Выбрать главу

— Заблытаўся ты, Піліп. Пра гэта не трэба гаварыць...

— Можа я і заблытаўся, але... жыць цяжка... І ў мяне на душы весялей стала, калі ты сказаў, што мужыкі на сябе спадзявацца пачалі... Зямлі няма! Няма да чаго свае сілы прылажыць... Толькі мне шкада цябе, брат... Не давядзі бог, каб з табою благое зрабілася... Я цябе заўсёды любіў, Якаў... Ну, а Лукер’я, то яна баба... Ну, ды што там, брат, такое наша жыццё.

Якаў намацаў за пазухай кніжку, якую нёс да Стася. Хто ведае, а можа туды наляціць ураднік! Не трэба было сёння вымаць яе з Халуставага гумна.

— Піліп,— сказаў ён.— У мяне ёсць кніжачка, якую мне сёння нельга трымаць пры сабе. Можа б ты яе схаваў дзе-небудзь тут. Толькі не ў хаце.

— Давай яе сюды, схаваю... От бачыш, я ўсё ж такі ведаў, што ты мне не ўсё гаворыш. І не гавары. А кніжачку я схаваю, ніякі чорт не знойдзе.

— Лукер’я не павінна нічога ведаць.

— Гэтага ты мог мне і не гаварыць.

...Падышоўшы да маёнтка, Якаў першым з усіх будынкаў убачыў палац, які нагадваў турму. Галкі сядзелі на яго комінах, з якіх даўно не ішоў дым, а на тоўстых таполях і ліпах вароны спраўлялі кірмаш. У Якава заўсёды псаваўся настрой, калі ён заходзіў у маёнтак. Стаяў ён тут на беразе Случы, як балячка на здаровым целе. Такое прыгожае месца, а няма на ім ні радасці, ні весялосці.

Якаў намерыўся зайсці спачатку да Паўла Квітуна, але на дзвярах яго пакойчыка вісеў замок, і Якаў пайшоў да Вярбіцкага.

У хаце Станіслава ўжо гарэла лямпа, бо на дварэ змяркалася. За сталом сядзелі сам Станіслаў, Павел Квітун і Платон Шабуня. Павел і Станіслаў раней гаварылі Якаву пра Платона, але ён не ведаў яшчэ, што яны ўвялі яго ў свой гурток. На стале стаяла кварта гарэлкі, гуркі, шаткаваная капуста і сырое сала. Якаў спачатку падумаў, што хлопцы проста захацелі адзначыць святочны дзень пасля ўчарашніх падзей.

— А мне сёння шанцуе,— сказаў Якаў.— Два снеданні і два полудні.

— Садзіся, Якаў,— прамовіў Вярбіцкі.— Калі хочаш есці, то во, еш, а на чарку выбачай: у бутэльцы не гарэлка, а вада.

— Зразумела,— сказаў Якаў, зірнуўшы на Платона, і сеў.

— Платон учора ўсіх нас ад бяды выратаваў,— сказаў Павел, убачыўшы, як зірнуў Якаў на Шабуню.

— Як ён выратаваў? — пацікавіўся Якаў.

— Тут учора ўраднік вобыскі рабіў,— растлумачыў Стась.— Мяне траслі і Паўла,— ён расказаў падрабязна ўсё, што адбылося ў маёнтку.

— Во як! Ну, брат Платон, шчыра дзякую табе, бо ты і мяне выручыў,— з пачуццём сказаў Якаў і, падняўшыся з месца, паціснуў Платону руку.— Я сустрэў сёння раніцай урадніка, ён ехаў з Чыжэвіч у Малінаўку, напэўна, да майго Халусты.

— Значыць, ён у сяле начаваў,— прамовіў Станіслаў.— Цікава, у каго? У Вырвіча ці мо ў папа.

— Не, ён начаваў у Арлоўскага. Мне расказваў брат Піліп,— адказаў Якаў.

— У Кашча Бессмяротнага. Гэта самы небяспечны чалавек у Чыжэвічах,— зазначыў Платон.

— Гэта, бадай, праўда,— адказаў Якаў.— Але самы небяспечны — Яўхім Халуста з Малінаўкі... Цяпер скажыце, як мы будзем канчаць гэтую бульбяную справу? Заўважце, што ў Чыжэвічах яна нарабіла шуму.

— Цяпер ужо ўсё пойдзе сваім парадкам,— сказаў Станіслаў.— Падзёншчыцы ў Бярозаўку не пойдуць, пакуль Гендарсан ім не заплаціць. Нашы жанкі таксама не будуць выбіраць па старой цане. Калі Гендарсан не захоча, каб бульба ў Бярозаўцы зазімавала, то разлічыць работніц па дамоўленасці.

— Так. Гэта вельмі добра. Але на гэтым мы не павінны спыніцца. Будзьце упэўнены, таварышы, што Гендарсан стане цяпер асцярожнейшы і будзе шукаць сяброў і памочнікаў. У маёнтку знойдуцца і такія, што за капейку яму прададуцца. Нам у сваю чаргу таксама трэба праводзіць работу з людзьмі і лепшых уводзіць у сваю групу. Я вельмі рады, што ў маёнтку вас ужо не двое, а трое. З цягам часу можна будзе падрыхтаваць сапраўдную забастоўку, от хоць бы ў час веснавой сяўбы. Палітычных патрабаванняў мы

Гендарсану не выставім, а эканамічныя абавязкова. Рэвалюцыйны рух у краіне нарастае, забастоўкі выльюцца ў паўстанне. Ну, пра гэта пагаворым пасля. Шкада, што я ад вас далекавата, нават не ведаю, што тут робіцца ў вас.

Станіслаў усміхнуўся.

— Ёсць надзея, што Гендарсан сам пакліча цябе ў маёнтак.

— Сам пакліча? Табе, Станіслаў, не трэба пра мяне ўспамінаць яму.

— А я і не буду ўспамінаць. Ён цябе пакліча сам, калі млын спыніцца. У млыне патрэбен майстар.

— А ты ўпэўнены, што млын спыніцца?

— За гэта я ручаюся.