Прачнуўся ён пасля поўначы і ўжо не мог заснуць. Хмель праходзіў паступова і вельмі пакутліва. У галаве не станавілася лепей: наадварот, усе мінулыя падзеі паўставалі ў такім змрочным выглядзе, што аканому хацелася плакаць. І ён стрымліваў сябе. Потым прыйшла здольнасць думаць, але што гэта былі за думкі! Яны былі чарней за тую дажджлівую асеннюю ноч, якая глядзела ў вокны... Аднак чым больш ён думаў, тым бліжэй падыходзіў да вываду, што не такі страшны чорт, якім маляваў яго ўзбуджаны розум. Ну што ж! На гэты раз не выйшла. Ён нарабіў шмат памылак, быў залішне самаўпэўнены, неасцярожны, не меў памочнікаў. А цяпер ён будзе разумнейшы. Няўжо сярод гэтых хамаў ён не знойдзе верных людзей? Знойдзе! Гендарсан прыблізна ўгадваў іх, і калі не карыстаўся дагэтуль іх дапамогай, то толькі таму, што ўсе здабыткі хацеў браць сабе. Цяпер ён навучыўся, а за навуку плацяць грошы. І калі добра разабрацца, то не так дорага яна каштавала яму. Ва ўсякім разе, ён верне гэтыя грошы.
Калі Гендарсан прыйшоў да такога вываду, яму захацелася дзейнічаць. Ён падняў галаву і зірнуў у акно. Праз фіранку сачылася сіняе ранішняе святло. Гендарсан ціхенька ўстаў, адзеўся, пайшоў у кухню, памыўся халоднай вадой і адчуў сябе так бадзёра, нібы нанава нарадзіўся на свет.
Ён зайшоў у спальню да жонкі, каб зірнуць, спіць яна ці не. Інга ўжо не спала.
— Інга,— сказаў ёй Гендарсан.— Я ўчора быў хам... Даруй мне, Інга...
— Ах, Пауль, я разумею. Табе ўчора было цяжка.
— Так, Інга...— ён ледзь не ўсхліпнуў. Ён так быў удзячны жонцы, што яна не папракае яго за ўчарашняе.
— Я баюся нашай Эльзы, Пауль,— прашаптала Інга.— Я не разумею яе. Яна становіцца вельмі грубая.
— Я аддам яе замуж,— сказаў Гендарсан, успомніўшы слуцкага зубнога доктара.
Ён выйшаў з флігеля і накіраваўся да подвальнага Яся Дамэйкі. Ясь быў чалавек гадоў пад пяцьдзесят, шыракаплечы, з вялікай галавой і лупатымі вачыма, з цяжкім падбародкам, начыста паголены. Зірнуўшы на яго, можна было падумаць, што гэта асілак, а варта было яму падняцца з месца, як ён ужо нагадваў вырадка. Ногі ў яго былі тонкія і кароткія, рукі доўгія, як у малпы, і хоць на спіне не было гарба, але быў ён да таго сутулы, што яго звалі Гарбатым Ясем. Жонка яго, гадоў на дзесяць старэйшая, была калісьці ахмістрыняй у старога пана Крупскага, і калі стала яму не патрэбна, то пан аддаў яе Ясю разам з пасадай подвальнага, дзесяцінай зямлі, сядзібай і хатай. Усё гэта Ясь прыняў з вялікай ахвотай, акрамя жонкі. Жонка яму была не патрэбна, хапала ў маёнтку жанчын і дзяўчат, але адмовіцца ад яе ён не мог. За гады, якія з ёю пражыў, Ясь выбіў з яе не толькі ўсе грахі, якія яна рабіла, але і тыя, якіх магла нарабіць. Цяпер гэтая жанчына была падобна на здань. Яна і хадзіла ціха і нячутна, як здань.
Не па-добраму жаніўся Ясь на панскай ахмістрыні, пажылой, зношанай жанчыне. Займаў ён калісьці ў гэтым маёнтку тую ж самую пасаду, якую займаў цяпер Гендарсан, але страшна пракраўся і быў злоўлены. Аставалася адно: або ісці на катаргу, або згадзіцца з панскімі ўмовамі. Ясь згадзіўся. Цяпер, праз многа гадоў, мала хто помніў, як жаніўся Ясь, мала хто ведаў, кім была яго жонка. Маёнтак не бацькаўшчына, людзі тут навечна не прыжываюцца. Але Ясь сам не забываў таго часу, калі з ім не хацелі гаварыць апошнія дворныя пастухі, як паказвалі на яго пальцамі, як кожны смаркач папракаў яго жонкай. І звераваты Ясь азвярэў і ўзненавідзеў людзей. Злосць на іх спаганяў на жонцы. Ён яе збіваў да паўсмерці.
— Хоць бы ты мне дзіця нарадзіла, лярва! — казаў ён пры гэтым.— Усё з панам павыціскала, сука... Пустая да мяне прыйшла. Нашто ты мне такая! Забіць цябе трэба. Забіць!
І біў ён яе не адзін раз.
Не ведаў Гендарсан, што сядзіць з чалавекам, разумнейшым і хітрэйшым, чым ён сам. Не ведаў, што Гарбаты Ясь бачыць яго наскрозь.
У хаце стаяў паўзмрок. Ясь сядзеў насупраць Гендарсана, жаваў цяжкімі, але ўжо бяззубымі сківіцамі парасяціну, слухаў, што гаворыць аканом, і маўчаў.
Дагаварыліся яны не скора.
Якаў Шэмет, сустрэўшыся з ураднікам, зразумеў, што той са стражнікам едзе ў Малінаўку і што едзе не са Старочына, а з Чыжэвіч. Ён яшчэ не ведаў, што адбылося ў маёнтку, але адчуваў, што нешта адбылося, бо быў у курсе таго, што там рабілася ў апошнія два тыдні. Адчуваў і тое, што ўраднік ехаў у Малінаўку хоць і не па яго душу, але да яго душы ўсё роўна меў нейкае дачыненне.
Якаў ішоў у маёнтак, каб сустрэцца з Паўлам Квітуном і Станіславам Вярбіцкім, але цяпер надумаў пакуль што не ісці туды. Калі ён спатрэбіцца ўрадніку і яго пачнуць шукаць і знойдуць у маёнтку, ды яшчэ ў Стася, то справа можа павярнуцца вельмі дрэнна. Ён быў упэўнены, што ўраднік не мае падстаў на яго арышт, але асцярожнасць ніколі не шкодзіла. Была і другая прычына. Таму, прыйшоўшы ў Чыжэвічы, накіраваўся да свайго брата Піліпа.