Павел здзіўлена зірнуў на Міхаля.
— Чаго ты ўз’еўся без дай прычыны? За панскую работу хварэць пачаў? Не бойся, носам кляваць не буду. Машыны ў бровары ладзім, дык стуку і груку столькі, што нежывы прачнецца!
— Стуку і груку... Толькі што стуку ды груку, а карысці колькі!.. Дурань ты, от што!.. Але можа Пракоп Крываблоцкі ў прымы возьме басяка, галяка, сцягача з усяго свету.
— Ідзі лепш памыйся, Міхаль.
Міхаль зірнуў на Паўла, нешта хмыкнуў і выйшаў. Павел зразумеў, што з хлопцам творыцца нешта няладнае. Між тым вярнуўся Міхаль, памыты, расчэсаны і павесялелы.
— Ну?
— Што ну?
— Як твая Надзя?
Павел нахмурыўся.
— Што табе да мае Надзі? Ты лепш пра сваю Любу раскажы.
— Мне няма чаго расказваць... Мы з ёй калі захочам, дык заўтра ж у царкву да Сулкоўскага пойдзем... А там пан аканом і каморку нейкую дасць... Жывіце, «рускі швіня», пладзіцеся, пускайце на свет сабе падобных, голых ды босых... А ты і такога шчасця не маеш.
— Ты што? — ускіпеў Павел.— Здзекуешся з мяне?
— Дурань ты! Здзекуешся... Я сам з сябе здзекуюся.— Ён хапнуў рукамі за галаву і з адчаем зірнуў на Паўла.— Ведаеш?.. Люба мая загрубела. Загубіў я дзяўчыну...
— Што? — Павел не верыў сваім вушам.
— Больш як два месяцы...
— Ну дык што ж! Жаніцеся! Дзівак-чалавек!
— Жаніцеся... А жыць як? — закрычаў Міхаль.— Скажы, як жыць? Ты бачыў, як жывуць сямейныя? Быў у іх бараках? А-а? Бачыў? Нюхаў іх жыццё?
Павел схапіў яго за грудзі і прыцягнуў да сябе.
— Сукін сын! Ты што? Жаніцца з ёю не думаеш?
— Пусці, Павел... Я ж табе не казаў...
Павел страсянуў яго і адпіхнуў ад сябе:
— Вымятайся адсюль, свіння! Чуеш? Ідзі шукай сабе другога месца. Прыйдзе Платон — мы цябе, лыску, выкінем адсюль.
Міхаль пабялеў. Чуб яго смешна павіс на правае вуха.
— Слухай, Павел...— сказаў ён глухім голасам.— Я ж люблю яе... Ты разумееш гэта? Люблю! Але як жыць?.. Гендарсан пакуль каморку дасць, дык душу з цела выме... А потым? Яна ў свінушнік, а я — куды аканом дашле... А потым дзіця... І... на маёй шыі двое... Як жа жыць?..
— Маўчы, шэльма! А як яна будзе жыць з дзіцем? Адна, як палец!.. Ды каб мая Надзя загрубела — я да неба падскочыў бы. Тады Крываблоцкі з радасцю аддаў бы яе за мяне.
Міхаль з цікавасцю і недаверам зірнуў на Паўла.
— Дык слухай, Павел... Я сёння скажу Любе... Яна змарнела за гэтыя дні. Плача і плача... Што ж, ёсць чаго плакаць. Чуеш, Павел? Я скажу ёй сёння. А ты, Павел, падбадзёр яе. У тую нядзелю павянчаемся. А то я сабе месца не знаходзіў...
— Бо дурань легкадумны. Добра, што хоць не шэльма, а то я падумаў пра сябе: сябраваў з такім нягоднікам. Мы ж з табой, здаецца, крыху сябравалі?
— Вядома, Павел. Мы, ведаеш, цябе за кума возьмем. Люба будзе рада. Яна цябе вельмі паважае. Ты згодзішся?
— З радасцю.
— А Люба, браце Павел, такая харошая дзяўчына!
І добрая, і разумная, і рабіць усё ўмее. Але бог долі не даў. Яна з маленства круглая сірата. Тут, у маёнтку, і вырасла.
— Не, Міхаль, і бог і чорт тут ні пры чым. Жыццё наша такое сабачае. Паны ды вось такія аканомы адабралі нашу долю. Думаеш, лепш жывуць мужыкі? Ведаю я! Некаторыя жывуць, а большасць палец смокча. Зямлі мала. Вунь у Чыжэвічах мала ў каго свайго хлеба хапае. А падаткі! Хоць з калена выламі, а заплаці, а то апошнюю карову з хлява пацягнуць. Мне Марцін Крываблоцкі расказваў пра мужыцкае жыццё, ды і сам я не сляпы, бачу. Зямля неўрадлівая... Я не ў першым маёнтку. Міхаль, і дзе ні быў — усюды што лепшае, дык і панскае. Зірні, якая зямля ў маёнтку і якая ў сяле. Тут дзіцё пасадзі, дык вырасце, а там пустазелле расці не хоча. Або сенажаць. У пана заліўны луг пад бокам, а ў іх балота за дваццаць вёрст. І ўсюды так. Марцін Крываблоцкі не дурны чалавек, хоць і п’е. Ён газеты чытае. Ужо, браце Міхаль, мужыкі з сякерамі ды косамі падымаюцца на паноў. А ў гарадах што робіцца!..
— Маўчы, Павел... За такія размовы ў Сібір ссылаюць...
— А ты што — аканому ці ўрадніку данясеш? — гнеўна запытаў Павел.
— Ду-урань ты! Вунь, чуеш, Платон ідзе.
У доўгім калідоры сапраўды чуваць былі крокі.
Пасля заходу сонца неба зусім ачысцілася ад хмар. Вечар пачаўся ясны, але халаднаваты. Над лугамі і Случчу курыўся туман. З вялікага барака, дзе харчаваліся адзінокія парабкі, чуліся гукі гармоніка і бубна. Вечарынка ішла поўным ходам.
Станіслаў Вярбіцкі і Якаў Шэмет, абодва на першы погляд п’янаватыя, зайшлі ў памяшканне, бітком набітае моладдзю. Музыкі ігралі кракавяк, і ўся сярэдзіна памяшкання была занята тымі, хто танцаваў. Уздоўж сцен на лаўках сядзелі пажылыя, што прыйшлі пацікавіцца, успомніць маладосць. Пад столлю вісела вялікая лямпа, але ў вялізным пакоі было цемнавата. Станіслаў пайшоў уперад, а Якаў спыніўся каля Станіслававай жонкі і запрасіў яе на танец.