— Сорак шэсць грамаў. Але проба вельмі высокая, такога чыстага золата яшчэ тут не сустракаў.
Выдраны з вокладкі алхімічнага трактата залаты кругляк кладзецца да іншых рэчаў, адабраных для адпраўкі ў Ленінград.
Што ж, рэчы вандруюць гэтак жа, як і людзі… Вось гэтымі днямі прыйшлі ў Мінск турыстыя Чэханоўскі і Датунашвілі, вандроўнікі, што па заданні Вышэйшага савета фізкультуры і газеты «Комсомольская правда» павінны абысці пешкі вакол свету. Быў трэці, ды памёр дарогай ад азіяцкай ліхаманкі. Пятнаццаць тысяч вёрстаў за два гады ўжо турыстыя пратупалі… А яшчэ гады тры хадзіць. Павінны заўтра лекцыю ў клубе Асаавіахіма чытаць.
Калі праца заканчваецца, Антэк падбірае з кучы «непатрэбшчыны» падраную чорную вокладку разам са сшыткам, спісаным нечым дробным, парывістым почыркам. Заадно стары аркуш з планам і ліставанне Роўбаў. Папраўдзе, найбольш цікавіць сшытак… Полацкі Фаўст — персона амаль казачная ў іх сям’і. Варта было б параіцца з Аўгенам… Той слынны археограф, а яшчэ быў вучнем Генрыха Татура, знакамітага мінскага калекцыянера ды археолага… I лаціну ведае куды лепей за Антэка. Магчыма, Аўген патлумачыць загадку залатой накладкі на сшытку і што гэта за сшытак такі…
На каштанах гайдаліся кветкі, якія Антэку заўсёды нагадвалі анёлкаў у белых спаднічках, што гарэзна падскокваюць на галінках і таненька-таненька смяюцца. А пад каштанамі ля сценаў музея гуртавалася моладзь з лозунгамі: камсамольскі мітынг пратэсту супраць выдачы таварыша Бэла Куна венгерскім катам. Расцяжка над праспектам вітала чырвонымі літарамі акруговае пасяджэнне МОПРа.
«Охраняйте зорко фронт — полость рта и зубы, покупайте “Калодонт” — с маркой АКО тубы». На рэкламе зубной пасты, прыклеенай да тумбы, шчэрылася кучаравая дзяўчына. А каля тумбы інвалід на дошцы з колцамі тузаўся з мурзатым беспрытульнікам за нейкую анучу… Здаецца, клятчастая кепка. Інваліду з жоўтым хворым тварам пашэнціла, што беспрытульнік быў дробны малалетка… Кепка дасталася бязногаму. Беспрытульнік, паваліўшыся спінай на асфальт, не расплакался, а пачаў так брыдка лаяцца, што вошы, мусіць, паздыхалі.
А побач, аддзеленыя мурам, ляжалі кучы золата і каштоўных камянёў… Хацелася б верыць, што ад іх продажу штосьці зменіцца для інваліда і беспрытульніка. А пакуль Антэк мог кінуць у падстаўленую бязногім змятую кепку толькі дзве капейкі.
Бо трэба яшчэ набыць цукру — Сафійка прасіла. Цукар алхіміяй не здабудзеш… Як і хлеб.
Але Сафійка бескарысна-містычным сшыткам таксама зацікавілася — хаця і змучаная, бо Карусёк толькі-толькі заснуў, зубкі рэжуцца, за шчасце, калі на гадзінку сунімае плач. А шумець нельга — у камуналцы жывуць, на Захар’еўскай. Вялікую залу шыкоўнай кватэры, якая колісь належала мінскаму банкіру, падзялілі фанернымі перагародкамі на чатыры часткі, таму суседзям усё чуваць. 3 аднаго боку — інспектар фінаддзела Тадзік Гадзель, былы матрос, кульгавы і вясёлы, з другога — выкладчык Белпедтэхнікума Абрамчык з жонкай, схільнай да мігрэняў, яшчэ адзін сусед — самы нядаўні падсяленец, мастак па прозвішчы, здаецца, Верабейчык, з катуха якога распаўзаецца смурод ацэтону, алейных фарбаў і перагару. Варта каму пасунуць крэсла альбо заперхаць, Абрамчыха верашчыць, што наскардзіцца ў жылкам за парушэнне правілаў пражывання ў камунальных кватэрах. Вось і гушкала Сафійка малого цэлы дзень то на руках, то ў калысцы…
— Залатая ўстаўка, кажаш? — задумалася Сафійка, абводзячы тонкім пальцам краі выдранай у вокладцы дзіркі. — Вядома, гэта сімвалічна — аўтар відавочна марыў навучыцца ператвараць усё ў золата… Мо ўчыніў па прынцыпе пракаветных забабонаў, памятаеш, у Фрэзера: магія падабенства. Пячорны паляўнічы малюе на сцяне быка і дзіды ў ягонай спіне з упэўненасцю, што гэта дапаможа забіць сапраўднага быка. Алхімік, які марыць здабыць у колбе золата, прымацоўвае залатую плямку на запісы доследаў.
Вось што значыць гімназічнае выхаванне, памножанае на ленінградскія вышэйшыя педагагічныя курсы! Шкада, не далі Сафійцы іх закончыць… Камісія, якая займалася чысткай «чырвоных студэнтаў», палічыла, што паходжанне з сям’і настаўніка рэальнай вучэльні — буржуазнае, а ў якасці медсястры Сафійка — «непрацоўны элемент».
Антэку пасля распавядалі, што Сафійцы проста не пашанцавала: у камісіі не было чырвонаармейцаў. Чырвонаармейцы, якія паваявалі і падчас Першай сусветнай, і ў рэвалюцыю, дакладна ведалі, што медсёстры — самыя што ні на ёсць пралетарыі, праца іх і цяжкая, і фізічная…
Злы той час, калі сваякоў трэба саромецца не за іх грахі, а за іх вартасці…