Выбрать главу

— Што тут адбываецца?

За новым дырэктарам каледжа — ружовы твар круглы, плечы квадратныя — сунулася ягоная намесніца, цётка з выбеленым начосам, злавеснай усмешачкай і разяўленым, быццам рот даносчыка, журналам.

— Гэта што такое?

Палец дырэктара абурана тыцкаў у экран, на якім курчыліся ў полымі кнігі і іх уладальніца.

Герой Брэдберы, ратуючыся ад прыгнятальнай мітусні, паўтараў радок з Евангелля: «Паглядзі на лілеі, лілеі палявыя, што не ткуць, не прадуць…» Пелагея ў складаных выпадках паўтарала з Эклезіяста, што яшчэ не парваўся срэбны ланцужок, і не разарвалася залатая павязка, і не разбіўся збан ля крыніцы…

Але расколіны ўжо абазначыліся.

Дырэктар бег між радамі, зазіраючы студэнтам цераз плячо: яго відавочна абурыла, што кітайцы дружна ўткнуліся ў смартфоны. А на экранах іхніх гаджэтаў, між іншым, ішоў пераклад напружанай размовы ў аўдыторыі.

Светла-блакітны каўнер дырэктаравай кашулі змакрэў на карку, нібыта за яго ўхапіліся нечыя мокрыя пальцы.

Іерогліфы на экранах студэнцкіх смартфонаў начальніку не даліся, і ўвага зноў скіравалася на Пелагею:

— А да вас у мяне пытанне! У чым сэнс гэтага прагляду?

На экране застыла карцінка з полымем, попелам і ганарыстым паглядам недагарэлай гераіні.

«I заквітнее мігдал, і пацяжэе конік, і рассыплецца каперс…»

— Гэта Б-брэдб-беры…Экранізацыя. Мы вывучаем антыўтопію…

«Брэдберы, Шмедберы…»

У Сент-Экзюперы, таго, што прыдумаў Маленькага прынца і разбіўся на самалёце над морам, ёсць цікавы вобраз: калодзеж быў настолькі глыбокі, што ў ім люстравалася толькі адна зорка.

У свядомасці дырэктара люстраваўся толькі адзін навучальны прадмет, яго ўлюбёны, і гэта была не гісторыя сусветнай літаратуры.

На развітанне цётка з начосам нешта з энтузіязмам запісала ў свой журнал.

Пелагея ненавідзела сваю ўласцівасць губляцца перад хамамі рознага рангу. Ну вось чаго рукі ў цябе дрыжаць, няўдаха, «праверка» ж сышла…

«I замыкацца будуць дзверы на вуліцу, калі змоўкне гук жорнаў, і будзе ўставаць чалавек па крыку пеўня, і змоўкнуць дочкі спеваў…»

Вядома, першае, што карцела, — напісаць заяву на звальненне.

Вядома, другое, што згадалася: цераз якія мітрэнгі трапіла на кафедру… I што дарэмныя акажуцца ўсе ахвяры… I ўласныя, і, што асабліва крыўдна, чужыя… I новы цэбар гразі выльецца, запеніцца, забурболіць…

Таму Пелагея неяк скончыла лекцыю, ледзь не забылася флэшку ў казённым ноўце разам з крамольным фільмам, здала ключы на вахту і… Ага, воля, фітнес, кавярня, фатэль, басейн, спатканне… Ну чым там яшчэ нармальныя людзі займаюцца пасля працы?

Пелагея пасля працы займалася працай. Перакладала, рэдагавала, вярстала… Здымная аднапакаёўка сама сябе не аплаціць. Выкладання хапіла б толькі на харчовы паёк (макароны, сасіскі, бананы) плюс аплату мабілы, сеціва і праязнога. Маці пагардліва падціскала вусны: «Кадраў цяпер не хапае, вось такую недарэку малалетнюю і пусцілі выкладаць».

Дарэчы, пра харчовы паёк…

Травень дзве тысячы васямнаццатага года ад нараджэння Хрыстова бадзёра выпараў алергены праз падступна прыгожую бэзава-язмінную квецень. Не забыцца яшчэ антыгістамінных прэпаратаў сабе купіць, а то будзеш хадзіць з пачырванелымі вачыма і распухлым носам… Магістарка паспешліва перабегла дарогу на апошні зялёны змірг святлафора і кінулася ў шкляную пашчу крамы, быццам у пашчу цмока з камп’ютарнай гульні «Скайрым», якую асвойвала для разгрузкі мозгу.

Праз паўгадзіны яна ў чарговы раз стукалася ў абабітыя парэпаным брунатным дэрмацінам дзверы знаёмай да болю ў сэрцы кватэры. Званіць бескарысна. Праверана.

— Мсціслаў Раманавіч, гэта ўжо не драматы-чна, а смешна!

Уквэцаныя сцены «хрушчоўскага» пад’езда нагадвалі Пелагеі салату, забытую пасля святаў на пару тыдняў на падаконні.

Для прыліку націснула на чорную кнопку званка яшчэ раз. Апошні абол для знямелай Піфіі. А чорна-залаты лак на сярэднім пазногці напалову абадраўся, фу…

— Добра, я пакіну прадукты пад дзвярыма. Пасля забераце.

«I Піфія маўчыць, і Грацыі здымаюць гірлянды свежыя ад хатніх алтароў, сумуюць, сумныя, і службу пакідаюць…»

Учора Толік з кафедры, спадар з млявым позіркам юнакоў Караваджа і срэбнай пячаткайі на мезенцы, распавёў Пелагеі за кубачкам кавы ў перапынку паміж лекцыямі пра свой віртуальныі раман з румынскай філалагіняй. Такая ўжо еднасць душаў у перапісцы… Ах, топас-мелас, ах, метамадэрнізм… Пасылалі адно аднаму ў папяровыхі канвертах пялёсткі язміну і кветкі бэзу… Вырашылі развіртуаліцца. Прыляцела румынка… Сустрэў яе Толік у мінскім аэрапорце з букецікам настурцый. Замежная філалагіня ўсміхнулася… I Толік пабачыў буйныя жоўтыя зубы.