Выбрать главу

— О-о! Я ў гэтым не сумняваюся! — сказаў Пфэрдсан.

— Вып’ем, доктар! — горача прапанаваў Гендарсан.— Я вас буду зваць доктарам, гер Пфэрдсан. Вы згодны?

— Я буду вельмі рад.

Яны забылі, што ў Слуцку, калі Гендарсан лячыў зубы, пілі на брудэршафт.

— Ну, дык вып’ем, доктар! Інга, вазьмі чарку! У нас сёння свята! І заўтра будзе свята! Мы сабе можам гэта дазволіць!

— Можам! — пацвердзіў Пфэрдсан.

Так святкавалі яны да позняга вечара.

Назаўтра раніцай, калі Пфэрдсан яшчэ спаў, Гендарсан, як і звычайна, прайшоў па маёнтку. Ён праверыў, ці ўсё на сваіх месцах. У стайні сварыўся з конюхамі: яму здалося, што яны позна пачынаюць карміць коней. Потым зазірнуў у бровар і пайшоў дадому. У млын ён нават не заходзіў. Там цяпер быў Гарбаты Ясь, і аканом ведаў, што ў млыне ўсё ў парадку.

Ідучы ў свой флігель, думаў, што ён шчаслівы чалавек, што ўсё складваецца так, як трэба, як павінна быць, што нават часовыя няўдачы ідуць яму на карысць. Каб ён не з’ездзіў у Слуцак «лячыць зубы», то не пазнаёміўся б з доктарам Пфэрдсанам. Не ведаў бы, што такі чалавек ёсць на свеце. А цяпер — калі ласка! Доктар Пфэрдсан у яго гасцюе! І доктар Пфэрдсан будзе яго зяцем! О! Аб гэтым яны ўчора пагаварылі, пакуль не было Эльзы. А потым прыйшла Эльза. І ён убачыў, што яна спадабалася доктару. Гер Пфэрдсан быў ад яе ў захапленні. Эльза таксама зацікавілася доктарам. А цікаўнасць для жанчыны самае галоўнае. Калі жанчыне мужчына не падабаецца, то яна не будзе на яго глядзець з цікаўнасцю. Яна зусім не будзе на яго глядзець.

Калі Гендарсан увайшоў у кухню, доктар мыўся. Інга стаяла каля яго з доўгім калматым уціральнікам. Як бы рад быў Гендарсан, каб на яе месцы была Эльза! Але тая свавольная дзяўчына яшчэ спіць.

Гер Пфэрдсан мыўся з асалодай, з нейкім асаблівым доктарскім стараннем. Здавалася, што для яго няма нічога даражэйшага ў свеце, чым мыццё. Гендарсан пастаяў каля яго, і яму самому захацелася памыцца. Раніцай ён толькі спаласнуўся.

— Як спалася, доктар? — запытаў Гендарсан.

— О, дзякую! Вельмі добра!

— Я сёння буду свабодны ўвесь дзень, і мы яго правядзём так, як захочам. Мы пагаворым пра ўсё. У мяне, доктар, справы ідуць як па масле! — пахваліўся аканом.

— О, я гэта бачу. Вы добры гаспадар, гер Гендарсан,— доктар пачаў выцірацца.— І добры бацька. Ваш сын Вілі — разумны хлопец.

— Ён у вас быў? — узрадавана запытаў Гендарсан.

— О не! Я гутарыў з выкладчыкамі камерцыйнага вучылішча. Яны ў мяне лечаць зубы!

— У вас шырокая практыка, доктар! — з захапленнем прамовіў Гендарсан.

— Найшырэйшая!

Ён аддаў Інзе ўціральнік і важна выйшаў з кухні.

— Інга, наша Эльза яшчэ спіць? — шэптам запытаў Гендарсан у жонкі.

— Ах, Паўль... Яна пайшла ўслед за табою, калі доктар яшчэ спаў...

— Свіння... Яна знарок сышла з дому... Што я цяпер скажу доктару?..

— Ты не ведаеш, Паўль, што яна сказала мне...

— Што яна табе сказала?

— Ах... Яна сказала, што я...— Інга ўсхліпнула,— што я сама магу ісці замуж за гэтага... за гэтага парсюка доктара...

— Ціха...— зашыпеў Гендарсан.— Я гэтую нягодніцу!..

Але ён не ведаў, што зрабіць з гэтай нягодніцай. Адчуваў, што нічога не зробіць. Ён баяўся яе. Баяўся ўласнай дачкі. Спадзяваўся, што з часам яна адумаецца, зразумее, што бацька хоча ёй толькі дабра. І да доктара прывыкне... Такі мілы чалавек гер Пфэрдсан.

Пакуль Інга гатавала снеданне, Гендарсан з доктарам выпілі па чарцы старкі і, сеўшы ў крэслы адзін супраць аднаго, разважалі. Аднак з галавы ў Гендарсана не выходзіла Эльза, і злосць кіпела ў яго душы. Нягодная дзеўка! Нахабная і бессаромная! Ні разу яна не выходзіла з дому так рана, як сёння. А што, калі яна не вернецца і да снедання? У якое становішча яна яго паставіць! А што падумае доктар і пра яе, і пра бацькоў. Жах!.. Хоць бяжы і шукай гэтую распусніцу. Але дзе ты яе знойдзеш! А калі і знойдзеш, то хіба яна паслухае!..

Аднак Гендарсан яшчэ не траціў надзеі, і кожны раз, калі стукалі дзверы на вуліцы, ён думаў, што гэта вярнулася Эльза. І кожны раз чаканне яго было дарэмнае: гэта Інга выходзіла на ганак і вярталася назад.

Нарэшце! Нарэшце дачка зайшла ў кухню, нешта сказала маці і шпаркімі крокамі накіравалася ў пакой. Гендарсан утаропіў позірк на дзверы. Калі яны адчыніліся, ля парога стаяў Гарбаты Ясь. Ён засопся, мабыць, бег ад млына да самага флігеля. І цяпер у яго не хапала духу, каб вымавіць слова...

З адчыненай топкі паравіка, як з пашчы ненасытнага казачнага страшыдлы, ірвалася полымя. Павел Квітун кідаў туды дровы, і іх мігам ахопліваў агонь.