Выбрать главу

А тут яшчэ ўлезла магістарка Пелагея. Справядлівасць жа фарэва! Напісала ў «Фэйсбуку», што Павал Капанаў нахабным чынам скраў артыкул навукоўца Мсціслава Роўбы. Яна сведка. Ганьба злодзею, ігнор злачыннаму парталу.

Адказ Капанава быў вывераны, як разварот армады адмірала Нельсана. Павал пабедаваў, што навукоўцы цяпер такія баязлівыя пайшлі, адмаўляюцца ад уласных смелых прац… Але што ж, ён разумее іх становішча — Пастарнак жа адмовіўся ад Нобелеўскай прэміі. Ну і трэба паблажліва ставіцца да слабасцяў таленавітых людзей — у Пастарнака таксама былі каханкі, вунь Вольга Івінская з-за яго ў турму пайшла. I маладая навукоўка, былая студэнтка спадара Роўбы, з якой у яго ве-ельмі цесныя — ну вы разумееце — адносіны, таксама гатовая на бой за дарагога чалавека.

Цяпер у начальства з’явіўся не проста козыр, а казырны туз: амаральныя паводзіны выкладчыка. Пелагея не хоча ўспамінаць, што тады перажыла…

Але, на дзіва, на кафедры яе пакінулі. Дазволілі выкладаць, працаваць над кандыдацкай. Толькі іншага навуковага кіраўніка далі. Таму што дацэнт Роўба звольніўся.

Пасля той жа Толік патлумачыў — гэта была ўмова: Мсціслаў Раманавіч ціхенька сыходзіць, праца пра акадэміка Туторкава больш нідзе не ўсплывае, а магістарку Пелагею Вакар ніхто не чапае.

Зразумела, чапалі. Языкамі, паглядамі. У «Фэйсбук» яна ўвогуле не зазірала. Столькі з’явілася абаронцаў у таленавітага і мужнага Паўла Капанава, які змагаецца за гістарычную праўду, — а тут афіцыёзная паненка, якая шлях у навуку пракладае праз ложак…

Праўда, як ні дзіўна, музыкі з былога «Інтрэпед» Пелагею падтрымалі — відаць, былы хедлайнер і іх скрыўдзіў…

Але яна памятала словы Мсціслава Раманавіча — усё-ткі насмелілася на размову:

— Проста паабяцайце мне: будзеце працягваць працу. Іначай усё дарэмна.

На няёмкія апраўданні махнуў рукой:

— У гэтай гісторыі толькі адзін сапраўдны мярзотнік — гэта я.

I сышоў — тады ён амаль перастаў пакульгваць…

А праз нейкі час яго знайшоў Пелагеін айчым.

Тады срэбны ланцужок амаль парваўся. I шкляніца з атрутай, падвешаная на тым ланцужку, ледзь не разбілася.

Магістарка дасюль не можа забыцца на жах, які апанаваў ёю, калі Пётр Пятровіч на кухні пад піва распавядаў пра свой подзвіг. Як пакараў гвалтаўніка — той нават не адбіваўся, здыхлік. Адразу відаць, у арміі не служыў. Такіх выкладчыкаў кастрыраваць трэба. Палінцы варта было адразу паскардзіцца, як толькі падлюка рукі пачаў распускаць. А то праз дзясятыя вушы дайшло…

Маці замілавана паглядала на «рыцара» — нарэшце субтыльная бібліятэкарка з мройнымі вачыма натрапіла на сапраўднага мужыка. I негаспадарчасць начытанай жоначцы даруе — сам катлеты насмажыць, сам агуркі замарынуе, ды яшчэ і абараняе падчарыцу як родную.

У міліцыю пабіты гвалтаўнік не звяртаўся. Да дактароў давялося. Няшчасны выпадак, зваліўся з лесвіцы. Скабы зрасліся, сківіца зраслася, нос падлаталі. Кепска, праўда, што Пятровіч зноў яму тую ж нагу перабіў, трапіўшы цяжкім чаравікам туды, дзе і так слаба зажывала…

Пелагея не хацела памятаць і тое, як на пару імгненняў пабачыла Мсціслава Раманавіча ў бальніцы хуткай дапамогі — прыадчыніла дзверы палаты… і адразу зачыніла. Ля ложка дацэнта стаяла ягоная жонка. Выпрастаўшы спіну, скрыжаваўшы рукі на грудзях. Нейкая не надта спачувальная постаць… Добра, госцю не заўважыла…

Больш Пелагея Мсціслава Раманавіча не бачыла.

Ужо засяліўшыся на новую кватэру, даведалася, што Маргарыта Іванаўна Роўба ад мужа сышла і падала на развод.

Яшчэ праз месяц Пелагея падслухала ўрывак размовы ў каледжы — гаварылі цётачкі з бухгалтэрыі. Знік былы дацэнт. Яму трэба яшчэ нейкія паперы падпісаць, а ён на званкі не адказвае. На электронную пошту слалі лісты, на «Вайбер», эсэмэскі — маўчыць. Мо з’ехаў? Але ж, кажуць, хворы зусім… Напалі, збілі… Усё да кучы. Вось не пашанцавала чалавеку. Гэтая дзеўка, пэўна ж, сама вінаватая, шылахвостка, задам худым перад ім круціла, круціла… Роўба ж прыстойны мужчына, строгі… А яе бачылі? Разрэз на спадніцы да пупа.

Размова перайшла на яе персону, але Пелагеі гэта было ўжо нецікава… Свядомасць выхапіла важнае: знік!

Вось тады яна і пабегла ў знаёмы пад‘езд да брунатных дзвярэй. I на настойлівыя званкі і закліканні вызірнула бабулька з суседняй кватэры…

Колькі ж давялося сюды дарэмна цягацца!

Пелагея сустрэлася з насцярожаным позіркам цёмна-зялёных вачэй.

— Я не звар’яцеў, не бойцеся. Я разбяруся. Не трэба мяне шкадаваць. Ідзіце спаць.

полную версию книги