Павярнуў назад і накіраваўся ў сваю Малінаўку.
Цяпер ён сядзеў на парозе свірна, курыў і думаў. Думаў пра Міхаля і Любу, пра Паўла і Надзю, пра аканомаву дачку Эльзу, якая, нібы клін, утачылася паміж Паўлам і Надзяй. Яго трывожыла гэта. Пісьменная і разумная дзяўчына, але разбэшчаная, можа лёгка заваяваць сэрца простага парабка. Не верылася, што Павел так хутка паддасца ўплыву чалавека, чужога яму не толькі па нацыянальнасці, але і па ўсяму жыццю. Ва ўсякім разе, Якаў наважыў уведаць ад Паўла ўсе падрабязнасці сённяшняй яго сустрэчы з Эльзай.
Ён зачыніў свіран, лёг і нібы праваліўся ў прадонне.
Назаўтра яшчэ не паспела развіднецца, а Халуста ўжо грукаў кулакамі ў дзверы свірна і лаяўся на чым свет стаіць. Якаў не адзываўся.
— Ліха матары яго! Можа ён здох! Тады хавай яго, труну рабі, людзей ззывай... Расходы, ліха матары яго! Не адслужыў свайго... Не закапаеш жа яго як сабаку... От кавалак хама! На злосць табе дык ён і здохнуць гатовы... Міка-ала-ай! — раптам зароў ён.— Мікала-ай! Ю-узік! Дзе вы?
— Чаго ты крычыш, бацька? — пачуўся ад ганка голас Юзіка Грома.
— Сякеру нясі! Ламы, малаты!
— Нашто табе столькі начыння, бацька?—адазваўся Юзік ужо бліжэй.
— Якаў здох! Апруцянеў! Ногі выпрастаў! Аддаў чорту сваю сабачую душу. Можа ён там павесіўся! Трэба дзверы ламаць!
— Не бойся, бацька! — супакоіў Халусту сын. — Я яго і так разбуджу.
У гэты момант Якаў выйшаў са свірна.
— Ну, чаго ты разроўся, гаспадар? — запытаў ён у Халусты.
— Дык ты не выдах? Запрагайце з Юзікам коней і ў Крушнікі. Дубы прывезяце! Скарэй!
— Якія дубы? Ты раскажы толкам.
— Да лесніка Хмялеўскага паедзеце. Юзік усё ведае.
Да Крушнікоў было каля шаснаццаці вёрст. Ехаць трэба было цераз Старочын, а там дарога ішла скрозь лесам.
Юзік ехаў наперадзе на парцы коней, а за ім Якаў на другой парцы. Як толькі мінулі мястэчка, Юзік пачаў дзікім голасам спяваць «Каробачку». Гэта была адзіная песня, якую ён ведаў цераз пятае на дзесятае.
Гэй, пална, пална каробачка,
Ест і сіцы і перча-а-а! —
роў ён на ўвесь лес, а Якаў рагатаў на сваім возе, хапаючыся за жывот.
Нарэшце прыехалі. Хмялеўскі жыў у самай пушчы. Толькі дарога і давала жылы выгляд гэтаму дзікаму месцу. Наўкол стаяў дрымучы лес. Выносістыя сосны гаманілі з небам. Ядлоўцавы падлесак абкружаў сядзібу. Пахла багульнікам і сасновай смалой. Зямля была пясчаная, але сядзіба ў Хмялеўскага была ладная. Усе будынкі новыя, са стрыжнёвай сасны, крытыя гонтай, агароджаныя не плотам, а парканам з такіх бярвенняў, з якіх у Малінаўцы будавалі хаты. Увесь двор нагадваў крэпасць.
З хаты выйшаў сам Хмялеўскі — пануры чалавек са звярынымі вачыма, няголены, мабыць, ад нараджэння, аброслы рыжымі валасамі ад барады да вушэй. Ён павітаўся з Юзікам і Якавам, скрывіў твар у нешта падобнае на ўсмешку і сказаў замагільным голасам:
— Значыць, такі прыехалі...
— Прыехалі, Юрка, хоць ты і не чакаў,— загрымеў у адказ Юзік.— Вядзі, паказвай тыя дубы.
— А яны тут, недалёка...— адказаў Хмялеўскі.
Якаў глядзеў на яго са здзіўленнем і цікаўнасцю. «Што гэта за чалавек? З выгляду сапраўды дзікун. Сустрэнься з такім на вузкай сцежцы адзін на адзін — рукамі задушыць». Мімаволі зірнуў на рукі Хмялеўскага. Сапраўды, гэта былі рукі асілка: вялізныя, мазольныя, з вузлаватымі пальцамі, імі можна было задушыць і мядзведзя.
— Што ты так адгарадзіўся сцяной ад лесу? — пацікавіўся Якаў.— Не ад мядзведзяў?
— Ад дзікоў,— адказаў Хмялеўскі.— Ратунку няма! Бульбу рыюць, поле псуюць, каб яны падохлі.
— Хіба іх тут так многа?
— Поўны лес! — Хмялеўскі ажывіўся — мабыць, гэтая гаворка прыйшлася яму да спадобы.— У мяне ўсе паляны, дзе бульба пасаджана, абгароджаныя, а то нічога б не асталося. І то кожную ноч са стрэльбай выходжу, палохаю.
— Ну, ты тут развядзеш свае казкі да вечара, паляўнічы, — сказаў Юзік.— Вядзі да тых дубоў, а то не справімся да ночы.
— А ты думаеш за дзень з абодвума дубамі ўправіцца? Хоць бы аднаго адолелі ды дамоў завезлі. Паганяй коней.
Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Хмялеўскі адвёў іх далей ад дарогі і паказаў дубы. Гэта былі волаты — лясныя цары. З кожнага магло выйсці па два добрыя шулы, не лічачы верхавін і сукоў на слупкі і калы. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле.
Хмялеўскі зірнуў на яе і сказаў: