёў Толік з кафедры. Дацэнта выклікалі куды трэба. Ён пацвердзіў, што артыкул, дакладней, напрацоўкі да артыкула, да публікацыі не прапаноўваў, іх нейкім чынам — ён не ведае якім — скралі. Яму сказалі: «Верым, спачуваем. Таму неадкладна трэба абнародаваць вашу заяву, што ўсё, аб чым гаворыцца ў артыкуле, няпраўда і акадэмік Глеб Туторкаў — найсумленнейшы чалавек, руплівец і амаль анёл нябесны».

I тут дацэнт упёрся.

Так, ён не даваў згоды на публікацыю, так, доказаў пакуль бракуе, але спадар Туторкаў ні разу не анёл, і калі працягнуць росшукі і аднавіць гістарычную праўду… Ёсць ужо дастаткова зачэпак...

«Ну які чорт панёс мяне на гэтую галеру?» — паўтараў герой п’есы Мальера… Ну хто дацэнта за язык цягнуў?.. Зразумела, у акадэміка Туторкава не магло не быць уплывовых нашчадкаў і пераемнікаў і ў наш час. А ці няма ў спадара Роўбы асабістай непрыязнасці да шаноўнага прафесара Туторкава? Бо ў сумніўнай працы гаворыцца, што Туторкаў яшчэ да вайны прыўлашчыў манаграфію па гісторыі беларускага мастацтва нейкага Анатоля Роўбы. А той Анатоль Роўба ёсць прадзедам дацэнта Мсціслава Роўбы. Дык вы банальна помсціце шаноўнаму чалавеку, абапіраючыся на сямейныя легенды, спадар дацэнт? Вашага прадзеда, між іншым, асудзілі за крадзеж музейных экспанатаў. Так, быў час рэпрэсій, перагібы… Але дзе даведка аб рэабілітацыі Анатоля Роўбы? Няма? Дык хто сапраўдны злодзей, га?

Хмары згушчаліся, начальства раз’юшвалася, рыпелі сківіцы і самапіскі на дакладных. Кандыдату філалагічных навук Мсціславу Роўбу паведамілі, што яго камандзіроўкі на дзве міжнародныя канферэнцыі адмененыя, як і выданне манаграфіі.