Выбрать главу

Гэтыя словы былі сказаны без скаргі, але са страшэнным болем і тугою. Яны дзерпанулі Якава за самае сэрца.

— Што ты, Сымон, так павесіў нос! — прамовіў ён.— Трэба думаць пра лепшае, а не пра смерць. А ты сам гатовы ў магілу легчы.

Сымон горка ўсміхнуўся.

— А там і будзе лепшае, Якаў,— сказаў ён.— Усе будзем на могільніку, і ты і я... Да таго і ідзём. Цела будзе адпачываць у зямлі, бо яно парахня, зямля ў зямлю пяройдзе... А душа! На тым свеце бог параўнае ўсіх, і багатых і бедных. Усе роўныя будуць перад богам — і цар і жабрак...

Позірк Якава ўпаў на камень-помнік, што стаяў збоку.

— Кажаш, усіх параўнуе бог на тым свеце? Пачытай, што напісана на гэтым помніку. «Здесь пакоится раб божий...» Бачыш: раб! І тут раб, і там раб, а не пан. Ты ведаеш, хто такі раб?

— Чаму ж не ведаю. Раб — значыць слуга...

— Але, Сымон, слуга. Вечны слуга! І на гэтым свеце, і на тым.

— На тым свеце будзе адзін пан — бог! І больш ніякіх паноў. А ўсе астатнія — слугі яго. Не будзе там ні паноў, ні цароў, усе будуць служыць толькі богу, аднаму богу.

— Так кажа поп у царкве, ксёндз у касцёле і рабін у сінагозе. Гаворка іх вядомая. А ты хіба забыў, колькі на небе святых? Ці пералічыш ты іх? І Мікола, і Пятро з Паўлам, і Ілья, і Іван. У адзін дзень сорак пакутнікаў святкуюцца. А там жа ёсць яшчэ анёлы, херувімы розныя ды серафімы. Адных толькі анёльскіх чыноў сем! Гэта ж усё нябесныя цары, каралі і паны, Сымон, чыны! Цяпер заўваж: нават багоў там тры ды багародзіца чацвёртая. А мы з табой і тут рабы і там...

— Сціхні, Якаў...— шэптам прамовіў Сымон, крануўшы Якава рукой.— Гэта немаведама што... Ты такое гаворыш, што аж страх бярэ...

— Хіба я няпраўду гавару?

— Я ніколі не думаў пра гэта, Якаў... Ніколі ў маю галаву не прыходзіла такая думка... Гэта ж проста страшна, калі падумаць.

— Але ж так яно і ёсць. Я хачу, каб ты зразумеў, што на той свет спадзявацца не трэба. Паны даўно туды напхалі столькі рознага панства, што толькі падавай ім рабоў божых. Работа ўсім знойдзецца. От ты, напрыклад, Сымон. На небе таксама ёсць святы Сымон. Калі ты памрэш, то гэта будзе першы твой пан.

— Ты ўжо жартуеш, Якаў...— прамовіў Сымон.— І, мабыць, так жартаваць грэх...

— Якія тут жарты, Сымон? Святкуем жа мы і Міколу, і Ілью, і Івана. Ды ці мала свят? Значыць, і тут на зямлі служым мы святым угоднікам, молімся ім, помачы ў іх просім, бо яны бліжэй да бога. Ці не так?

— Калі падумаць, то так...— няўпэўнена адказаў Сымон.

— От бачыш. А ці многа бачылі мы помачы ад бога? Ну от табе — многа памаглі святыя і бог?

— Я на бога не наракаю, Якаў... Я на яго не маю крыўды... Хіба ён адзін усім паможа?.. Людзі крыўдзяць адзін аднаго, гнятуць, от як твой гаспадар, а мой сусед Яўхім Халуста...

— І бог яго не карае, Сымон! Не! Ён нават памагае гэтаму злодзею.

— Да пары. Прыйдзе пара — і пакарае яго бог.

— А ты чуў прыказку: на бога спадзявайся, а сам не агінайся?

— Чуў... Але прыказкі розныя бываюць: і разумныя і неразумныя...

— Гэта прыказка разумная, Сымон. Шмат дзе людзі ўжо зразумелі, што на бога ім спадзявацца няма чаго, бо ён за багатых стаіць, і самі свой лёс здабываюць. За зброю бяруцца, за сякеры, за косы! Паноў выганяюць ды вось такіх жываглотаў, як Халуста.

— Чуў я, што бунты ідуць у Расіі, але ж гэта далёка ад нас... Ды што тыя бунты!.. Прыйдзе войска, і усе...

— А хто ў войску? Хіба салдаты не сыны сялян ды рабочых? А калі падымецца ўся Расія, то гэта ўжо будзе не бунт, а рэвалюцыя, і не хопіць у цара войска задушыць яе, бо і салдаты пойдуць за народам. Хіба салдаты не народ?

Сымон маўчаў. Цыгарка патухла ў яго руцэ. Ён кінуў яе і растаптаў нагой.

— Маўчы, Якаў... Каб хто падслухаў нашу гаворку... А я чуў пра бунты. Чуў... І дзякую табе, Якаў... От пагаварыў з табой, і надзея з’явілася... Цяжка жыць без надзеі. Можа ж такі дасць бог і дачакаемся лепшага жыцця.

— Бог не дасць, Сымон.

— Гэта я к слову...

— Тады закурым на расстанне, Сымон...

— Закурым. А куды ты ідзеш?

— У Дубею, да сястры. Сястра мая там замужам.

— То недалёка. А я думаю, куды ён бярэцца? Ты кожную нядзелю ў Чыжэвічы хадзіў, а сёння зусім у другі бок.

— Трэба сястру праведаць... Ну, дык бывай, Сымон, я пайшоў.

— Бывай, Якаў.

Асенняе сонца ўзнялося над зямлёй, і пашырэў кругагляд. Удалечыні, там, дзе, здавалася, неба сыходзіцца з зямлёй, вісела нейкая смуга, не то дым, не то туман. На поўначы, у тым баку, дзе Слуцак, сярод палёў густа стаялі вёскі, а на поўдні, пад Старочынам,— лес. Адвечнай тугой і нядоляй апавіты былі гэтыя прасторы, і вёсачкі здалёк нагадвалі могільнікі, закінутыя ў бок ад жыцця...