— Яна з табою не пойдзе! — узгарэўся Андрэй.
— Калі скажу, што чакаеш, то пойдзе.
Андрэй задумаўся, і твар яго рабіўся ўсё хмурнейшы і хмурнейшы.
— Не,— рашуча сказаў ён.— Што яна падумае пра мяне! Бацька памёр нядаўна, памінкі праз тыдзень...
— Што ж! Ты цэлы год нікуды не будзеш хадзіць?
— Нікуды. Нельга мне... Каму-небудзь іншаму было б можна, а мне не...
— Ну, дык будзь упэўнены, што яшчэ да піліпаўкі стары Асіеўскі Ганну замуж аддасць. А калі не да піліпаўкі, то пасля каляд абавязкова. А ты што ж! Столькі часу хадзіў да яе, і нехта другі возьме! Я, калі хочаш ведаць, сам не дазволю табе гэтага. Каб у Сташэвіча дзеўку адабралі! Такую дзеўку!
Андрэя кранулі не толькі гэтыя словы, але і тон, якім яны былі сказаны. Ён доўга глядзеў на Тамаша і не бачыў яго. Нарэшце схамянуўся і адказаў:
— Не магу сёння... Бацька не пускае мяне сёння, Тамаш. Не магу. Пасля памінак сходзім. Ідзі коней выводзь. А Ганна будзе мая, хоць каменні пасыплюцца з неба. Ты ж не адмовішся памагчы мне?
— Ну, вядома.
Вечарам, калі Андрэй прывёў коней, Іван быў ужо дома. Ён сядзеў на ганку і чытаў.
— Ну, як гуляў у маткі? — запытаўся Андрэй.
— Мне сёння дзядзька Марцін кніжку цікавую купіў,— пахваліўся Іван.— «Вечера на хуторе близ Диканьки» Гогаля. Што за кніжка!
— Цікавая, кажаш? Ну, чытай, чытай. Можа і я прачытаю.
Пасля вячэры не хацелася ісці спаць. Тамаш растрывожыў душу. Андрэй з зайздрасцю глядзеў на Івана, які так захапіўся чытаннем, што ні аб чым больш не думаў. Які б занятак знайсці, каб хоць на гадзіну забыць пра ўсё? Каб не хвалявалі думы і жаданні, каб спакой агарнуў душу, каб уціхамірыць сваё сэрца?
Ён выйшаў на двор. Яшчэ не зусім змеркла, але навокал ужо прыцямнела. На далёкім усходзе палымнела зарыва. Гэта ўсходзіў месяц. Быў ён сёння вялізны і ўрачысты. Млечны Шлях пабялеў; убачыўшы яго, паменшалі зоркі і спалохана заміргалі. На небе ўзыходзіў гаспадар, і прырода адчувала гэта. Цені, як чорныя плямы, ляглі пад дрэвамі і платамі. «Ганна»,— падумаў Андрэй, і воблік яе засланіў усё перад вачыма... Ён пастаяў некалькі хвілін і пайшоў у хату. Маці ўжо спала. Алена была ў сенях. Толькі Іван сядзеў за сталом і чытаў.
— Дзе твае кніжкі? — запытаў яго Андрэй, спыніўшыся каля стала.
— У куфэрку.
— Вымай.
Іван зірнуў на гаспадара, і твар яго расплыўся ў такую харошую ўсмешку, што Андрэй зрабіў выгляд, нібы ўзлаваўся.
— Вымай, кажу я табе! Няхай ляжаць на покуце! У нас малых няма. Няма каму рваць.
Іван выцягнуў з-пад лавы свой куфэрак. У той вечар позна яны пайшлі ў гумно спаць, бо Андрэй уваткнуўся ў «Антона Горемыку» і захапіўся ім.
Аднак кніг сваіх Іван так і не вылажыў на покуць. Яны былі яго самым даражэйшым скарбам. Але куфэрка ён больш не замыкаў, і Андрэй сам браў адтуль кнігі, калі хацеў.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Сярод тыдня Андрэй паехаў у Старочын, каб зрабіць пакупкі да памінак. Дзень стаяў невясёлы. Укрытае шэрымі хмарамі неба гатова было лінуцца дажджом. У такія дні прырода набывае сумны асенні выгляд, але калі выгляне сонца — зноў усё засвеціцца, абмаладзіцца, заблішчыць.
Дарога спачатку ішла цераз поле. Было яно голае, тужлівае, закінутае. Сям-там відны былі аратыя, чорныя гракі хадзілі за імі, падбіраючы чарвякоў. Андрэй выехаў на раскрыжаванне. Тут канчалася засцянковая ворная зямля. За шляхам, што вёў у Старочын, ляжаў абшар пяску, парослы рэдзенькім сіўцом. Тут нават для авец не было пашы. Уехаў у лес — слаўныя малінаўскія Маргі. Навокал стаяў сасоннік. Лес называецца! Ёсць чым «ганарыцца» малінаўцам. Хоць бы адно роўнае дрэва. Адны крывуліны, ды так фігурыста выгнутыя, што каб і хацеў, то гэтак не зрабіў бы. Уся зямля скрозь завалена шыпулькамі, шышкамі, сухім галлём. Ні адна травінка не праб’ецца праз іх. Толькі грыбы вылазяць, падымаючы на сваіх шапках пласт лясной прэлі. І цішыня. Нават не чуваць ляснога шуму.
Калёсы шорхаліся ў пясчаных каляінах, якія ўслед і засыпаліся, пераскоквалі цераз карэнне, што часта вытыркалася з грунту. Увесь Маргоўскі лес падзяляўся на ўрочышчы, якія мелі свае назвы. Андрэй праехаў Кавалёва, Дзедаў лес і Арабінку, наперадзе былі Падпнёўе і Равок. Родныя з маленства мясціны. Нечым далёкім, але бясконца мілым і дарагім павеяла ад іх. І Андрэя агарнула замілаванне. Што ж такое радзіма? Можа ён забыў бы сваю хату, гразкі засценак, Мартыневічаў і Нарбутовічаў, але гэтых Маргоў, дзе ён правёў пастушком свае лепшыя дзіцячыя, бесклапотныя, па-свойму шчаслівыя гады, ён не забудзе ніколі. Тут яму была вядома не толькі кожная мясціна, але і кожнае дрэва, калі яно чым-небудзь адрознівалася ад іншых. Ён пасвіў толькі сваю скаціну, спачатку свіней, потым кароў і коней, але колькі разоў мок і мёрз пад дажджом, плакаў, шукаючы згубленую карову, кульгаў на адной назе, бо другую застраміў. Былі і вясёлыя выпадкі: у Падпнёўі злавіў вавёрку. Яна абкусала яму пальцы, але ён прынёс яе дамоў. Назаўтра яна ўцякла, і дзятва з усяго засценка ганялася за ёю па садах. Не злавілі.