Якія там вочы, нос, пастава ў віртуальнай пасіі — яго ўжо не цікавіла. Як і ейныя мудраванні пра топас-мелас, і тым болей метамадэрнізм.
Буйныя конскія зубы сталіся той мастацкайЯ дэталлю, якая зруйнавала ўвесь рамантычнья сюжэт.
Румынка зляцела дахаты ў слязах і неразуменні. Толік з палёгкай пагадзіўся на далейшае халасцяцкае існаванне пад матуліным крылом.
I Пелагея, адхіхікаўшы, прызналася сабе, што Толіка цалкам разумее… Бо ў адносінах усё вызначаюць дэталі. Мо вынік імпрытынгу, якогась дзіцячага ўражання… Але вось нейкая нязначная, здавалася б, рыса чалавека — форма вуснаў, улюбёнае слоўца, манера трымаць ручку, колер пазногцяў — раптам выклікае невымоўную агіду альбо салодкае трымценне…
Пелагея памятала першае ўражанне ад Мсціслава Раманавіча Роўбы. Нібыта нябачны срэбны ланцуг на шыі сцягнуўся, перахапіў горла — не ўздыхнуць… А намеснік дырэктара па навуковай працы, высокі, худы, як вясновы грак, інтэлігенцік з бародкай і вусамі, проста пакрывіў фанабэрыстыя вусны… Так, куточак рота прыўзняў… Ну, гэта, мабыць, прывітанне такое ў яго магістаркам-пачаткоўкам. Маўляў, собіць жа яшчэ нейкім наіўным дурындам у безграшовым філалагічным лімбе круціцца…
Цвёрды абрыс вузкіх вуснаў, рэзкія зморшчыны ў куточках… Такія вусны лягчэй уявіць не ўсмешлівымі, а такімі, якія ўпарта сціскаюцца, абы не даць вырвацца крыку болю… Ці, магчыма, слову пяшчоты.
Як даўно яна не бачыла гэтых вуснаў… Не краналася іх… Можа, больш ніколі і не кранецца.
Дзесьці чытала, што віна — гэта калі ты ненавідзіш не свой грэх, а сябе самога.
Яна стамілася сябе ненавідзець.
Урэшце, яна не прасіла, каб яе баранілі. Вялікая дзяўчынка. Можа, як кажуць ангельцы, спаць на тым ложку, які сама сабе засцяліла. А ён проста дурань. Боўдзіла. Даўбень. Уваб’е што ў галаву, дык калацінай не выб’еш. I чаму ў яе ўнутры жыве, не гасне гэты вадкі агонь… Каханне — прэнг, дыба, як спяваецца ў адной бардаўскай песні, а не гэтыя вось вашы ружовыя смаркачы.
Брунатныя дзверы маўчалі. Затое суседнія паціху прыадчыніліся. Ангеліна Пятроўна, старэнькая суседка, галава-абдуванчык, высунула востры нос.
— А вось вы і зноў, Полечка… Як вы любіце свайго дзядзьку, не ў кожнага цярпення хапіла б…
Ангеліна Пятроўна шаптала па-шпегаўску, выцягнуўшы ўверх тонкую, абвялую, як сцябло, шыю. А, вы ж яшчэ не ведаеце, што Пелагея сама добрая доўбня, дакладней, штыкеціна — метр семдзесят восем. Ідэальны рост мадэлі. Але як на подыум не пайшла, дык будзеш у побыце штыкецінай. Пасля школы ледзь адвучыла сябе хадзіць, угнуўшыся крукам.
— Па кватэры тупае… Музыку быў уключаў… Аркестр.
«Шастаковіча, мусіць, слухаў», адзначыла Пелагея мімаходзь.
Значыць, зусім пагана. Шастаковіч — гэта дэпрэсія. Калі б палепшала, «Металіку» б уключыў. Ці кельцкі фолк.
— А ноччу выходзіў…
Бабулька нават падміргнула па-змоўніцку.
— Смецце выносіў. А я і думаю — замкнуўся няшчасненькі, замураваўся, а з кватэры не смярдзіць! У суседнім пад’ездзе адзін стары таксама звар’яцеў, у хату нікога не пускаў і сам носа не паказваў, дык смурод нават на вуліцы чуваць быў. А гэты, дзядзька ваш, акуратны. Я разгледзела — схуднеў на аплатку, аж выпетраў, але апрануты чыста. Амаль не кульгае ўжо, і нос зажыў. А то, памятаю, узімку пабачыла, як ён на мыліцах у кватэру заходзіў, а вачэй не відно, запухлі, і аблічча чорнае, спухлае, пералякалася. Барані бог, галавой пашкодзіўся пасля такіх пабояў. I хто гэтак яго, няўжо не знайшлі зладзюгаў?
Пелагея стрымала непатрэбны ўздых і непатрэбныя слёзы, бо нічога не вартая такая валюта па дарозе на Вавілон.
— Не знайшлі. Нікога не знайшлі. Дзякую, Ангеліна Пятроўна. Тэлефануйце, як што здарыцца… Пакет з прадуктамі, як заўсёды, тут пастаўлю, пад дзвярыма. Вы пасля яму пастукайце, каб забраў.
— Добра, добра, дзетанька. А калі зноў не забярэ?
— Тады самі спажывайце.
Дзесяць рублёў змусілі бабульку яшчэ раз падміргнуць… Аж бляклыя вочы заблішчэлі. У самотнай кабеты сэнс жыцця, можна сказаць, з’явіўся — прыглядаць за вар’ятам-суседам. Вунь аж ноччу ля дзвярнога вочка дзяжурыць.
Травень сустракаў ля пад’езда зялёна-юлёвымі абдоймамі. Абвесткі на дошцы ля дзвярэй абяцалі амаль задарма нацягнутыя столі (лямпы ў падарунак), перацяжку старой мэблі, маскітныя сеткі на вокны і шалёўку балконаў… Дамы старыя, людзі жывуць небагатыя, таму і паслугі не люксавага ўзроўню.
Калі ў Пелагеі з’явіцца ўласная кватэра, таксама нацягне і абшые. Мо нават да пенсіі ўдасца. Хаця — ці варта наракаць? Лісіцы маюць норы, птушкі нябёсныя маюць гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць…