У часе вячэры Іван не падымаў вачэй ад абруса. Ён добра стаміўся і прагаладаўся, але, адчуваючы на сабе Аленін позірк, не мог есці.
Андрэй не прыкмячаў, у якім стане знаходзіцца Іван. Ён быў рады. Бульба вырасла добрая, дні праз чатыры, калі пастаіць такое надвор’е і не пойдзе зацяжны дождж, работа будзе кончана. Астанецца толькі пераараць бульбянішча.
Іван тым часам, канчаткова знішчаны Аленінымі вачамі, зусім разгубіўся. Калі старая Аксеня паставіла на стол зацірку з малаком, ён паспрабаваў зачарпнуць яе відэльцам, якім дасюль даставаў з чыгуна бульбу. Алена пырснула смехам.
— Бедненькі! Ды ён заснуў за сталом! А яшчэ на вячоркі збіраўся!
Гэтага Івану было даволі. Ён падхапіўся з услона як апараны і выскачыў на двор.
— Што ты здзекуешся з хлопца! — крыкнуў Андрэй.— Сёння яму хапіла! Нямала і тваіх кашоў перанасіў ён!
— Дык што, і засмяяцца няможна, калі ён зацірку відэльцам чэрпае?
— Няможна! — не сваім голасам закрычаў Андрэй.— Са свайго... са сваіх засцянковых пасмейся!
— З каго свайго? — успыхнула Алена, і вочы яе пазелянелі.
— Дзеткі...— узмалілася старая Аксеня.— Ці было калі пры бацьку, каб за сталом сварыліся... Хіба ж можна...
— Няхай не здзекуецца з майго хлопца!.. Яна яму павячэраць не дала. А ён у гаспадарцы большы работнік за яе!
— Хіба гэта здзек, калі засмяялася?
— А ты б, дачушка, не заўважыла, што ён відэльцам чэрпае. Ён бы сам агледзеўся. Пайду пазаву.
— Не завіце, мама, бо ён не прыйдзе,— сказаў Андрэй.
У гэтым момант, як чорная бура, у хату ўварвалася крывая Настуля — Халустава жонка.
— Нашы рэжуцца! — сказала яна дзікім голасам.— Якаў адзін рады не дасць!
Адно тое, што Халустава жонка з’явілася ў яго хаце, Андрэй лічыў за вялікае дзіва, а тое, што яна гаварыла, не ўкладалася ў яго разуменні.
— Хто рэжацца? — запытаў ён, і позірк яго ўпаў на Алену, якая стаяла ў мыцельніку белая, як сцяна.
— Бацька і Мікалай,— адказала Настуля.— Якаў адзін нічога не зробіць.
— А Юзік?
— Яго чорт панёс у Мяцевічы. Там і заначуе.
— Не ідзі, Андрэй! — крыкнула старая Аксеня.— Яшчэ самога зарэжуць. .
— Якава ж не зарэзалі! — са звярыным гневам адказала Настуля.— А ён сказаў мне, каб бегла па цябе, бо іх ніхто не ўтаймуе.
— Добра, прыйду,— сказаў Андрэй, каб хутчэй выправадзіць з хаты гэтую страшную ведзьму.
— Не ідзі, Андрэй,— малілася маці.— Чорт іх не пабярэ. Хіба першы раз у іх гэта? Яшчэ самога...
Такія выпадкі ў Халуставай хаце сапраўды не былі навіною, і Андрэй хвіліну вагаўся, але ўспомніў Якава Шзмета. Мабыць, нялёгка яму там, калі дасылае па яго.
— Не, мама, пайду. Каб яны самі з сабой, то я і пальцам не варухнуў бы. Але ж гэтыя разбойнікі могуць невінаватага чалавека знявечыць.
Выйшаўшы на двор, Андрэй падумаў, што ўдвух з Якавам яны наўрад ці справяцца з Халустамі.
Мікалай, што рабіў у кузні, быў дужы як бык. Таму, праходзячы каля хаты Яна Сташэвіча, ён гукнуў у акно Тамаша. Той думай, што Андрэй кліча ў Жывіцы, і куляй выскачыў з хаты.
— Куды? — весела запытаў ён.
— Халустаў мірыць.
— Цьфу! — плюнуў Тамаш.— Ідзі ты к чортавай мацеры. Не пайду.
Андрэй яму расказаў, у чым справа.
— То пачакай, я вяроўку вазьму. Павяжам.
Ён забег у сені і вярнуўся з вужышчам у руках.
Тое, што яны ўбачылі ў Халуставай хаце, не паддавалася ніякаму апісанню. Сталы, лаўкі, табурэты — усё было раструшчана ўшчэнт. На падлозе разам з гэтым ламаччам валяліся чарапкі разбітага посуду, патэльня і паламаныя ажагі.
Стары Халуста з падпухлым носам і сіняком пад вокам стаяў у хаце пад абразамі, трымаючы ў руках вялізны нож. Акрываўлены яго твар быў такі азвярэлы, што на яго нельга было глядзець без жаху.
У другім куце насупроць Халусты стаяў яго малодшы сын Мікалай, самая ўдалая копія свайго вар'ята бацькі — Халуста ў маладосці. У яго таксама быў падбіты твар і кашуля падраная на шматкі. Дзіва было, як яшчэ яна трымаецца на ім. Ён глядзеў перад сабой азвярэлымі вачыма і, здаецца, нічога не бачыў.
— А-а! — зароў Халуста, калі ўбачыў Андрэя і Тамаша.— Накольнікі! Бандыты! Бі іх, Мікалай! Бі! Бі, гадаў! Ліха ма-ата-ры іх!
Ён рынуўся на Андрэя, але яго перахапілі Якаў з Тамашом, адабралі нож, звалілі на падлогу і пачалі вязаць рукі і ногі.
— Бі іх, Мікалай! Бі, шэльмаў! — клікаў ён на дапамогу свайго нядаўняга ворага сына, а сам выкручваўся, хрыпеў, малаціў нагамі і наравіў кусацца, як шалёны сабака. Андрэй асядлаў яго, але ўкручаны вяроўкамі Халуста ўсё яшчэ памыкаўся вырвацца.