Выбрать главу

Пелагея тут жа пастаралася выкінуць з галавы ўсе думкі пра Тыя Падзеі… Яна так і назвала іх — Тыя Падзеі. Toe, што нельга называць, як Волан-дэ-Морта.

…Хлеб ужо намазаны штучнай ікрой з водарасцяў, і штучная зорка люструецца ў кожнай штучнай ікрынцы. У кубку з рэпрадукцыяй карціны Эдварда Мунка «Крык» амаль экспрэсіяністычная какава з айсбергам узбітых вяршкоў, на маніторы мітусяцца літары Вавілонскай латарэі… Пагналі.

«Словно ветер в степи, словно в речке вода, день прошел и назад не придёт никогда, не придёт ни когда…»

Саўндтрэк да фільма расейскага рэжысёрава Балабанава «Качагар» (у расейскай глыбінцы качагар-якут спальвае на замову трупы забітых пад тлумачэнне заказчыкаў «Гэта быў кепскі чалавек, ой які кепскі») Пелагея выбрала ў якасці званка для смартфона адмыслова.

Саўндтрэк загаласіў а палове першай ночы. Дарэчы, у фінале качагару давялося спаліць родную дачку. «Кепская дзяўчына была, ой якая кепская», — патлумачылі бацьку. Які, зразумела, спаліў пасля і ўсіх заказчыкаў.

— Ой, кепскае нешта робіцца ў вашага дзядзькі, — галасіла Ангеліна Пятроўна.

Сон сцёк з Пелагеі, як атласная накідка з аголеных плеч.

— Што, што здарылася?

— Грукатала нешта, крычаў ён… Цяпер маўчыць. Мо ўсё-ткі міліцыю? Ці хуткую?

— Не трэба, не трэба… Я зараз на таксі прыеду…

Толькі не парвіся, срэбны ланцужок…

СТАДЫЯ ДРУГАЯ. КААГУЛЯЦЫЯ. ЗАЦВЯРДЗЕННЕ ВАДКІХ РЭЧЫВАЎ

На краі пагнутага срэбнага кубка была вышчарбіна. Быццам нехта ўкусіў.

Паколькі кубак відавочна ўжываўся для прычасця, Антэку адразу з'явілася: апантаны злым духам, якога гвалтам прывялі ў храм, спадзеючыся на ацаленне Святымі Дарамі, вырываецца, вылузваецца з людскіх рук і сціскае зубы… дакладней, іклы, на паднесеным да вуснаў сакральным сасудзе…

Хворае ўяўяенне маеце, навуковы намеснік дырэктара музея таварыш Анатоль Роўба. Варта прыгледзецца — і з’ясуецца: гэта след ад удару. Хутчэй за ўсё, шастапёрам. Зброя, падобная да булавы, з шасцю «пёрамі» на навершы, распаўсюджаная ў васямнаццатым стагоддзі ў Рэчы Паспалітай. Магчыма, зацяты каталік выказаў варожасць да схізматычнай атрыбутыкі. Магчыма, наадварот, зацяты праваслаўны змагаўся з папісцкімі рэчамі… Бо такім кубкам маглі карыстацца ў любой хрысціянскай канфесіі. Чатырнаццатае стагоддзе, каржакаватая форма, грубаватыя вінаградныя гронкі і роўнаканцовы крыж.

Кубак давядзецца аддаваць…

Таварыш Роўба, стрымаўшы непатрэбны ўздых, паставіў рарытэт да экспанатаў, прызначаных для адпраўкі ў Ленінград, ва ўсесаюзнае аб’яднанне па экспарце «Антыкварыят», куды паступалі каштоўнасці з усіх канцоў маладой савецкай краіны,— дзеля валютных аперацый. Дзяржаве патрэбна абсталяванне для заводаў і фабрык, дапамагаць галадаючым грамадзянам… Вось і ёсць загад пазбіраць непатрэбнае буржуйскае ды рэлігійнае барахло. 3 іхняга музея вунь ужо колькі адабрана. Мітры, падсвечнікі, ханукіі, футаралы для Торы, аклады абразоў… I самі абразы — з увагі, што замежныя рэакцыйныя калекцыянеры ахвотна іх скупляюць. Вунь шэраг іх састаўлены ля сцяны — аскетычныя цьмяныя абліччы, вялізныя вочы як вокны ў іншае вымярэнне… Добра, што acaбліва старажытных, мясцовай работы няма, пра што пэўныя асобы паклапаціліся.

Прынамсі, абразы дзесьці захаваюцца.

Найболей шкада дзвюх гравюр Дзюрэра і вось гэтага кубка…

Антэк кідае пагляд на калегу, прысланага з Дзяржгандлю. Пастрыжаны нагала дзядзька з чорнымі вусамі-шчоткай, у спецыяльнай круглай шапачцы і доўгім халаце з завязкамі на спіне (Антэк апрануты гэтак жа) лічыць усё на кошт металу і камянёў i на вагу… Даводзіцца біцца ледзь не за кожны прадмет, даказваючы, што ён мае гістарычную каштоўнасць і патрэбны пралетарыяту БССР менавіта як музейны экспанат, а не як срэбны ці залаты лом на экспарт…

Як быццам яшчэ дарэвалюцыйныя футурысты не абвесцілі, што музеі — гэта звалкі і могільнікі і мусяць быць знішчаныя.

Таварыш Роўба папраўляе пенснэ ў тонкай аправе і ўспамінае таемны схрон у сутарэннях, за шчытамі з мінулагодняга прадстаўлення моладзевага вулічнага тэатра да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Чорна-чырвоныя пісягі на брудным белым фоне шчытоў, развешаныя на сценах, складаліся ў пейзаж горада будучага, праўда, дужа схематычны: фабрычныя коміны, кубы і паралелепіпеды дамоў… Антэк з супрацоўнікамі ўчора зацягнуў у схованку тое-сёе з экспанатаў, пакуль на іх не паклалі вока таварышы з Дзяржгандлю. Ну чаму ён не занёс туды хаця б аднаго Дзюрэра! Гравюры маленькія, з вучнёўскі сшытак, можна было пад кашулю запхнуць…