— У наступную нядзелю нам трэба будзе, хлопцы, сустрэцца дзе-небудзь у іншым месцы. Я спадзяюся, што ў мяне будуць новыя матэрыялы.
— Новыя матэрыялы... А дзе мы можам сустрэцца, калі не ў мяне?
— За Случчу ў лесе,— падказаў Павел.— Там нікога не сустрэнем. От на Дзедавай паляне.
Дзедаву паляну Павел ведаў, бо сустракаўся там з Надзяй.
— Добрае месца,— падтрымаў Станіслаў.— Яе ўсе ведаюць?
— Гаворкі няма,— сказаў Платон.— Калі я ведаю, што Павел хадзіў туды летам, то Якаў жа чалавек мясцовы.
Калі бразнулі ў сенцах дзверы, Станіслаў узяў бутэльку і пачаў наліваць чаркі. У хату ўвайшла Ядвіга. Яна павіталася, весела зірнула на стол і сказала:
— Ох і п’яніцы!.. Ды пастаў ты гэтую бутэльку з вадой, Стась.— Вясёлы яе твар раптам пачырванеў, і з вачэй пырснулі слёзы.— Дзесяць гадоў жыву я з табой, Стась... Няўжо ты думаеш, што я нічога не ведаю... Мо таму не верыш, што дзетак у нас няма...
Стась падхапіўся з месца і абняў жонку...
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Цяжка было Гендарсану плаціць выбіральшчыцам па пятнаццаць капеек за дзень. Гэтыя грошы вырвалі ў яго з зубоў. Але на сэрцы аканомавым стала лягчэй, калі ў Бярозаўцы забуртавалі апошнюю дзесяціну бульбы: пачаліся ранішнія замаразкі. Прайшоў бы яшчэ тыдзень, і ён не выгнаў бы на поле ні адной жанчыны, нават падвоіўшы плату.
Цяпер можна было і адпачыць. Жыццё ў маёнтку ўвайшло ў прывычную каляіну. Палявыя работы кончаны: жыта пасеяна, бульба выбрана, зябліва заворана. Асталіся малацьба і догляд скаціны. На поўны ход працавалі млын і бровар. Вось на іх і ўскладаў надзею Гендарсан. Ён быў упэўнены, што млын і бровар вернуць яму не толькі тое, што ён страціў, а ў многа разоў больш. У млыне цяпер сядзеў Гарбаты Ясь — чалавек з разумнай галавой і доўгімі рукамі. Гендарсан захапляўся яго зладзейскім розумам і нават крыху пабойваўся: гэты павук мог ашукаць і самога аканома.
Немалая надзея ўскладалася і на бровар. Скора сяляне з навакольных вёсак пачнуць прадаваць бульбу. Цана яе была ўстаноўлена даўно і не мянялася з году ў год. І з году ў год Гендарсан плаціў адну цану, а ў дакументах пісаў другую. Гэта давала немалы прыбытак, які ўвесь аставаўся ў кішэнях аканома. Калі ў млыне яму цяпер трэба было дзяліцца з Гарбатым Ясем, то ў бровары Гендарсан быў адзіны і паўнаўладны гаспадар. Гэта яго цешыла.
Так, цяпер можна было і адпачыць: турботы і клопаты зваліліся з плячэй, у галаве стала светла, наладзіўся настрой. Зайшоўшы ў свінарнік або на стайню, Гендарсан менш лаяўся, дазваляў сабе ўсміхнуцца і пажартаваць. Аднак на Станіслава Вярбіцкага і Паўла Квітуна ён пазіраў скоса. Пасля таго вечара ў канторы, калі яму прыйшлося ўцякаць праз акно, ён затаіў недавер’е і злосць на механіка і яго памочніка. Ён ужо не ляпаў Паўла па плячы, не ўспамінаў, што яны цёзкі.
Вельмі ўзрадаваўся Гендарсан, калі да яго прыехаў слуцкі зубны доктар.
— Гер Пфэрдсан,— пытаў ён, трымаючы яго за локаць на ганку свайго флігеля,— хто вас сюды прывёз?
— Старочынскі балагол, гер Гендарсан. Я вырваў у яго зуб, а ён за гэта прывёз мяне сюды, хе-хе-хе!
— Хе-хе-хе! — падхапіў Гендарсан.— Вы ў яго вырвалі зуб, а ён вас прывёз сюды! Каб вы напісалі мне, я даслаў бы па вас сваю брычку.
— Я не падумаў пра гэта.
— Але добра, што вы прыехалі! Я за апошні час тут нямала чаго перажыў.
— Непрыемнасці?
— Так, гер Пфэрдсан, вялікія непрыемнасці... І мне не было з кім адвесці душу... Я тут адзін... Але, дзякуй богу, усё кончылася... Праходзьце, калі ласка! — гасцінна запрасіў ён, адчыняючы насцеж дзверы.
Потым яны сядзелі за сталом, і расчырванелы пасля першай чаркі аканом гаварыў жонцы:
— У нас сёння свята, Інга! Мы за сталом прымаем немца! Як даўно гэта было!.. Але мы — немцы — сабраліся разам, і ў нас сёння вялікае свята. Дзе наша Эльза, Інга, чаму яе няма дома?
— Хіба ты не ведаеш, Пауль, што наша Эльза ўдзень мала бывае дома? Яна ходзіць па лесе і каля ракі...
— Яна, мабыць, любіць прыроду, — глыбакадумна зазначыў Пфэрдсан.
— Так! — горача пацвердзіў Гендарсан.— Яна любіць рускую прыроду: лес, раку і поле!
— О-о! — сказаў Пфэрдсан.— Я так і думаў. Я таксама люблю прыроду. Каля Рыгі, дзе я нарадзіўся, цудоўная прырода. Там блізка мора.
Ён падчапіў на відэлец скрылік кілбасы, панюхаў яго, палажыў у рот і пачаў жаваць.
— Вельмі смачная кілбаса,— прамовіў ён.
— Мая Інга сама яе робіць! — адказаў Гендарсан і наліў чаркі.
— Добра, калі ў хаце такая гаспадыня, як ваша жонка,— важна сказаў Пфэрдсан.
Інга пачырванела, як дзяўчынка.
— Нямецкія жанчыны ўсе добрыя гаспадыні! — пераканаўча заключыў Гендарсан.— Наша Эльза таксама будзе добрая гаспадыня! — дадаў ён.