Выбрать главу

Страшная справа. Пан Крупскі пагарджае сваім аканомам Гендарсанам, той і ў грош не ставіць малінаўскую шляхту, шляхта не прызнае за людзей чыжэвіцкіх мужыкоў, а чыжэвіцкія мужыкі не прызнаюць панскіх парабкаў. Яны самыя апошнія, самыя абяздоленыя... Ім няма месца сярод людзей...

Сёння Павел прыйшоў да Крываблоцкіх з паўквартай спірту. Купіў у старога Яся — подвальнага з бровара. Меркаваў, што, выпіўшы чарку, Пракоп стане падатлівейшы. А што з гэтага выйшла! Пракоп нават не сеў за стол, павярнуўся і пайшоў з хаты. Ён не хоча з парабкам нават сядзець за адным сталом. Усю паўкварту выпіў адзін Марцін, сам Павел узяў толькі адну чарку, бо мала таго, што ты парабак, не пасмей жа яшчэ праславіцца як п’яніца. Тым усё і кончылася. Марцін гаварыў пра палітыку, пра вайну, чытаў уголас пецярбургскія газеты. Дзякуй яму і за гэта, а то Паўлу зусім не было б чаго рабіць у Крываблоцкіх, хоць забірай шапку і ўцякай з хаты...

Дзівак гэты Марцін. Ён перакананы, што Павел ходзіць да Крываблоцкіх толькі дзеля яго. Было б вельмі добра, каб так думаў і Пракоп. Але, мабыць, Пракоп падазрае праўду. Ён іншы раз так калюча паглядае на Паўла, што таму хоць скрозь зямлю праваліся.

Добра, што перад самым адыходам Паўла Надзя здагадалася выйсці ў сені. Пацалаваліся крадком, як злодзеі. Шапнуў, каб прыйшла на вечарынку ў маёнтак. Яна толькі ўсміхнулася і адмоўна кінуўла галавою. Каб яна, гаспадарская дачка, пайшла на парабкоўскую вечарынку! Вось якое жыццё. А паспрабаваў бы парабак з’явіцца на вечарынцы ў сяле! Наўрад ці вярнуўся б ён дадому цэлы. Паказалі б яму гаспадарскія сыны, дзе зімуюць ракі.

Каб скараціць дарогу да свайго барака, Павел не пайшоў праз вароты. У яго была свая, вядомая толькі яму аднаму пуціна праз панскі сад. Ён пераскочыў плот і пайшоў каля кустоў акацыі, каб не трапіць на вочы аканому, які падняў бы, вядома, лямант на ўвесь маёнтак. Аднак сёння яму не ўдалося прайсці непрыкметна. Здаецца, мінуў усе небяспечныя мясціны, трэба было толькі збочыць да свайго барака, як перад ім, нібы з-пад зямлі, паўстала жаночая постаць. Павел спыніўся. Позірк яго сустрэў халодныя, але цікаўныя вочы высокай светла-русай дзяўчыны, падобнай на здань. Гэта была аканомава дачка Эльза. Павел рашуча пайшоў наперад. Эльза правяла яго доўгім позіркам.

Гэта была не першая такая сустрэча. Ужо некалькі разоў Эльза нечакана сустракала яго, прытым у такіх мясцінах, дзе Павел наогул не падумаў бы, што каго сустрэне. І вочы ў гэтай Эльзы заўсёды былі такія ж: халодныя і цікаўныя.

«Няўжо гэта выпадковасць? — думаў Павел. — А калі не, то што мае да мяне аканомава дачка? Што ёй трэба? Выпадковасць! Выпадкова можна сустрэцца раз або два, на дарозе, а не на глухой сцежцы. Гэта зусім не выпадкова, а неяк загадкава. У садзе, напрыклад, ён дагэтуль не сустракаў яе. Сустракаў вечарам на лузе, калі ішоў пасля купання са Случы, сустракаў каля бровара, на дарозе да лясной дачы Далева, за ракой. І заўсёды гэтыя халодныя, цікаўныя вочы. Няўжо яна яго прыпільноўвае? Але навошта?»

Так ні да чаго і не мог дадумацца Павел. Аднак сёння і яго ахапіла цікаўнасць. Што, уласна, за чалавек гэтая высокая бялявая дзяўчына-чужаземка? У маёнтку яна бывае толькі ў час вакацый летам ды зімой, астатні час вучыцца ў Мінскай жаночай гімназіі. Мабыць, сумна ёй тут, няма раўні, таму і шукае незвычайнай вясёлай прыгоды. Сярод паненак сустракаюцца такія шукальніцы. І назваць яе непрыгожай нельга. Толькі прыгажосць яе непрывабная, чужая. Хіба можна параўнаць яе з Надзяй? А так з выгляду нішто сабе — высокая, статная, зграбная, не падобна на сваю доўгую качаргу матку і тоўстага гарбуза бацьку.

З такімі думкамі Павел прыйшоў у барак у свой пакой. Сеў на нары, дзе разам з ім спала яшчэ два чалавекі, і яму стала сумна. Нары былі прасторныя, качайся на голых дошках колькі ўлезе, але не вельмі качаліся парабкі. Як напрацуецца за дзень ды як заваліцца на спіну ці на бок, дык да раніцы і не паварухнецца. Жоўтыя з рыжымі плямамі сцены з патрэсканай атынкоўкай, якая абсыпалася цэлымі кавалкамі, нізкая парыжэлая столь, брудная падлога — усё гэта наводзіла на невясёлыя, цяжкія думкі.

З двух Паўлавых сяброў у пакоі быў толькі адзін, Міхаль Рожка. Ён, відаць, нядаўна прачнуўся, бо сядзеў на нарах, раскудлачаны, пануры і злосны.

— Да Надзі валачыўся? — злосна запытаў ён у Паўла.— Кавалер! Выспацца не ўмееш за тыдзень адзін раз. Богам дадзенага адпачынку скарыстаць не ўмееш. А заўтра носам кляваць будзеш на рабоце.