Коней павялі дамоў, калі сонца падышло пад поўдзень. Андрэй усю дарогу думаў пра Алену. Як адбіць яе ад Грома? Што можна зрабіць? Пагаварыць з маткай? Але яна нічога не паможа, а толькі напсуе. Раскажа Алене, а тая яшчэ горш узлуецца.
Дома была толькі Алена. Маці спала ў сенцах. Андрэй уважліва паглядзеў на сястру, і яна злавіла яго позірк.
— Чаму ты так на мяне глядзіш?
— Як?
— Нібы бачыш першы раз.
— Здаецца табе... Мокры я ўвесь... Дай бялізну, ды памыцца трэба.
Потым яна падала яму абедаць. Андрэй еў, але думкі не пакідалі яго. Алена перад люстэркам расчэсвала свае доўгія прыгожыя валасы. Андрэй зрэдку пазіраў на яе. Ён і сапраўды глядзеў на яе так, нібы бачыў першы раз. Прыгожая ў яго сястра. Ён першы раз наглядаў за ёю не як брат, а паставіўшы сябе на месца чужога маладога чалавека. Хоць бы таго самага Юзіка Грома. Прыгожая, нічога не скажаш. Высокага росту, стройная, ладная. Твар прыгожы, можа крыху ганарлівы. Асабліва вочы — не то карыя, не то зеленаватыя, глыбокія. Маленькі рот з прыгожымі белымі, як рэпа, зубамі. А нос дзявочы, і нічога лепшага пра яго нельга сказаць. Каб такая дзяўчына ды дасталася Юзіку Халусту, дурному Грому! І ён і ўся яго праклятая сям’я не варты яе нагі.
— Алена,— сказаў Андрэй,— налі мне кубак малака.
Яна адкінула назад валасы, і яны ўкрылі яе плечы. Алена прайшла па хаце нейкай асаблівай, уласцівай толькі ёй хадою, і Андрэй залюбаваўся сястрой.
— Праз тыдзень памінкі па тату, Аленка,— сказаў ён.— Трэба, каб вы з мамай падрыхтавалі што-небудзь.
— Абы было з чаго.
— Будзе. З’езджу да Аўрама Выпустка, вазьму са два авечыя задкі, куплю пытляванай мукі, селядцоў. Што яшчэ трэба?
— Гарэлка.
— Гарэлка — мой клопат.
— Ну, дык і ўсё. Яечкі, масла і сыры ў нас свае ёсць.
— Я адбіў тэлеграму Аляксандры, павінна прыехаць.
Алена спачатку не адказала.
— Сястра Аляксандра... — нарэшце прамовіла яна.— А мне здаецца, што ў мяне ніякай сястры няма... Колькі мне прыходзілася бачыць яе! За два-тры гады адзін раз. Памятаю, маленькая была, тата мяне ў госці да яе звазіў. Дык мне, паверыш, Андрэй, хацелася яе цёцяй зваць. Ніяк прывыкнуць не магу, што яна мне сястра, а не цётка.
— Няма ніякага дзіва. Яна за мяне больш чым на дваццаць гадоў старэйшая, а калі замуж выходзіла, то цябе на свеце не было. Я то цёткаю яе не назаву, а ты не гавары такога глупства пры маме.
Алена зірнула на яго так, нібы хацела сказаць: «Каб ты заўсёды быў такі добры, мой братка, то шчаслівейшая я была б». Андрэй зразумеў, што яна думае, і ў яго ўсё перавярнулася ўсярэдзіне. Ён адсунуў ад сябе посуд і вылез з-за стала...
«А ўсё-такі ў Халуставу хату я цябе не аддам! Грому ты не дастанешся, хоць перавернецца ўвесь свет дагары нагамі». Позіркі іх сустрэліся, і ў гэты момант нібы чорная кошка прабегла паміж братам і сястрой: яны зразумелі адзін аднаго.
Андрэй пайшоў спаць у гумно. Мух у хаце распладзілася шмат, і яны цяпер вельмі куслівыя. На суседнім прыгуменні Андрэй убачыў Гарасіма Жукоўскага. Той на карачках поўзаў пад яблыняй і збіраў падалкі. Ранішняя навальніца накалаціла іх шмат.
За ўвесь час, колькі Жукоўскі жыў у Малінаўцы, Андрэй з ім ні разу не пагаварыў, хоць Гарасім, акрамя Яна Сташэвіча, быў яго самы блізкі сусед. Даваў «дзень добры» ці «добры вечар» і ўсё. А сёння яму захацелася пагутарыць з ім. Уведаць, што за чалавек гэты дзівак, якога адны лічаць за святога, а другія за чараўніка.
— Дзень добры, пане Жукоўскі! — гукнуў Андрэй праз плот.
— А-а-а,— Гарасім спалохаўся ад нечаканасці, кінуў яблыкі ў кош і не пацэліў, бо той быў далекавата.
— Дзень добры, пане Сташэвіч...
— Многа яблык абтрэсла навальніца?
— Многа. І яблык і груш... От збіраю. Можа, пане Сташэвіч... э-э... узялі б пару яблыкаў маме.
— У яе зубоў няма, пане Жукоўскі. Дзякую.
— Ну, дык сабе...
— А ў мяне свае ёсць, і яблыкі і зубы.
— Свае то свае, але, кажуць, чужыя смачнейшыя.
— Чужых не каштаваў, а калі так, то пакаштую!
Андрэй крануўся рукамі жэрдкі і апынуўся на Гарасімавым прыгуменні. Тут ён убачыў, што садок у Жукоўскага дагледжаны добра. Усе дрэвы абкапаныя і пабеленыя вапнай. Між дрэў градкі з клубнікаю, ля платоў парэчкі, агрэст, маліннік. Усё зроблена па-гаспадарску. «А трэба ў яго павучыцца,— падумаў Андрэй.— Вясной вазьмуся і я. Іван паможа». Цяпер кожная работа, якую ён збіраўся рабіць раней ці пазней, нейкім чынам звязвалася з Іванам. «Іван паможа!» І гэта падбадзёрвала, абнадзейвала. Пра Алену ён не мог так думаць, хоць яна была яго родная сястра.
Андрэй сеў пад яблыняй насупраць Гарасіма. Некаторы час яны маўчалі, паглядалі адзін на аднаго, вывучалі, хто чаго варты, як людзі, якія адзін пра аднаго ведалі, але сустрэліся ўпершыню. Вывады іх назіранняў былі прыкладна аднолькавыя. «А ён не такі вар’ят, як кажуць людзі, і, мабыць, не вельмі святы... Толькі занадта гладкі і бліскучы, нібы прылізаны і алеем абмазаны». А Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Кожны з іх не памыляўся.