Частка абвестак была абадраная і матлялася, як сцягі пераможанага войска.
Худы кацяра ў бела-чорна-рудыя плямы шуснуў ледзь не па нагах і схаваўся ў збітым з фанеры дамку, падобным да вялізнай шпакоўні, пасярэдзіне клумбы з худымі, як той кацяра, нарцысамі. У місе ля дамка сохла недаедзеная катлета.
Пелагея перасмыкнула плячыма, адганяючы непатрэбныя аналогіі з каціным лёсам… Прафесійная дэфармацыя: калі маеш дачыненне да літаратуры, паўсюль будзеш бачыць алюзіі, асацыяцыі і цытаты.
— Пелагея Вакар, а ты тут як апынулася?
Ну вось яшчэ не хапала… Магістарка расцягнула вусны ва ўсмешцы, якой не паверыў бы і наіўны плюшавы монстр Чабурашка, і павярнулася да супрацоўніцы са свайго каледжа. Той самай, што заняла пасаду Мсціслава Раманавіча.
— Ды так, выпадкова, справы ў мяне тут.
Фіялетавыя цені на набрынялых павеках, вузкая шырокая шчыліна рота, круглы твар ззяе, як плявок на сонцы: якая плётка наспявае!
— Ці не да былога дацэнта нашага хадзіла? Мо кампенсацыю якую ад паскудніка хочаш?
Рукі кабеты адцягвалі торбы з крамы «Суседзі», набітыя сасіскамі, бананамі, батонамі… Фарбаваныя таксама юлёвым вусны выцягнуліся трубачкай, як у вампіркі, — усмактаць да канца чужыя пачуцці…
Не парваўся срэбны ланцужок, не парваўся… Рыпяць жорны, трымае збан ваду… I ты трымай спакой на твары, дзяўчына, падступная русакосая Даліла. Твой Самсон надзейна прывязаны да каменных калонаў, і ў каротка абрэзаных ягоных валасах не растаюць сняжынкі.
— Ну што вы, Святлана Іванаўна, прыдумляеце. Што было, тое сплыло, з памяці трэба выкрасліць і жыць далей.
Пелагея дакладна паўтарала банальшчыну, што ёй год таму талдычылі спачувальныя мудрыя людцы з таго ж каледжа.
Святлана Іванаўна паківала светлым начосам — вартае жалю воблачка, змацаванае лакам, прамовіла нешта ўхвальна-шкадобнае…
Пелагея доўга адчувала паміж лапатак увагнанае вастрыё позірку. Ну ўсё, загудзе, зашабуршыць чутка, падрабязнасцямі абрасце…
Чаму ёй усё яшчэ не пляваць?
Неяк на іспытах студэнтка, выцягнуўшы білет пра літаратуру постмадэрнізму, заявіла, што вывучае той постмадэрнізм як філасофію… А літаратура — гэта лішняе, літаратуру сённяшняя моладзь не чытае.
Пелагея тады адказала: «Літаратура — палігон для філасофіі, асяродак, дзе яна жыве і правяраецца… Кожны філосаф, стварыўшы стройную тэорыю, марыць пра што? Ды ўвасобіць яе ў жыццё! Грамадства ашчаслівіць! Заканчваецца, як правіла, жахамі і ахвярамі. Бог яго ведае, чаму самыя прыўкрасныя і справядлівыя філасофскія тэорыі засейваюць касцямі цэлыя палі.
А літаратура дае магчымасць, перш чым рэальных людцаў ашчаслівіць, стварыць віртуальную мадэль такога ажыццяўлення… Ды яшчэ прапаноўвае розныя варыянты. 3 паказам вынікаў і наступстваў. Раскольнікаў жа забіў сякерай старую ліхвярку таксама, каб праверыць разумныя высновы па перабудове грамадства».
Пелагея параіла студэнтцы пад кожную філасофскую тэорыю падабраць літаратурныя творы… Параўнаць, паглядзець…
А вось якую філасофскую тэорыю можна падабраць пад тое, што здарылася з самой Пелагеяй Вакар і ейным навуковым кіраўніком, Мсціславам Раманавічам Роўбам? Экзістэнцыялізм, фатум, адзінота? Пекла, якое ствараюць людзі адно аднаму суіснаваннем? Вось ты ведаеш — не будзе ўдзячнасці… Не будзе перамогі… Але працягваеш рабіць тое, што павінен.
Нават калі чуеш, як шчоўкаюць над тваёй галавой нажніцы, абстрыгаючы пасмы сілы і надзеі…
Аднапакаёўка на першым паверсе насцярожана адгарадзілася ад вуліцы белымі жалюзі. Першы набытак Пелагеі ў здымную кватэру. Шалік колеру хворага сонца павіс у вітальні. Улезці ў кігурумі ў выглядзе аранжавага янота… А цяпер — за пераклады… I не, не мастацкія. Стос тэхнічна-юрыдычнай дакументацыі, вельмі камусь патрэбны. Таму аплачваецца. А Пелагея не можа сабе дазволіць закапыліць нос і чакаць вартай яе творчай працы. Ёй патрэбна асобнае жытло. Бо вярнуцца да маці і айчыма… Нізавошта. Лепей адразу ў Стыгійскія балоты, у пятае кола Дантава пекла, дзе ганарліўцы ды ненавіснікі ў вечнай бясплённай бойцы. Праўда, тым, хто змірыўся і ўнурыўся ва ўласную нуду, у пятым коле яшчэ горш: гняўліўцы тупочуць па балоце па іх галовах.
Пелагея, не чытаючы, выдаліла электронны ліст ад маці.
Яны так і не зразумелі, чаму Пелагея не праявіла ўдзячнасці, а, наадварот, заістэрыла, калі айчым заступіўся за ейны дзявочы гонар. Ад шчырасці душы ж чалавек учыніў… Ну і ад паўлітра гарэлкі і сумленнага вайсковага мінулага.