Выбрать главу

Мікалай стаяў і нібы не разумеў, што тут адбываецца. Нарэшце да яго дайшло. Ён кінуўся на Андрэя, як раз’юшаны бык, але адляцеў ад яго, як мяч, і грукнуўся аб сцяну. Тамаш і. Якаў усселі на яго спераду і ззаду. Ён абхапіў іх сваімі дужымі ручышчамі і не адразу лёг. Андрэй пачаў скручваць яму рукі.

— Не вяжыце мяне, хлопцы,— прасіўся Мікалай.

— Трэба да ўрадніка ехаць,— не слухаючы яго, сказаў Андрэй.— Няхай абодвух забяруць, а мы тут сход збяром і прыгаворым засценкам, каб перасялілі іх куды-небудзь ад нас.

— У Маргі,— падказаў Тамаш.

— Але. Звяроў у лес.

Звязаны Яўхім Халуста тым часам качаўся па падлозе і на чым свет стаіць кляў Андрэя, Тамаша, Якава, свайго сына, Малінаўку, усё жывое і нежывое і «крывую кабылу», бо гэта яе работа, гэта яна надумалася пазваць Сташэвічаў.

— Заткні яму анучай горла, Тамаш,— сказаў Андрэй.

— Яшчэ затхнецца, тады адказвай за яго. Няхай крычыць, бяда вялікая.

Але, пачуўшы пра анучу, Халуста крыху супакоіўся.

— Андрэй,— прасіўся Мікалай.— Не вяжыце мяне... Я пайду ў гумно спаць.

— Ты, вар’ят, са злосці засценак падпаліш.

— Не... Не такі я шалёны. Толькі не вяжыце. Хіба ты не ведаеш майго бацькі! Толькі з кухні ў хату ўвайшоў, а ён без слова наляцеў на мяне і па мордзе раз, раз... Я адпіхнуў яго, дык ён нож схапіў,— бачыў, які нож, быка зарэзаць можна!

— Адпіхнуў. А якая ў яго морда!

— Дык гэта ж потым! Я абараняўся. Ён бы зарэзаў мяне...

— Зарэзаў бы! — зароў Халуста.— І ўсё роўна зарэжу, злодзей! І Сташэвічаў парэжу, ліха матары іх! І старую кабылу! І гэтага хамута — Якава!.. Не, я яго ў турму ўпяку, арыштанта!

— Як думаеш, Якаў? Што зробім з Мікалаем?

— Няхай ідзе спаць у гумно,— сказаў Якаў.

— А старога не развязвай датуль, пакуль не пачне плакаць і прасіцца.

Халуста скрыгануў зубамі.

— Накольнік! Ліха матары тваёй! Ты яшчэ здзекуешся! Я табе заплачу! Крывёю ты заплачаш!

— Хадзем, Тамаш, дадому,— сказаў Андрэй.— Прыйшлі мы сюды... Што ў цябе за кроў на руцэ, Якаў?

— Стары дурань парнуў... Таму я і пазваў цябе. Можа тут смерці і не было б, але калецтва было б... Уцягнуў я цябе ў гэты бруд, даруй... Але ж ніхто з малінаўцаў не прыйшоў бы сюды.

Андрэй, Тамаш і Якаў выйшлі на двор. Выйшаў і Мікалай. Услед ім крычаў Халуста:

— Усё роўна зарэжу, злодзея! Ліха ма-атары яго!

— За што вы сашчапіліся? — запытаў Андрэй у Мікалая.

— А чорт яго ведае. Дзесятка ў яго залатая згінула. Нехта з кашалька ўкраў.

— Твая, вядома, работа?

— Ды не! Я ж у кузні раблю, дык хіба ў мяне грошай не хапае!

— Юзік?

— Не. Ён на паўпляшкі са свірна возьме, а больш яму ні на што не трэба. Маці. Хіба гэта першы раз! Толькі раней да нажа не даходзіла. Ды яна і не брала больш за пяцёрку. А сёння — цэлую дзесятку. Ну, бацька і звар’яцеў. А яна ўкрадзе, схавае, у яе недзе сховань ёсць... Нас з бацькам звядзе на цэлую ноч, а сама схаваецца ў Нарбутовічаў. Але тыя разы Юзік быў дома, дык мы яго хутка... Пайду ў гумно.

— Нялёгка табе тут жывецца, Якаў,— сказаў Андрэй, калі Мікалай пайшоў.

— Сямейка, каб яе гром разбіў. Не дабуду я тут да канца.

На дварэ свяціў месяц, ціхая і ясная стаяла над Малінаўкай ноч. І ўсе трое выйшлі на вуліцу. Не хацелася разыходзіцца па хатах.

Андрэй з Іванам спалі ў гумне. Так няўдала кончыўшы вячэру, Іван, не заходзячы ў хату, адразу пайшоў у гумно. Думаў, што ўслед за ім прыйдзе і Андрэй. Пасцель іх была зроблена на мурожным сене. Андрэй прывёз з Волі невялічкі возік яшчэ ў сенакос, калі быў жывы бацька.

Спаць тут было добра, свежа, не кусалі скочкі, як у хаце. Цяпер, калі ночы сталі халаднейшыя, накрываліся кажухамі.

Іван адразу лёг, захутаўся з галавой і пачаў думаць. Калі так будзе і далей, то цяжка дасца жыццё ў Сташэвіча. Гэтая шляхцянка не дасць яму спакою. Івана апаноўвала злосць, але да яе прымешвалася і нейкае іншае пачуццё, якога Іван не разумеў. Сціплы, задумлівы, ён жыў працай і кнігамі. -Яго яшчэ не вабілі дзявочы смех і пяшчота. А тут гэтая Алена. Яна часта паўставала ў яго вачах, і нават тады, калі не думаў пра яе. Разгорне хлопец кніжку і замест радкоў бачыць яе твар з такой харошай усмешкай.

Стала горача, і Іван адкрыў галаву. У гумне было цёмна, толькі ў шчыліны між бярвен цякло месячнае святло, такое патаемнае і незразумелае, што Івану стала сумна. Калі ў гумне быў Андрэй, яны кожны вечар размаўлялі, пакуль не заснуць, і Івана тады нішто не трывожыла і не палохала. У гумне было ціха і спакойна. А сёння, як толькі адкрыў галаву, яго ўразілі шорахі, што чуліся з усіх куткоў. Здаецца, па сцірце канюшыны нехта прайшоў. Збоку зашалясцела сена. Потым скрып. Не ў дзвярах, а ў процілеглым баку, у куце гумна... І Андрэя так доўга няма...