Яна спалоханымі вачыма глядзела на яго, і ён змоўк. Раптам вочы яе напоўніліся слязьмі, і яна закрыла іх далонямі. У Андрэя зашчымела сэрца.
— Не, Ганна... Мабыць, у мяне не хопіць сілы зрабіць табе зло. Дык і ты не рабі мне яго. Чуеш? Ты павінна чакаць год. Адзін год, пакуль не кончыцца жалоба. Гэта не так доўга. Бацька твой пашкадуе цябе і не аддасць за таго, за каго ты не хочаш. Ты ў яго адна. І не звер жа ён усё-такі. Чуеш, Ганна?
— Андрэйка...
— Я ведаю, што ты хочаш сказаць. Што твой бацька не любіць мяне. Ну, дык і я яго не вельмі люблю. І брата твайго не вельмі паважаю. Нашто яны мне! Мне трэба ты, Ганна, ты! Ты разумееш гэта?
— Андрэйка...
Яна зірнула на яго такімі адданымі і чыстымі вачыма, што ён адчуў сябе нягоднікам. Як ён пасмеў так гаварыць з гэтай дзяўчынай! Гэта не Адэля Арлоўская і не яго сястра Алена. Яе няможна крыўдзіць, яе грэх крыўдзіць...
— Даруй мне, Ганна. У мяне ўсё загарэлася ўсярэдзіне. Гэты твой бацька... Я праз яго вар’яцею. Ты сама ведаеш, што мне ўвесь год амаль немагчыма будзе сустракацца з табой. Цэлы год. Але ты вер мне, чакай мяне. Добра, Ганна?
— Каб я ведала, Андрэйка...
— Ведай! І вер. Як самой сабе. Больш! Ну, дык от, я ўсё сказаў... А цяпер мне трэба ісці, бо вунь прэцца твой бацька.
— Ідзі, Андрэйка, ідзі! — сказала яна, кратаючыся рукою да яго грудзей.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Маёнтак пана Крупскага размясціўся непадалёку ад сяла Чыжэвічы на беразе ракі Случ. Зямля тут была ўраджайная, найлепшая ў наваколлі, адразу за ракой пачынаўся заліўны луг, таксама найлепшы ў наваколлі, а за ім — лясная дача Далева, найлепшая з усіх лясных дач на Случчыне. Яна займала больш за пяць тысяч дзесяцін бору і запаведных дуброў. Тут нават клён, ясень, граб і вяз былі рэдкімі дрэвамі. От якая гэта была дача. Усё навокал панскае — зямля і вада. Нават рыбу лавіць у Случы было забаронена мужыкам.
Вёрст за пяць ад маёнтка знаходзіўся фальварак Бярозаўка. Ён таксама належаў пану Крупскаму.
У самым маёнтку быў бровар і вялікі паравы млын на вальцах. Пан Крупскі ўмеў гаспадарыць і лічыўся адным з самых багатых абшарнікаў на Случчыне. Адзін толькі сад яго займаў дзесяць дзесяцін. Тут, у садзе, стаяў панскі палац — трохпавярховы гмах, які ўпрыгожваў бы не толькі Слуцак, але і Мінск.
Пан Крупскі з сям’ёй рэдка прыязджаў у свой маёнтак. Жыў у Варшаве, наведваў Парыж і іншыя сталіцы. Усе справы ў маёнтку і фальварку вёў хітры немец Гендарсан.
Вось з гэтым Гендарсанам і не ладзіў у свой час парабак Якаў Шэмет.
У нядзелю выдаўся хмарны, невясёлы дзень. У любую хвіліну з нізкага неба гатовы быў пачаць сеяцца дробны дождж.
У двары Яўхіма Халусты ў такое надвор’е было яшчэ змрочней, чым у мінулыя дні. Ён сёння нагадваў турэмны двор. Сам Яўхім, пануры і злосны, быў падобны на турэмнага наглядчыка. Ён сноўдаўся ад свірна да хлявоў, ад хлявоў да гумна, ад гумна да хаты, правяраў, ці ўсё ў парадку. І да якой бы будыніны ні падыходзіў, усюды яго сустракала сабачае гырканне.
— Абжыраеце вы мяне, каб вы падохлі,— бурчаў Халуста.
Калі рыпнулі хатнія дзверы і на двор выйшаў Якаў Шэмет, Яўхім спыніўся. Якаў ішоў да брамкі.
— Куды ты? — гукнуў яму ўслед Халуста.
— У Чыжэвічы,— не спыняючыся, адказаў Якаў.
— Пачакай, ліха матары тваёй! Пачакай! Хіба ў цябе работы няма?
— Сёння нядзеля. Забыўся, як дамаўляліся?
Халуста хапіўся за галаву. Ён думаў, што і гэтага парабка возьме ў свае рукі, так, як браў другіх. Але гэтая гарадская басота не хоча паддавацца.
— А калі ж ты вернешся?
— Заўтра раніцай.
— Ах, які ж ты памятлівы, злодзей... Які ж ты памятлівы... Ну, ідзі, каб ты адтуль не вярнуўся!
— Табе ж горш будзе,— адказаў Якаў і выйшаў на вуліцу.
Нідзе не было ні душы.
Якаў выйшаў за засценак і пашыбаваў па сцежцы, што вяла ў Чыжэвічы. Воддаль віднеўся Хаімаў вятрак. Ён не малоў, і здавалася, што папярочныя яго крылы абвіслі ў знямозе. На поплаве было мокра, сцежка вілася па ім слізкая і вільготная. Калі Якаў прыйшоў у Чыжэвічы, на вуліцы было пуста. Сустрэў толькі адну жанчыну, якая несла вёдры з вадой. Перш за ўсё зайшоў да свайго брата Піліпа. Жыў ён амаль на сярэдзіне сяла, у старой бацькоўскай хаце. Гаспадарку меў бедную. Траціна зямлі, як у Сымона Ашакевіча, вузенькая сядзіба, конь і карова. Палова ўсяго гэтага належала Якаву, але ён адмовіўся ад яе ў карысць старэйшага брата.
Піліп — трыццацігадовы мужчына, чорнабароды асілак — меў ужо ладную сям’ю: жонку і чацвёра дзяцей. Ён любіў і паважаў малодшага брата, але заўсёды крыху баяўся яго. Часта ў галаву прыходзіла думка, што Якаў возьме ды забярэ сваю частку гаспадаркі. Ён зусім быў супакоіўся, калі Якаў выехаў у горад, а цяпер зноў ахапіла трывога. Трывогу гэтую заўсёды падагравала ў ім жонка Лукер’я, імклівая і гарачая, як кіпень, жанчына.