А вось і Равок — невялічкі ручаёк, што перасек дарогу і даў сваю назву лесу, па якім цёк. Тут рукі Андрэя міжвольна нацягнулі лейцы. Андрэй нават не ведаў, чаму суняў кабылу... Ага! Гэта ж тут ён першы раз убачыў Ганну. Тады яго сэрца трымала ў палоне Адэля Арлоўская. Ганна была яшчэ падлетак. Тонкая, вастраплечая дзяўчына, з ледзь прыкметнымі камячкамі грудзей. Але твар! Андрэй зірнуў у яе вочы, і яго нібы сонца асвяціла. Ён нават не ведаў, ці прыгожы яе твар, але ён увесь струменіўся шчырасцю, прастатой і непасрэднасцю. Ён прыцягваў да сябе ўсіх. Калі вялі дадому коней, пра яе толькі і гаварылі.
— Ну і дзяўчына вырасце ў Асіеўскага,— сказаў тады Сымон Ашакевіч.
— Красуня! — дадаў стары Талімон.
Гэта сустрэча і паклала канец каханню да Адэлі, хоць Андрэй і не мог сказаць, што закахаўся ў Ганну. Ён і цяпер гэтага не ведаў. Але хацелася, каб яна належала яму, а не каму-небудзь другому.
Аўрам Выпустак жыў на Слуцкай вуліцы ў невялічкім доміку. Андрэй заехаў спачатку да яго, прывязаў лейцы да слупка і зайшоў у хату. Аўрам сядзеў у першым пакоі каля стала і быў падобны на статую. У вачах яго свяціліся жаль і раскаянне. Ён не адразу адказаў на прывітанне Андрэю, доўга глядзеў на яго, нібы на пустое месца. Потым схамянуўся, падхапіўся з крэсла, паціснуў руку, паспрабаваў усміхнуцца, але пачуцці, што таіліся ў яго вачах, не зніклі, і ўсмешка не выйшла.
— Садзіся, Андрэй... Садзіся...
Андрэй сеў. «Прыехаў не ў час,— падумаў ён.— У Аўрама нейкае няшчасце».
— Ты не глядзі на мяне так, Андрэй...— сказаў Аўрам.— Не глядзі так...
— Я, мабыць, сёння лішні ў вашай хаце, Аўрам...
— Не. Ты ніколі не будзеш лішні ў маёй хаце, як я ніколі не быў лішні ў тваёй...
— Нешта здарылася, Аўрам, і, мабыць, невясёлае?
— Зусім невясёлае... Нават сумнае... Але ты, Андрэй, не думай, што смерць.
— Не дай бог.
Аўрам выйшаў у другі пакой, скора вярнуўся адтуль і, махнуўшы рукою так, нібы хацеў адагнаць нешта прыкрае, сказаў:
— І чаго яна плача? Скажы мне, Андрэй, чаго яна плача! Хіба яна сама гэтага не хацела!
— Я нічога не ведаю.
— Не ведаеш? Ты не ведаеш, што мае сыны паехалі ў Аргенціну?
— Не, Аўрам. Першы раз чую.
— Ну, дык яны паехалі... Тры дні таму назад. Абодва: Хаім і Юдаль. А яна плача... Тры дні плача.
Андрэй не ведаў, што адказаць. Ён падумаў, што прыехаў сапраўды не ў час. А што плача Аўрамава жонка, то няма ніякага дзіва. Яго маці таксама плакала б, каб ён паехаў у тую Аргенціну. Але яму здалося, што Аўрам і сам плача і не можа супакоіць жонку, бо яго самога трэба супакойваць.
— І от, Андрэй...— прамовіў Аўрам.— Яны паехалі да яе брата... Да жончынага брата... Ён бяздзетны і выпісаў маіх сыноў, сваіх пляменнікаў. Хіба я гэтага хацеў! Я казаў: не трэба ехаць! Няхай тая Аргенціна морам стане. Нашто нам тая Аргенціна?! А яна сама хацела, а цяпер плача... І я не ведаю, што мне рабіць... А хіба сыны вельмі хацелі ехаць? Ат... Хаім старэйшы, дык ён нічога. А Юдаль... калі развітваўся з маткай, то іх ледзь адарвалі адно ад аднаго, — Аўрам усхліпнуў і адвярнуўся.— Ты не думай, што я плачу... Не такі я плакса, як яна... Ты, Андрэй, скажы ёй, няхай яна не плача. Хіба тая Аргенціна за марамі? Ты скажы ёй, Андрэй! Я яе пазаву.
— Не ведаю, Аўрам... Што я ёй скажу? Ды яна мяне не паслухае.
— Паслухае, Андрэй! — упэўнена сказаў Аўрам. — Ты нешта прыдумай. Ты скажы ёй, што людзі не варочаюцца толькі з таго свету, а з Аргенціны варочаюцца. Дурныя суседкі кажуць, што яна больш не ўбачыць сваіх сыноў... І яна плача. А што я зраблю!
У гэты момант адчыніліся дзверы, і з другога пакоя выйшла высокая прыгожая жанчына. Яна сунулася, як цень, бязмерны жаль і гора сагнулі яе стройную постаць. Яна, мабыць, нічога не бачыла перад сабой, акрамя сваіх сыноў.
— Слухай, Хася, ты сядзь,— сказаў Аўрам і, падхапіўшыся, як юнак, асцярожна пасадзіў яе на крэсла.— Ты сядзь ды паслухай. Бачыш? Прыехаў Андрэй з Малінаўкі... У Андрэя бацька памёр нядаўна... Хіба Андрэй не шкадуе свайго бацькі, хіба ён не плакаў! Але ж нельга ўвесь час плакаць... Сёння плакаць, і заўтра, і паслязаўтра... Нельга!.. Андрэеў бацька ўжо не вернецца, з таго свету не прыедзеш. А Аргенціна! Далёка тая Аргенціна! — Аўрам нават здзекліва ўсміхнуўся з той Аргенціны.— Хіба яна за марамі!