— I ўсё-ткі, як ён уставіў тую залатую пляму? — Антэк забыўся на недапітую гарбату і задумліва калупае пазногцем махрыстыя краі разрыву. — Бачыш, крупінкі ў самой структуры кардону і скуры... Расплаўленае золата спаліла б і паперу, і скуру.
Сафійка перакінула на левае плячо цёмную касу — не стала яна коратка стрыгчыся, як цяпер модна, схілілася ніжэй над рарытэтам. Антэк не стамляўся любавацца ды дзівіцца: як такая дзяўчына пайшла за яго, нядошліка? Зусім не падобная да стэрэатыпнай млявай кволенькай гімназістачкі: стройная, але такая ладная, модная, круглатварая… Дзеўка як півоня. А Анатоль… Як яго дражнілі ў настаўніцкай семінарыі — пстрычкаю заб’еш. Гэта ягоны дзед, кажуць, быў сапраўдны волат, інжынер, паходжаннем з простых сялянаў-старавераў. Мог два бервяны несці, па адным на кожным плячы, перакулены воз падымаў… У паўстанні браў удзел, за што быў сасланы, а сям’я згалела. Вырадзіліся нашчадкі. Мо Карусёк удасца ў дужых продкаў?
Сафійка няўважна пацерла чорную скуру ададранай вокладкі і пацягнулася да папер.
— Мне болей цікава, што тут напісана… А paптам нейкае навуковае адкрыццё?
Яна ўглядаецца сінімі, такімі неверагодна сінімі, як неба ў акенцы паміж белых аблокаў, вачыма ў няроўны почырк на пажаўцелых старонках і прамаўляе ўголас: «Da mihi, Domine, mentem discernere, quae scire non debeo…» Дай мне, Божа, адрозніць тое, што мне не трэба ведаць…
I на сёння карыснае ўменне.
У кватэру стукаюць. Настойліва, як тыя, што маюць права.
Зарыпелі дзверы, пачуліся трывожныя галасы суседзяў... «Там, там… Яны там жывуць…» Гэта Абрамчыха.
— Грамадзянін Роўба, вы абвінавачваецеся ў контррэвалюцыйным сабатажы.
Хоць бы Карусёк не прачнуўся… Хаця гэта наўрад — вобшук жа будзе…
Што ж, затое перастане муляць, чаму не занёс у схоў гравюры Дзюрэра. Усё адно знайшлі б…
Ён не ваяр… Ніколі ваяром не быў. У ніводную армію не забралі, камісаваўшы… I ўсё-ткі яго паставяць пад кулі.
На ўсялякі выпадак з кватэры музейшчыка-сабатажніка забралі ўсё. Нават канспекты лекцый педагагічных курсаў, якія наведвала ў Ленінградзе студэнтка Сафія Роўба.
Праўда, праз пару тыдняў здарыўся цуд — такія яшчэ здараліся: упартай кабеце, жонцы арыштаванага, дазволілі забраць частку кніг і папер, прызнаных не каштоўнымі для следства. Магчыма, гэтаму дапамаглі два чырвонцы, што апынуліся Ў патрэбных кішэнях.
Сафійка цягнула вернутае ледзь не праз увесь горад у накоўдраніку познім вечарам… Добра, што пачатак чэрвеня выдаўся цёплым, без дажджоў. Валацуга ў нізка насунутай на вочы цюбецейцы рушыў за самотнай кабетай, што несла, напінаючыся, нешта, відаць, каштоўнае. Штурхануў так, што Сафійка павалілася на брукаванку… Але, зазірнуўшы ў мех, толькі вылаяўся, паддаў нагой непатрэбную кучу папер і знік у цёмным завулку.
Тое-сёе з кніг удалося прадаць, калі зусім прыціснула. Так, кашчунства — калі Антэк вернецца, ёй будзе сорамна… Але цяпер трэба гадаваць дзіця. Сшытак старасвецкага алхіміка, які цяпер ужо канчаткова застаўся без вокладкі, магчыма, таксама ўдалося б збыць якому калекцыянеру… Але гэта была апошняя рэч, якую яны з Антэкам абмяркоўвалі, і цікавая яму… I Сафійка старанна перахоўвала. Перахоўвала — таму што могуць прыняць за нататкі замежнага шпіёна ці запіс спірытычных сеансаў. Апошняе таксама лічылася заганным, бо ў Мінску многія захапляліся. Нават у сям’і пісьменніка Янкі Маўра. А да яго на сеансы прыходзіў сваяк, сам Якуб Колас з жонкаю. Ды іншыя творчыя людзі — і, трэба ж, талерачку круцілі, пасланні духаў запісвалі… Гэта па сакрэце Сафіі Роўбе распавяла ейная супрацоўніца па выдавецтве, маладая паэтка з нямецкім прозвішчам, атрыманым у спадчыну ад бацькі-чыгуначніка. Пахвалілася, што сама бывае з мужам на тых сеансах і лічыцца самым моцным медыумам. Талерачка ў яе прысутнасці ажно лётае, так круціцца! Аднойчы гэтак, па літары, удалося запісаць верш, прадыктаваны духам… Яны ўпэўненыя, што гэта Бальмонт!
Сафійка ўважліва прачытала падсунуты супрацоўніцай верш, лірычна-дэпрэсіўны, хмыкнула і прамаўчала. Нельга ёй небяспечныя размовы падтрымліваць. Гэта проста цуд, што жонку арыштаванага сабатажніка ўзялі працаваць у выдавецтва — Анатолеў сябра, прафесар Беларускага ўніверсітэта Аўген Лубовіч, паспрыяў, папрасіў…
Аднак дастаткова няправільнай размовы, і… Антэку яшчэ пяць гадоў на Салаўках засталося.
Яна бедавала, як ён там… Ці вытрымае, такі худы, кволы, сухотны… Аднак пацвердзілася тое, што яшчэ ў Грамадзянскую назірала: першымі ў выпрабаваннях, дзе трэба галадаць ды высільвацца, гінуць спешчаныя, сытыя, плячыстыя… Дробныя, худыя ды жылістыя прыстасоўваюцца. Вось і Антэк… Пяць гадоў прамінула — жывы.