Выбрать главу

— Жонка твая скора прыйдзе? — запытаў Якаў.

— Павінна скора прыйсці.

— Ну, дык пакуль яе няма, я табе павінен важную рэч сказаць. Да мяне павінен прыйсці чалавек са Слуцка, праз якога я падтрымліваю сувязь з Мінскам. Дзе мы сустрэнемся і як, той чалавек ведае. Ён прынясе літаратуру і ўказанні аб далейшай рабоце. Але гэта будзе апошняе наша спатканне, бо мне сустракацца з чужым чалавекам, жывучы ў Халусты, небяспечна. Халуста ўвесь час сочыць за мной, куфэрак мой ператрасае. Таму чалавеку таксама небяспечна. У Слуцак паехаць я не магу, а за дзень схадзіць пехатою туды і назад цяжка. Табе трэба ўзяць сувязь са Слуцкам на сябе. Скора мы павінны атрымаць матэрыялы аб другім з’ездзе РСДРП. Гэта вельмі важна. А як іх атрымаць? Пры сустрэчы я таму чалавеку са Слуцка ўсё растлумачу, а табе дам адрас і пароль. Ці зможаш ты зрэдку бываць у Слуцку?

— Зусім проста. Адзін раз у месяц я маю права браць за стайні каня і ехаць на кірмаш, у госці, куды мне захочацца, толькі не ў будзённы дзень. Гэта мая прывілегія.

— Ты мяне ўзрадаваў, Станіслаў.

— Ты ў мяне пра жонку пытаў,— прамовіў Станіслаў, зірнуўшы ў акно.— То вунь ідзе яна. Яна яшчэ нічога не ведае, Якаў, то пры ёй мы ні аб чым такім гаварыць не будзем.

  РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Падвечар неба пачало праясняцца. Памалу хмары аселі над кругаглядам, і сонца перад захадам падпаліла іх сваімі апошнімі праменнямі. Яны ўспыхнулі пурпуровым полымем, і на дварэ пасвятлела. Навокал стала так хораша і ясна, нібы пачалося ранне новага дня.

У маёнтку было ажыўлена. То ў адным, то ў другім месцы чуваць былі гаворка і смех. Людзі выспаліся за дзень і выйшлі на свежае паветра з баракаў-камяніц, падобных на турмы.

Адчыніліся дзверы доўгай аборы-свінушніка. Туды з парыльні насілі парабчанкі поўныя вёдры паранай бульбы «замежным панам» — кароткалычым чорным беркшырам і белым іаркшырам. Са стайні конюх вывеў на шпацыр варанога жарабца. Гэты «высакародны паніч» не знаходзіў месца на шырокім' дварышчы, станавіўся дыбка, вытанцоўваў, як самы шляхетны кавалер, выгінаючы прыгожую шыю, высока падымаючы дужыя тонкія ногі. І конюх завёў яго на луг да Случы, там усё-такі прастарней.

Са свайго асабняка, што стаяў у канцы саду, выйшаў аканом пан Гендарсан. Круглы і ружовы, з маленькім носікам, у капелюшы, ён зірнуў на неба, потым скрывіўся і моцна чхнуў раз, другі і трэці. Тады абцёрся тонкай хустачкай і бадзёра пайшоў выконваць службу. Ён абышоў сад, углядаючыся на яблыні і грушы, абсыпаныя антонаўкамі і бэрамі, цыганамі і зелянухамі, шлянкоўкамі і свентаянкамі, і хмыкнуў ад задавальнення. Сад, як і ўвесь маёнтак, Гендарсан лічыў уласнасцю не толькі пана Крупскага, а ў значнай долі і сваёй уласнасцю. Так, усе летнія гатункі садавіны даўно зняты з дрэў і прададзены. Значную частку грошай Гендарсан палажыў у сваю кішэню. Асталіся зімовыя гатункі. Аканом быў упэўнены, што і з іх яму перападзе нямала.

З саду аканом уляцеў у свіную абору і ўшчэнт перапалохаў усіх свінарак.

— Сукіны доч! — закрычаў ён.— Што за безабразі ест? Чаму сольцэ так высак ест, а вы пачаль карміт? Ві сам швіня!

Парабчанкі маўчалі. Не маглі ж яны сказаць аканому, што сёння будзе вечарынка і яны надумалі раней пакарміць свіней, каб і самім крыху прыбрацца. Вылаяўшы свінарак самымі бруднымі словамі, Гендарсан прыгразіў, што ўсіх выганіць вон, і памчаўся далей.

Тым часам вечар набліжаўся. Жанчыны, якім і ў святочны дзень хапае работы, нарэшце знайшлі вольную хвіліну і пачалі збірацца, каб пагутарыць пра сваё горкае жыццё, паскардзіцца адна адной, абмеркаваць усе апошнія навіны.

Павел Квітун увесь дзень не быў у маёнтку. Як пайшоў, паснедаўшы, у Чыжэвічы, дык і прасядзеў там да вечара. У Чыжэвічах ён меў дзяўчыну, дачку Пракопа Крываблоцкага, Надзю. Ужо год хадзіў да яе, але ведаў, што вялікіх поспехаў не дасягнуў. Надзя яго кахала, ён гэта адчуваў, з ёю мог бы згаварыцца, але бацькі! Бацькі былі непрыступныя. Асабліва сам Пракоп. Ён нават не хацеў заўважаць Паўла, бачыў у ім не чалавека, які мае нейкую сваю годнасць, а толькі парабка, нанятага бяздомніка. «Нават жаніцца парабку нельга. Ён не мае на гэта права,— думаў Павел.— Які там гаспадар Крываблоцкі, а праспрабуй пасватацца да яго дачкі! Ён перш за ўсё запытае: «А дзе твая хата, чалавеча, якая ў цябе гаспадарка? На чыім кані ты павязеш маю дачку і тое, што я ёй дам у пасаг, і куды павязеш?» От якое жыццё. З Марцінам, Надзіным дзядзькам, дамовіцца было б лягчэй, але сам Марцін нібы за парабка ў свайго брата Пракопа, і гэтае справы ён не вырашыць...»

Павел вярнуўся ў маёнтак у дрэнным настроі. Нават пагутарыць адзін на адзін з Надзяй не ўдалося. Не то што яна пазбягала яго, а проста не выйшаў такі выпадак. Як гэта цяжка! Тыдзень не бачыць каханую, прагнуць спаткання — і калі, нарэшце, прыйшоў гэты час, не сказаць ёй ні слова.