Якаў адамкнуў свіран, але спаць лёг не адразу. Лёгка кружылася ў галаве, і настрой быў крыху ўзнёслы. У маёнтку адгулялі вяселле Міхаля Рожкі і Любы Гірун. Якава не запрашалі. Ён прыйшоў да Станіслава Вярбіцкага, а там акурат і быў цэнтр урачыстасці. Люба папрасіла Ядзвігу быць ёй пасаджонай маткай, а Станіслава — бацькам. Ядзвіга спачатку не згаджалася. «Я каталічка,— гаварыла яна,— а вяселле праваслаўнае. Мабыць, няможна так». Але Станіслаў хутка развеяў яе сумненні.
Уся падрыхтоўка да вяселля вялася ў Станіслава. У ёй прынялі ўдзел амаль усе парабкі. Кожны ўнёс сваю лепту. Два дні перад вяселлем у хаце Вярбіцкага не патухала печ. Жанчыны, якія не хадзілі на работу, пяклі, смажылі, варылі, парылі. Міхаль ніколі не думаў, што яго вяселлем так усе зацікавяцца, так блізка прымуць да сэрца. Парабкі ад сваіх небагатых набыткаў назносілі маладым гару падарункаў. Калі дзялілі каравай, на талерку клаў кожны, колькі мог. Палажыў і Якаў цэлую пяцёрку. Так што Міхалю і Любе не толькі вярнуліся тыя грошы, якія яны патрацілі на вяселле, але і прыбавілася да іх удвая ці ўтрая.
У Станіслававай хаце справілі вяселле. Тут банкетавалі, а моладзь танцавала ў бараку, дзе звычайна спраўлялі вечарынкі.
Міхаль быў вельмі рады, што яго вяселле праходзіць так, як і ў людзей. Ён неяк адразу пасталеў і памужнеў, адчуў, што хлапечы час яго прайшоў, настала пара быць мужчынам.
На вяселле запрасілі і аканома Гендарсана. Нельга было не запрасіць. Гэты немчык потым доўга помсціў бы маладым мужу і жонцы. Акрамя таго, Міхалю і Любе патрэбна была цяпер сямейная кватэра, а яе мог даць толькі аканом.
Гендарсан, як акуратны нямецкі сем’янін, прыйшоў на вяселле са сваёй даўганогай палавінай і цыбатай дачкой з халоднымі вачыма. Іх пасадзілі на лепшыя месцы. Аканом добра такі выпіў і развесяліўся.
— Ві, сволаш, не ўмейт піць,— заявіў ён.— Ві не ест рускі! Я ест лепш рускі, чым ест ві!
Ён сам наліў сабе чарку, выпіў не закусваючы, наліў другую і тую выпіў, хацеў наліць трэцюю, але жонка перахапіла з рук бутэльку. Яна і дачка нешта гаварылі яму па-нямецку, але ён брудна вылаяўся паруску, адабраў ад жонкі гарэлку і выпіў трэцюю чарку.
— Я сам знайт! — закрычаў ён.— Я знайт усё! Стоп! Я вілез! Я хачу вілез!
Яго пусцілі з-за стала.
— Музік, іграйт! — крыкнуў ён, стаўшы сярод хаты.— Я вам пакажу... як ест гэта? Каленца! Я вам пакажу айн каленца!
Але паказаць каленца так яму і не ўдалося. Жонка падхапіла яго пад руку. Ён вырваўся, лаяў яе так, як лаяў парабкаў і парабчанак. Жонка яго не ведала ні адной мовы, акрамя нямецкай, і, вядома, нічога не разумела.
Павел Квітун з цікавасцю наглядаў, што вытварае п’яны немец, і з прыемнасцю адзначыў, што ён ні ў якой меры не лепшы за вясковых мужыкоў. Нават горшы, бо мужыкі не бываюць ганарлівыя і пагардлівыя, калі нап’юцца. Тады ім кожны сябра і друг.
Да Квітуна падышла аканомава дачка Эльза.
— Вы даруйце... Мне здаецца, вы ўсё разумееце... Тата п’яны. Яго трэба завесці дадому. Вы памажыце нам...— Яна зірнула на Паўла бялесымі вачыма, у якіх на гэты раз акрамя халоднай зацікаўленасці відна была і просьба.
— Добра, паненка, я завяду яго,— сказаў Павел.— Толькі вы скажыце яму, каб ён заўтра на мяне не злаваўся. Ён, як бачыце, будзе ўпірацца, і я буду не вельмі далікатны.
Эльза махнула рукою: рабі, маўляў, што хочаш, толькі выведзі адсюль.
Павел падхапіў тоўсценькага каратканогага аканома пад руку. Той спачатку ўпёрся нагамі ў падлогу, потым паспрабаваў павіснуць на Паўлавай руцэ, але дарэмна: пайшоў за Паўлам, як міленькі.
— Ты ест сукін сын! — лаяўся аканом.— Швіня! Я буду біць табе зуб! Увесь зуб!
Якаў доўга чакаў Паўла, а яго ўсё не было. «Дзе ён мог затрымацца? — думаў Якаў, выйшаўшы на двор і ўглядаючыся ў сцежку, што вяла да аканомавага дома.— За гэты час можна было тры разы завесці Гендарсана і вярнуцца назад».
Тым часам пачало цямнець. Чаканне ў Якава перарасло ў трывогу. Ён, нікому нічога не кажучы, паволі пайшоў па сцежцы да аканомавага асабняка. У сумным маўчанні стаяў ужо апусцелы сад. Толькі лісце шасцела пад нагамі. Навокал ні душы, і Якаву здалося, што гэты асенні сад вельмі нагадвае могілкі. Для поўнага падабенства не хапала толькі крыжоў.
Раптам Якаў пачуў гаворку. Гаварылі Эльза з Паўлам. «Пра што ён можа так доўга гаварыць з аканомавай дачкой?» — падумаў Якаў. Не след парабку звязвацца з панскай дачкой. Хоць аканом і не пан, але звычайна ў такіх панскіх папіхачоў больш гонару, чым у саміх паноў. Тым болей не след, што аканомава дачка Якаву не спадабалася. Вельмі ж халодныя ў яе вочы. У такіх людзей няма чалавечай цеплыні і шчырасці. Падумаў, што трэба сказаць пра гэта Паўлу, папярэдзіць, каб далёка не заходзіў у сваіх адносінах з гэтай белабрысай дзяўчынай.