Праўда, калі б злавілі ці хтось бы данёс… Глеб Туторкаў з аддзела савецкага мастацтва, смоўж з вырачанымі вачыма, поўзае і поўзае побач, вынюхвае… Небяспечна. Сафійка ж пакуль без працы, іхняму Карусю ўсяго годзік… Як яны без яго? На што ён спадзяецца, ціхушны, прыгорблены інтэлігент у пенснэ? Ён жа і месяца ў няволі не вытрымае, абвострацца сухоты…
Ды ні на што не спадзяецца… А проста — ганебна нічога не рабіць, калі рабуюць твой народ.
Антэк касавурыцца на лысага ацэншчыка: той круціць у руках бронзавы падсвечнік з эмалевымі ўстаўкамі. Барока, Фландрыя…
Лысы крывіцца і шпурляе падсвечнік у кучу ля дзвярэй: там тое, што, на ягоны погляд, не мае каштоўнасці. Фух, слава Бо… ну, камусьці наверсе. Згадваць Бога савецкі служачы сёння не павінен нават у думках, няхай родны дзед і быў святаром у Падняводскай царкве. Галоўнае, падсвечнік вернецца ў экспазіцыю. Прасачыць толькі, каб які старанны рабочы сапраўды не адправіў «непатрэбшчыну» на сметніцу.
Застаецца спадзявацца, што шпурлянне не пашкодзіла эмалевыя ўстаўкі.
Раптам адзін з гадзіннікаў, камінны, цяжкі, з пазалочанымі завіткамі і купідончыкамі, нізкім голасам бомкае…
Ужо чатыры. У гэты час у цэнтры Мінска мусілі загаварыць званы Петра-Паўлаўскага, Свята-Духава і каталіцкага Марыінскага… Але званіць на храмах забаранілі. Да таго ж ва ўсе цьмяныя часы са званоў атрымліваюцца ладныя гарматы…
Але калі прыслухацца… Услухацца добра... Звіняць званы.
Роўба зноў звяраецца з табелямі: той срэбны пацір чатырнаццатага стагоддзя рэквізаваны з царквы ягонага роднага мястэчка разам з іншымі каштоўнымі прадметамі культу ды паперамі з архіва. Ёсць і стос папер, перавязаны выцвілай юлёвай стужкай, на стужку наклеены змяты, як у сабачым горле быў, цэтлік «Роўбы». Дакументы пра іхніх сваякоў? Антэк развязвае стужку і раскладае здабытае. Складзены ў некалькі столак, выцвілы на згінах вялізны аркуш — нейкія каналы, валы, масты… Падобна да плана асушэння балотаў. Перапіска з кансісторыяй наконт шлюбу каталічкі і праваслаўнага — здаецца, дзед змагаўся за сямейнае шчасце. Яшчэ адна перапіска — нейкі Сімяон Роўба, звольнены ў запас шараговы Валынскага артылерыйскага батальёна, патрабаваў, каб у ягоным вайсковым білеце было пазначана, што ён не праваслаўны, а каталік. Бо калі мясцовы касцёл перадалі царкве, дык усіх парафіян запісалі праваслаўнымі, а ён паперы на тое не падпісваў. Дзіўна… Здаецца, Роўбы ўсе праваслаўныя былі — што за Сімяон такі?
Наверсе стоса ляжаў сшытак у чорнай абгарэлай вокладцы з залатой аздобай.
Пісана на лаціне, без назвы, без аўтара… Але падобна да нейкага трактата. Хутчэй за ўсё, другая палова васямнаццатага стагоддзя. Алхімічныя сімвалы на пажаўцелых, пакарабачаных старонках… Мода тады была паўсюдная — на алхімію. Філасофскі камень, трансмутацыя металаў, тайна вечнага жыцця... Шкада, што нейкі чалавек траціў час і талент — калі ён быў таленавіты — на такую містычную лухту, нікому сёння не цікавую. PoloteskFaust. Полацкі Фаўст? Рука здрыганулася. Няўжо той самы продак, пра якога ў сям’і ходзіць столькі чутак? I як алхімічны трактат апынуўся ў царкоўным архіве? Павінны былі выявіць д’ябальшчыну ды знішчыць… Хаця ў агні трактат пабываў.
Мусіць, уладальнік даражыў сваёй пісанінай, раз сшытак упрыгожаны золатам…
Антэк падносіць да вачэй чорную скураную вокладку, абгарэлую па краях, пасярэдзіне якой блішчыць залатая ўстаўка дзіўнай формы, падобная да кляксы. 3-за гэтай устаўкі трактат сюды і патрапіў.
Так, чыстае золата, з другога боку вокладкі таксама можна памацаць… Таўшчыня — міліметры тры… Што, аднак, за тэхналогія? Палец не адчувае швоў паміж скурай і металам.
Роўба цягнецца па лупу. Праз павелічальнае шкло відаць усе трэшчынкі, выёмінкі і выгіны…
Што за халера? Не бачна сутыччаў. Золата нібыта ўсмакталася ў чорную скуру, падобна атраманту, якім капнулі на паперу. Як гэтую залатую кляксу ўставілі ў кардон, абцягнуты скурай?
— Нешта цікавае, таварыш Анатоль?
Лысы ацэншчык пільна глядзіць на музейшчыка, якога даўно, відаць, падазрае ў сабатажы.
Антэк паціскае плячыма, намагаючыся схаваць навуковы азарт.
— Проста кніга з залатой інкрустацыяй.
— Пакажыце…
Кароткія, як абрэзаныя, пальцы лысага спецыяліста спрытна круцяць сшытак, мацаюць… Адрываюць вокладку, з сілай націскаюць на залатую пляму. Яна выціскаецца, але з папярова-скуранымі махрамі па краях. Ацэншчык акуратна абдзірае тыя махры, не выяўляючы ніякага здзіўлення, чыркае пляскатым няроўным кругляком па пласціне крамяністага сланцу, няспешна капае на лінію рэактыў… Нейкі час назірае… Потым кладзе здабычу на вагі.