«От свалата...— думаў ён.— Замок яму патрэбен... Такое ў яго багацце ў свірне... Яблыкі гнілыя...» Але тут нешта бліснула на зямлі ля самых ног. Нічыпар нагнуўся і падняў. Ага! Кавалак старой шыны. Згодзіцца, маўляў, і гэта. Хацеў ужо супакоіцца, як яго гукнуў Гарасім.
— Ты, можа, чаго прыходзіў, Нічыпар?
— Не... Я думаў, у царкву...
— Хіба так многа награшыў за тыдзень?
Нічыпар не паверыў сваім вушам. «Здзекуецца, гад печаны»,— падумаў ён і не адказаў. Не паверыў сваім вушам і Андрэй Сташэвіч. Ён у гэты час стаяў на прыгуменні, чуў усю гутарку, ад душы насмяяўся і пачаў лепш думаць пра Гарасіма, чым думаў дасюль. Захацеў нават падысці да яго.
— Што гэта Нічыпар так скора пайшоў ад вас сёння, пане Жукоўскі?
— Ды ён, бачыце... жалезца бліскучае ўбачыў і пабег яго падымаць...— нечакана для Андрэя і для сябе выпаліў Гарасім, і абодва зарагаталі.
— А я думаў, што ён спалохаўся таго жалеза, што вісіць на дзвярах вашага свірна.
— Узлаваўся,— зусім даверліва, як свайму, прызнаўся Гарасім.— А вы такі праўду казалі. Лазіў ён у свіран.
— Пане Жукоўскі! — нечакана для самога сябе сказаў Андрэй.— У нас сёння памінкі па бацьку, то можа б вы прыйшлі? Вы ж самы блізкі сусед!
Гарасім падумаў.
— Вы мяне толькі ад сябе запрашаеце?.. Ды і на пахаванне вы мяне не звалі, пане Сташэвіч...— з дакорам адказаў Гарасім.
— Так выйшла... А запрашаю я вас ад усёй сям’і,— салгаў Андрэй, бо думка запрасіць Гарасіма на памінкі з’явілася ў яго ў апошнюю хвіліну.— На памінках будзе і бацюшка,— дадаў ён.
— Бацюшка? — перапытаў Гарасім, і твар яго скрывіўся.— Калі будзе гэты бацюшка,— Гарасім зрабіў націск на апошнім слове,— то я не прыйду... Скажыце, вы і яго запрашаеце ад усёй сям’і?
— Не, пане Жукоўскі. Гэтага хоча мама, і я не магу ёй пярэчыць. Каб была мая воля, я не пусціў бы яго на парог.
Твар Гарасіма праясніўся.
— Скажу вам праўду, пане Сташэвіч,— прамовіў ён.— Я не люблю гэтага папа... Шмат іх я бачыў за сваё жыццё. Ён акурат такі поп, якіх я не люблю. Таму і не прыйду на памінкі.
Гэтая гаворка яшчэ болей зблізіла абодвух суседаў. Але канец яе сапсаваў пачатак. Нібы чорт пацягнуў Андрэя за язык.
— І на якое ліха, пане Жукоўскі,— сказаў ён,— вы аддаяце ў арэнду зямлю гэтай сваёй радні. Аддалі б каму-небудзь чужому, большая б была карысць.
Нарбутовіч дык хоць зямлю не запусціў, а ў Мартыневіча толькі пустазелле расце. Ды і арэнду, я думаю, яны не вельмі спраўна плацяць.
Гарасім хваравіта зморшчыўся.
— Дзе там спраўна...
— А яшчэ лепш прадаць вам сваю паўвалоку.
— Як гэта прадаць? — Гарасім страшна абурыўся ад такой парады.— Як гэта я прадам бацькаўшчыну? А сам?
— А сабе б пакінулі сядзібу з садам. Хіба вам многа трэба?
Андрэй нават не падазраваў, якога цвіка ўвагнаў у Гарасімаву галаву.
Калі Андрэй прыйшоў у хату, маці ўжо запаліла ў печы. Алена на стале раскачвала локшыну.
— Пасек бы ты мяса, Андрэй,— сказала яна.
Андрэй хоць і неахвотна, але ўзяўся за гэтую работу. Жанчыны канчалі падрыхтоўку да памінак. Падвечар павінны былі сабрацца людзі. Трэба было прывезці папа ды заадно заехаць да Марціна Крываблоцкага.
Неўзабаве прыйшоў Ян.
— Ты заняўся бабскай работай,— сказаў ён.— Няхай яны самі яе робяць, а мы з табой выйдзем ды абмяркуем нашы мужчынскія справы. Кожнаму сваё.
Андрэй быў рады такой прапанове. Абодва селі на прызбе.
— Аляксандра не прыедзе,— сказаў Ян, памаўчаўшы.
— Можа сёння прыедзе. Яшчэ ж рана.
— Не, учора я ліст атрымаў ад яе. Піша, што Антось яе хворы. А па-мойму — хлусіць. Свіння! Забагацела. Мала таго, што свайго дурнога Антося асядлала, дык і бацьку памянуць не хоча.
— А мне ні слова,— пакрыўджана сказаў Андрэй.
— Яна цябе мала баіцца, а я ж пісаў ёй. Чорт яе бяры, няхай не едзе. Не так яна на памінках была патрэбна, як для гаворкі. Яна недурная жанчына і прытым мае мужчынскі розум. Але часу яшчэ хопіць... Гарэлкі ў нас малавата. Калі паедзеш да папа, то зайдзі да Арлоўскага ды купі.
Ён выняў з кішэні скураную калітку, адлічыў грошы і падаў Андрэю.
— Купі на гэтыя ўсе, і хопіць. Не вяселле спраўляем.
Памінкі пачаліся чынна і ўрачыста. Усе сталі на калені і памаліліся богу, толькі поп Сцяпан Сулкоўскі стаяў слупам наперадзе. Сёння ён ў поўнай меры быў задаволены. Змірыўся, нарэшце, непакорны дух Андрэя Сташэвіча, праз якога айцец Сцяпан перажыў нямала непрыемных хвілін, бо яшчэ і цяпер не забыла паства тую споведзь, калі нягоднік Сташэвіч успомніў Юльку-пакаёўку. А цяпер няхай ведаюць усе, што той самы Сташэвіч пакланіўся айцу Сцяпану, запрасіў яго на памінкі і прывёз сам на сваім кані. Мала хто запрашае папа на памінкі, толькі самыя багатыя і богамаленныя. Пра Сташэвіча нельга сказаць ні таго ні другога. Значыць, была іншая прычына, якая прымусіла такога прайдзісвета скарыцца. Не ведаў айцец Сцяпан, што ніхто не ўгаварыў бы Андрэя запрасіць папа на памінкі, каб Ян не сказаў, што гэта была апошняя бацькава воля.