Тым часам вярнуўся ад Арлоўскага Піліп.
У маёнтку спраўлялі святы дзень, таму не было ў ім той мітусні і тлуму, якія панавалі тут у буднія дні. Не было спакою толькі тым, хто даглядаў панскую скаціну, ды пастухам. Людзей у маёнтку сустракалася мала, бо парабкі адсыпаліся за тыдзень у двухпавярховых камяніцах.
Якаў хацеў убачыцца са сваім старым прыяцелем Станіславам Вярбіцкім, машыністам бровара. Як спецыяліст, Вярбіцкі меў права жыць не ў бараках, як іншыя парабкі, а асобна. Жыў ён у невялікім цагляным доміку, што стаяў каля самага берагу Случы. Тут жа каля доміка быў і агарод, дзе расло некалькі яблынь, ігруш і вішань.
Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Гэта быў сухарлявы чалавек гадоў пад трыццаць, высокі, гарбаносы. Твар быў даўгаваты, лоб шырокі і маршчыністы, вочы шчырыя і праўдзівыя. Гледзячы ў іх, нельга было салгаць. Яны самі не хлусілі і ўмелі распазнаць злодзея.
— А-а, Якаў! — узрадаваўся Стась, калі Якаў увайшоў у хату.— Я цябе даўно чакаю, аж выспацца паспеў.
— У Піліпа затрымаўся.— Якаў хацеў растлумачыць, як усё выйшла, але падумаў, што гэта зусім не патрэбна.
— Ну, дык садзіся вось тут на лаву. Адзін я пакуль што, Ядвіга выйшла да суседкі. Ну, як ты жывеш у малінаўскага панка? — запытаў Стась.
— Ты ўсё роўна не паможаш мне,— усміхнуўся Якаў.— Як жыву? Работы многа, харчы дрэнныя, а лаянкі — аж з коптурам. Я не маўчу: не горш за яго навучыўся лаяцца. Ён аж усцешыцца іншы раз, гад: «Ліха матары тваёй, дзе ты так навучыўся!» Ты лепш раскажы, што тут у цябе новенькае?
— Амаль нічога, Якаў. Гендарсан лютуе, як і раней.
— Гэта я і без цябе ведаю, Стась... Тое самае было і тры гады назад, калі я рабіў у маёнтку... Трэба сярод людзей работу праводзіць, а ты тут адзін.
— Адзін.
— Няўжо ж тут няма такіх людзей, з якімі можна працаваць? Ты тут агурыўся, Стась, ці баішся, каб зноў не арыштавалі?
— Гэта было даўно, Якаў... Але калі прыйшлося мне пасля арышту без работы паўгода павалачыцца ды з Пецярбурга аж сюды прыехаць, то я, мабыць, такі і агурыўся трохі... І людзі тут не такія, якія былі на нашым заводзе. Я спачатку не разумеў іх.
— Людзей табе пара ведаць. Ты жывеш тут чатыры гады...
— Я жыву тут пяты год, гэта праўда, але парабкі тут мяняюцца кожны год. Не паспееш да чалавека прыглядзецца, а яго ўжо няма. І ўлічы, што гэта не фабрычныя рабочыя, а парабкі.
— Латышскія парабкі маёнткі дзеляць.
— Там спадчынныя парабкі, пралетарыят, а тутэйшыя з зямлёй звязаны.
— Я таксама быў з зямлёй звязаны.
Якаў хацеў сказаць, што ён ужо развязаўся з зямлёй, але гэта было б падобна на пахвальбу.
— Ты — зусім іншая справа. Ты рабіў у дэпо амаль тры гады. Ты ўжо рабочы.
— Дык, па-твойму, тут няма ні ўмоў для рэвалюцыйнай работы, ні людзей, якія маглі б яе праводзіць?
— Я гэтага не казаў. Тут цяжэй, разумееш? А людзі ёсць. Сёння ты сустрэнешся з адным хлопцам. Паглядзіш на яго, пагаворыш. Завуць яго Павел Квітун.
— Хто ён такі?
— Мой памочнік. Мы ўдвух два паравікі абслугоўваем: у млыне і ў бровары. Мне падабаецца гэты хлопец. Пагаворыш з ім сам. Ён ужо тут два гады. Ёсць і другі чалавек, пажылы ўжо, але яшчэ халасцяк. З выгляду вельмі пануры, змрочны нейкі. Адчуваю, што калісьці жыццё яго так ударыла, што ён і да гэтае пары ачухацца не можа. Дарэчы, ён з Паўлам Квітуном жыве ў адной каморы. Завуць яго Платон Шабуня.
— Вельмі добра. А то ты мяне проста агарошыў.
Я падумаў, што ў маёнтку і людзей няма.
— Дарэмна ты так падумаў. Людзі ёсць, толькі іх разгледзець трэба. Мне аднаму цяжка, а калі ў нас будзе тры пары вачэй, то мы лепш распазнаем, бо будзем глядзець на іх з розных бакоў.
— Правільна, Станіслаў. Ну, як табе даецца «Што рабіць?» Леніна?
— Цяжка даецца. Я сапраўды адстаў, Якаў. У Пецярбургу ў рабочым гуртку займаўся, там лягчэй было. Чаго сам не разумееш, таварышы памогуць, кіраўнік гуртка. Мы Маркса вывучалі ў перакладах Пляханава. Разумны дзядзька гэты Пляханаў, хоць і панскі сын. «Маніфест» цяжка даваўся. Папацеў я, ды і іншыя хлопцы таксама. Але вялікая справа гурток!..
— Ну, дык чаго ж! Тры чалавекі — хіба не гурток? Нас ужо двое. Калі Павел Квітун надзейны, от табе і трэці.
— На Квітуна я спадзяюся. Вечарам я цябе з ім пазнаёмлю. «Из искры возгорится пламя»! — узнёсла прамовіў Стась.