Выбрать главу

Зямлі не капае, камення не цягае — начальства лагернае толькі на згубу магло такое даручыць. Працуе ў культурнай частцы… Ну, прынамсі, так ён піша ў рэдкіх лістах.

Сафійка ведала заўсёды, які ён моцны. Гэтым і прывабіў… Калі на сходзе вырашаўся лёс будучага беларускага музея, даў адлуп аднаму спадару ў скуранцы, пры пасадзе і пры нагане, які сцвярджаў, што беларускае мастацтва — міф, няма такога, усё запазычана ў палякаў ці рускіх. Ну і даў тады Антэк пытлю нахабу і ягоным паплечнікам… Хоць маглі пад гарачую руку прыстрэліць — тады, у першыя гады пасля рэвалюцыі, жыццё чалавечае каштавала меней за гнілы арэх. Антэк сам не ўсведамляе, які ён — моцны, сумленны, непахісны ў сваёй сумленнасці… Гэта яна — слабая. Пасля ягонага арышту ледзь не зламалася, пабегла прасіць, у ногі ўсялякім нявартым кідацца… Успамінаць гідка. Добра, што такі… гандаль не адбыўся.

Нядаўна з Беламорканала вярнулася дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў. Да вялікіх літаратурных начальнікаў кшталту Коласа, Купалы і Александровіча не палезеш, але тая ж каляжанка-паэтка магла б звесці хоць бы з пісьменнікам Платонам Галавачом. Кажуць, гарачы, шчыры, спагадны... Два гады таму напісаў ліст з просьбай аб выхадзе з партыі, маўляў, аднімае арганізацыйная работа шмат часу, а ён хоча прысвяціць сябе літаратуры. Шуму было… Ажно да Масквы дайшлі хвалі. Начальства не ведала, што з кашчуннікам рабіць. Актывіст, камсарг пісьменніцкай арганізацыі, і — вось табе маеш… Змусілі каяцца. Мо таварыш Платон распавядзе пра паездку трохі болей, чым наконт працоўнага раю дзеля перавыхавання грэшнікаў… А раптам… Не, гэта, вядома, мроі — раптам хтось з беларускай дэлегацыі пабачыў там Антэка… Даўно ж лістоў не было… Сафійка нават двойчы схадзіла ў кінатэатр «Інтэрнацыянал» на прагляд «выключна дакументальнага фільма» «Салаўкі». Дэманстрацыю фільма прадоўжылі на тыдзень «па прычыне вялікага поспеху». Так і валілі менчукі на рэкламу: «Шпікі, зладзеі, растратчыкі і контррэвалюцыянеры ізалююцца на Салавецкія выспы Белага мора. Задача лагераў перавыхаваць з сацыяльна шкодных людзей карысных членаў грамадства». На экране зняволеныя ў чыстых светлых кашулях і пінжаках, пры гальштуках пілі гарбату за столікамі пад яблынямі, ля фантана, гулялі ў шахматы. Сафійка напружана ўзіралася ў чорна-белыя радасныя твары перавыхаванцаў у спадзеве пабачыць знаёмыя рысы… Не пабачыла.

За акном кабінета дзынкае трамвай. Сафійка адганяе непатрэбныя жаласлівыя думкі, запускае пальцы ў караткастрыжаныя валасы — вось Антэк будзе незадаволены, што пастрыглася, — і пасоўвае да сябе стос рукапісаў. Хоць не раман — усяго толькі падручнік па біялогіі, — але чытаць трэба надзвычай уважліва. Улічваючы не толькі граматычныя памылкі, але ўсе магчымыя няправільныя падтэксты… Са зборнікаў Купалы нават слова «неба» выкрэсліваюць — каб не было намёкаў на рэлігію. А які гвалт усчалі з-за таго, што калгасным жывёлам пачалі даваць мянушкі кшталту Камуна, Дэпутат, Селькар, — як бы ідэалагічна правільныя, але ж уявіць, што карове, якая адбілася ад статка ды ўлезла ў шкоду, пастух гарлае «Камуністка! Гэць ты, пайшла прэч!» ці «Піянерка, вось пугі ў мяне атрымаеш!»… У адным калгасе быка Наркама загадалі перайменаваць у Наркоза.

Сафійка вядзе алоўкам уздоўж радкоў. Шкада, гэта не алхімічны трактат, у якім хаваецца сакрэт галоўнай мудрасці і вечнага жыцця… Нічога, яны з Каруськом пратрымаюцца, дачакаюцца Антэка, яго апраўдаюць, камусьці стане сорамна за тое, як несправядліва абышліся з таленавітым вучоным, які ўсяго толькі хацеў абараніць музейныя рарытэты… Справядлівасць жа ёсць, праўда?

За акном зноў дзынкае трамвай, упрыгожаны лозунгам пра шчаслівую будучыню.

…У гэтым годзе здарыўся самы позні снегапад: дваццаць шостага траўня раптам паваліў снег. На руіны нядаўна вызваленага горада, чорныя, страшныя, на паваленыя слупы, горы пабітай цэглы, брукаванку, у якой утварыліся яміны са снарадаў… Ну і на будоўлю, якая віравала паўсюль. Белае святочнае покрыва нібыта хацела прыбраць пакутлівы напамін аб нядаўніх чорных гадах акупацыі. Худы юнак у падраным пінжаку, занадта лёгкім для пахаладалага надвор’я, нерашуча таптаўся перад пад’ездам ацалелага дома. Ну як ацалелага… Левы край абваліўся, не пашанцавала тым, хто жыў на чацвёртым паверсе. Відаць, снарадам патрапіла — калі бомба, дык руйнаванні былі б куды страшнейшыя. На сцяне ля дзвярэй пад’езда, калісьці фарбаваных у зялёны, як зялепуха, колер, бачылася пазнака размінёраў.

Хлопец нерашуча тузае дзверы — яны з рыпеннем адчыняюцца. Ну, ужо поспех… Другі паверх. Кватэра нумар чатыры. Была, дакладней, — на месцы бляшанага нумара засталіся толькі дзіркі ад цвікоў.