Усталявалася пагодная восень. Раніцы былі халодныя і бліскучыя ад дробнага інею, што ўсцілаў зямлю, стрэхі і платы. Але быў ён кволы і нетрывалы і знікаў адразу, калі ўзнімалася сонца. Было ранняе бабіна лета. Цёпла прыгравала сонейка, і над полем плыло павуцінне.
Паляцелі ў вырай ластаўкі, буслы і шпакі. Ланцужкі жураўлёў віднеліся ў небе, і адтуль чулася сумнае курлыканне.
Сады атрасалі пажоўклае лісце. Ціха стала ў Маргах. Чарнела лісце на алешніку. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты.
Восень многа забрала ад прыроды, але многа ёй і дала. На новае жыццё адрадзіліся азімыя палеткі. Густая зялёная рунь укрыла іх. На яравых палетках цупка ўзялася за зямлю маладая канюшына. Лугі зелянелі раскошнай атавай. Не, прырода рыхтавалася не да смерці, а да зімовага адпачынку, каб пасля яго ўзняцца з новай сілай і хараством.
Малінаўцы капалі бульбу. Андрэй выехаў на поле з усёй сваёй сям’ёй. Сам разорваў, а Алена, Іван і маці выбіралі. Разараўшы шэсць баразён, па дзве на выбіральшчыка, выпраг з плуга каня і закурыў. З радасцю агледзеў сваю ніву, работнікаў і ў нейкай меры адчуў сябе сапраўдным гаспадаром. Ужо не балела душа, што ён астанецца ззаду ў засцянкоўцаў, запозніцца з работай і розныя халусты і нарбутовічы будуць з яго смяяцца. Цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Прывык да яго, як да свайго. Вунь ён навыбіраў поўны пудовы кош, падхапіў такі ж самы кош у маці і панёс высыпаць у палукаш.
— Па два не цягай! — крыкнуў яму Андрэй.— Падарвешся!
— Не падарвуся!
Андрэй пакурыў і сам пачаў высыпаць кашы. Бульба ўрадзіла добра, і работа ішла спорна.
Калі насыпалі два палукашы, запрэглі ў вазы коней і павезлі бульбу дамоў.
Так работа ішла да позняга вечара. Вярнуліся з поля, калі пачало цямнець. Паставілі вазы каля склепа, і Андрэй з маткай пайшлі ўпраўляцца па гаспадарцы, а Алена з Іванам пачалі высыпаць бульбу.
Адвячорак стаяў такі свежы і ясны, што зусім не адчувалася стомы. Іван астаўся з Аленай адзін на адзін. Ён саромеўся яе, гэтай прыгожай шляхцянкі, баяўся яе цікаўных Позіркаў. Стараўся хутчэй набраць свой кош, хутчэй яго высыпаць, каб не стаяць з ёю доўга каля воза.
Хацелася скарэй апаражніць палукашы і пакласці канец гэтаму прыкраму адчуванню ўласнай нікчэмнасці. Ён не хацеў і гаварыць з Аленай, але яна сама пачала гаворку.
— Ты сёння як вада, Іван,— сказала яна, насыпаючы кош.
— Чаму?
— Бяжыш і бяжыш, як вада ў рэчцы.
Івана здзівіла такое параўнанне.
— Сцямнее скора...
— Ну дык што, няхай цямнее. Ліхтар запалім.
Іван не адказаў. Ён наогул не ведаў, як трымацца з гаспадаровай сястрой. Яна была прыгожая, нават мілая іншы раз, але Іван адчуваў, што дзяўчына яна самавольная, упартая, смелая і, горш за ўсё, ганарлівая. Ён ведаў, што з ёю трэба трымацца асцярожна, яна не даруе нават памылкі.
— Ты і з Андрэем так нічога не гаворыш?
— Чаму не? Мы з ім гаворым.
— Пра што?
Іван адчуў, што ў гэтым простым пытанні хаваецца нейкая хітрасць, Алена хоча нешта ў яго выпытаць.
— Я ў яго пытаю, што рабіць...
— «Пытаю, што рабіць»,— перадражніла яна.— Толькі кніжкі свае чытаеш... Пра што там пішацца?
— Пра ўсё... Пачытаць жа можна.
— Пачытаеш, калі ты іх у куфэрак хаваеш.
— Баюся, што цётка Аксеня возьме ды папаліць. Але куфэрка я не замыкаю...
— Дурненькі,— засмяялася яна.— Табе ж Андрэй казаў, каб ты паклаў іх на покуць.
— Андрэй не вельмі чытае... А калі ты хочаш, то я не буду іх больш хаваць,— Іван сказаў гэта ад шчырай душы, бо Аленіны словы пра кніжкі, і прытым прыхільныя словы, падабаліся яму. Яму нават здалося, што гэтай шляхцянцы можна іншы раз даверыцца.
— А чаму ты на вячоркі не ходзіш? — пасля таго як высыпалі кашы, зноў запытала Алена.
— А хто мяне туды пусціць?
Алена засмяялася.
— А хто ж цябе не пусціць? Хіба Андрэй забароніць?
— Ды не, не Андрэй... Мяне не прымуць на вашы вячоркі, от што...
Алена залілася смехам.
— Ой!.. Ну і дурненькі!.. Хто ж гэта цябе не прыме? Прыходзь ды гуляй, калі хочаш.
— Не хадзіў я яшчэ на вячоркі... Нават дома не хадзіў.
І тут адбылося такое, чаго Іван ніколі не чакаў. Алена ўзяла яго за бараду, як маленькага хлопчыка, і зазірнула яму ў твар.
— Які ж ты харошанькі, Іван! Нездарма нашы дзеўкі, што коней пасвілі, так хвалілі цябе. «Дзе,— кажуць,— Андрэй сабе такога хлопца знайшоў?»
Іван гатовы быў кінуцца ад Алены прэч. Такога сарамацішча ён яшчэ не перажываў. «От да чаго давялі гэтыя цікаўныя позіркі... Ёй абы пасмяяцца...» Іван адчуў сябе дашчэнту прыніжаным, маленькім, нікчэмным. А яна, хітрая, як ні ў чым не бывала, зноў паглядала на яго, нават памагла насыпаць бульбу ў яго кош, бо ён ад хвалявання забыў пра ўсё на свеце.