Выбрать главу

Пад канец памінкі сапраўды пачалі нагадваць вяселле. Толькі песень не было, хоць малінаўскія шляхцюкі і на вяселлях мала спяваюць. Яны толькі станавіліся больш гаваркія і памяркоўныя, нават цалаваліся і ўсхліпвалі ад паўнаты пачуццяў.

Ужо добра сцямнела на дварэ, калі людзі пачалі разыходзіцца. Першыя пайшлі дамоў жанчыны, у якіх заўсёды дома многа спраў, потым старыя, якім трэба было падумаць і пра сваю смерць. Ці справяць па іх родныя такія памінкі, якія справіў па свайму бацьку Андрэй?

Нарэшце ў хаце асталіся толькі Ян Сташэвіч, Марцін Крываблоцкі, Сымон Ашакевіч і айцец Сцяпан. Ён, мабыць, вырашыў не вылазіць з-за стала датуль, пакуль у хаце не астанецца ні адной кроплі гарэлкі. Гэты поп умеў піць і хмялеў не адразу.

Сымон ужо некалькі разоў памыкаўся ісці дадому, але яго затрымліваў Марцін, які не мог не выказаць сваіх поглядаў на палітыку, на становішча ва ўсім свеце, асабліва калі ў яго галаве раіліся высокія і смелыя думкі. Нехта ж павінен быў выслухоўваць яго меркаванні, і ён выбраў Сымона.

Ян, як самы сталы, займаў папа і раз за разам падліваў яму ў чарку.

— А можа хопіць? — весела пытаў айцец Сцяпан, перакульваючы чарку ў рот.

— А нічога! — супакойваў яго Ян.— Можна і яшчэ адну.

— Тады я, пане Сташэвіч, дамоў не траплю.

— Завязём, бацюшка, чаго там!

Сулкоўскі больш прытвараўся п’яным, чым быў на самай справе. Ён піў, гутарыў з Янам і адначасова прыслухоўваўся да таго, што гаворыць Марцін свайму суседу Сымону. Яму даўно хацелася ўмяшацца ў іх гаворку, паспрачацца з Марцінам, бо размова з Янам не здавольвала яго. Што цікавае мог сказаць Ян падгуляўшаму папу?

— Марцін Сяргеевіч! — нарэшце не вытрываў ён.— Вялікі палітык і філосаф! Вы сееце плевелы ў душы маёй паствы.

— Не, айцец Сцяпан! Я туды жменямі сыплю пшаніцу!

Поп зарагатаў і паківаў пальцам.

— Вы, я чую, талкуеце аб вайне.

— Але, айцец Сцяпан, я не талкую нічога недазволенага, а толькі тое, пра што пішуць у газетах.

— Кладзезь прамудрасці! Але вы талкуеце і пра мяцежнасць чэрні.

— Гэта, айцец Сцяпан, я таксама не выдумаў.

— Але мы сядзім на мірнай бяседзе, а вы ўсяляеце мяцежны дух у сэрцы маіх парафіян. Гэта не да месца.

— Кожны гаворыць тое, што яму хочацца, айцец Сцяпан. Я, напрыклад, не замінаю вам.

— А хіба я вам замінаю? Я — ваш пастыр, я павінен стрымаць ваш мяцежны дух.

Крываблоцкі мігам працверазеў.

— Тады айцец Сцяпан не пастыр, а жандар.

— Ха-ха-ха! Напрасна, напрасна, Марцін Сяргеевіч! Такі свяшчэннік, як я, не можа быць жандарам. Я сам многажды грэшан!

— Дык і глядзіце, айцец Сцяпан, за сваімі грахамі, іх у вас многа, я ведаю, а я ўжо неяк сам адкажу за свае.

Сымон хутка вылез з-за стала і непрыкметна выйшаў. Ян не ведаў, што сказаць. Андрэй пабялеў. Толькі Марцін, калючы, як вожык, са сваімі фельдфебельскімі вусамі, смела глядзеў у вочы папу. Памінкі маглі кончыцца скандалам. І вось у гэты момант з’явілася Алена з бутэлькай у руцэ. Сулкоўскі зірнуў на яе ласа, як кот на смятану, і твар яго расплыўся ў юрлівай усмешцы.

— Адкуль гэтае нябеснае відзенне?

— Андрэй,— сказала Алена.— Гэта мая настойка на вішнях... Налі ўсім ад мамы і ад мяне.— Яна ўсміхнулася і, закрыўшы далонямі твар, адышла. І ўся напружанасць знікла.

— Роза Харона, лілія далін...— паспрабаваў дэкламаваць поп і махнуў рукой.

Як ні мацаваўся Сулкоўскі, але настойка яго даканала. Ён нават паспрабаваў зацягнуць старую семінарскую песню.

Андрэй падышоў да Крываблоцкага.

— Каб не было дрэнна, Марцін.

— Не бойся, не асмеліцца. Мяне ён не кране, бо баіцца больш, чым я яго. Калі-небудзь раскажу пра яго штукі. Алена малайчына. Пара канчаць, Андрэй!

Андрэй гукнуў Івана і загадаў яму запрагаць каня.

Поп выйшаў з хаты апошні, і, мабыць, не паспеў ён выйсці з сяней на двор, як у хату ўскочыла Алена з гнеўным тварам і поўнымі слёз вачыма.

— Свалата якая... Дзе Андрэй, мама?

— На дварэ... Што з табой, дачушка?

— Ушчыкнуў...

— Хто?

— Хто! Поп гэты валасаты!..

  РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ