І Піліп і Лукер’я сустрэлі Якава радасна. Дзятва абкружыла дзядзьку, і ён вельмі пашкадаваў, што не мае ў кішэні цукерак.
— Акурат ты к снеданню падышоў, брат,— сказаў Піліп.— То садзіся за стол.
— Па праўдзе кажучы, я паснедаў, але пасля Халуставых харчоў можна паснедаць і яшчэ раз,— адказаў Якаў і распрануўся.
Елі бульбяныя бліны з верашчакай і гутарылі. Пакуль кончылася снеданне, Якаў прыблізна ведаў усё, што адбылося ў маёнтку.
— Малайчына, брат, Агапа,— расказваў Піліп.— Каб якая другая жанчына, то хіба асмелілася б супраць Гендарсана слова сказаць! Узяла б, колькі даў, і пайшла. А за ёю і ўсе ўзялі б. А яна, брат, на! Прывык ён, каб на яго дарма рабілі. От я, як адмалачуся, таксама пайду ў маёнтак работу шукаць, то я ўжо смялей з ім гаварыць буду.
— Кажаш, Агапа першая пачала. А хіба мужчын там не было?
— А як жа! Былі і мужчыны! Механік Вярбіцкі і Павел Квітун. Такі ўдалы хлопец. Ён часамі да Крываблоцкіх ходзіць. У Пракопа дачка Надзя — харошая дзеўка, то ён да яе.
Піліп завёў брата ў адрыну, паказаў, колькі нажаў збажыны ў гэтым годзе. Адрына была малая і тая няпоўная.
— От бачыш, які я багатыр. Дай божа, каб хлеба хапіла да вялікадня... Гэта калі не ўваб’ецца ў хату ніякая хвароба. А калі, не давядзі бог, якое няшчасце, то вясной дзецям торбы на плечы — і пад вокны, да чужых хат.
— Я і сам гэта ведаю, Піліп, нашто ты мне расказваеш? Хіба ты забыў, што я быў у гэтай самай хаце разам з табою і калупаўся на гэтай самай гаспадарцы?.. І так будзе датуль, пакуль на нашай зямлі будуць сядзець паны. Хіба ты адзін такі ў Чыжэвічах?
— Каб адзін... Усё сяло амаль... Яшчэ горшыя за мяне ёсць.
— Няўжо ты не бачыш, што ўся лепшая зямля панская? Ды не толькі ворная зямля, а сенажаць і лес, усё ж у іх руках. Адзін Крупскі мае больш зямлі, чым усё сяло Чыжэвічы, ды за адным і шляхецкія засценкі Малінаўка і Жывіцы.
— Чаму я не бачу, Якаў!
— Дык заўваж, брат, што самі паны ніколі не аддадуць зямлі мужыкам. У іх трэба адбіраць яе сілай.
— Ёсць жа, братка, цар...
Якаў усміхнуўся.
— Цар? Ды ён жа найбольшы пан, Піліп! Ты ведаеш, колькі ў яго маёнткаў?
— Сціхні, Якаў...
— А ты не палохайся мяне, Піліп. У некаторых месцах мужыкі зразумелі, што ні цар, ні паны не памогуць, і спадзяюцца на саміх сябе.
— Маўчы, Якаў!..— Піліп схапіў брата за руку.— От, мабыць жа не дарма кажуць, што ты супроць цара пайшоў і цябе з горада выгналі.
— Хто гэта так кажа? Хто так цікавіцца маёй асобай?
— Людзі кажуць.
— Як гэта людзі? Няўжо ўсе людзі ў адзін голас крычаць пра мяне?
— Ды не... Пракоп Крываблоцкі ў кузні быў у Халусты. То туды якраз і стары Халуста прыбег...
— Ага! Дык гэта Яўхім Халуста так пра парабка свайго гаворыць. Цікава, што ж ён яшчэ казаў?
— Ён казаў, што нідзе табе месца не было... Гендарсан адмовіўся ўзяць цябе. А ён, Халуста, проста з ласкі ўзяў... Трэба ж, кажа, даць чалавеку кавалак хлеба. То калі так, Якаў, і табе сапраўды не было дзе дзявацца, то нашто ты ад сваёй часткі адмаўляўся... Неяк пражылі б да часу. Ты дома рабіў бы, а я нешта ў маёнтку мог бы зарабіць, бо мяне Гендарсан хоць сёння возьме, ведае, які я работнік. А потым ты нейкія прымы знайшоў бы. Хоць да таго самага Пракопа Крываблоцкага. Надзя — харошая дзеўка, і за таго парабка Паўла Квітуна Пракоп яе ўсё роўна не аддасць.
Якаў засмяяўся. Вось якая мужыцкая логіка. Гэта нічога, што нехта там да дзеўкі ходзіць і што яна яго любіць. А ты, нелюбімы і можа ненавісны, бяры яе, абы гаспадарка была. Сцерпіцца, злюбіцца, а што ад некага шчасце адбярэш, жыццё загубіш, то гэта глупства... Горш было яшчэ тое, што Піліп, хоць і не ведаючы, прапануе яму дзяўчыну, якую любіць яго лепшы друг.
— А я хто, Піліп? Хіба я не такі самы парабак, як Квітун?
— Не, Якаў! — рашуча запратэставаў Піліп.— Не такі. Ты з гаспадарскай сям’і! Пракоп і бацьку, і нават дзеда нашага ведаў, і ўсю радню ведае.
— Эх, і прастата ж ты, Піліп! Ды ўсе ж парабкі от з такіх самых гаспадарак выйшлі. Не толькі парабкі, а рабочыя, што цяпер на фабрыках і заводах працуюць, і, апрача ўласных рук, нічога больш не маюць, і яны з такіх гаспадарак, як твая, выйшлі. Калі не самі, дык бацькі іх або дзяды. А ты гаспадар! Сам у маёнтак збіраешся на кавалак хлеба дзецям зарабіць.
Піліп доўга маўчаў. Думаў, схіліўшы галаву.
— А ўсё-такі, Якаў, ты не ўсё мне гаворыш... Я і не дабіваюся, каб ты гаварыў, не! Ты лепш маўчы, Якаў. Лепш маўчы... Я табе, брат, праўду сам скажу... Нельга жыць... Ты мо і злаваўся, што Лукер’я мая не вельмі ласкава на цябе паглядала дагэтуль...