Выбрать главу

— Дык я ж не рэжуся. От ажанюся, ад бацькі аддзялюся. Паўвалоку забяру. Хіба я не старэйшы сын? А яны няхай рэжуцца.

— Не аддасць табе бацька паўвалоку.

— А дзе ён дзенецца! Я сам забяру! Мне самому абрыдла. Грошы толькі ў бацькі ды ў Мікалая, а мне толькі рабі. Есці — як сабаку. А лаянкі — няхай бог не давядзе.

— А дзе ты грошы на паўкварты ўзяў? — пацікавіўся Якаў.

— Хаіму Ножыку ў млын ноччу паўмяха жыта занёс. Ты ў Чыжэвічах быў. Толькі бацьку не кажы, а то за нож схопіцца.

— Не скажу, не бойся.

— Абрыдла мне такая жытка. Я, калі аддзялюся, так жыць не буду. Жонка ў мяне будзе на першым месцы. Рабіць, дык рабіць, я горы перавярну, але дай мне і з’есці. Каб жонка гатавала яду як чалавеку, а не як сабаку...

Юзік зусім ахмялеў. Якаў глядзеў на яго і думаў: «І гэты абух разумее, што ў хаце яго бацькі не жыццё, а пекла».

— Я не люблю грызні. Змалку не люблю. Ціхі я быў. Лупіў мяне бацька, як ката, але я і жывучы быў, як кот... Гэй! Каб вы падохлі! — раўнуў ён на коней і заспяваў:

Гэй, пална, пална каробачка,

Ест і сіцы і перча!

  РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Сымон Ашакевіч на сваёй пярэстай кабыле ехаў са Слуцка. Вёз да Арлоўскага гарэлку. Кабыла роўнай, але спорнай хадою ішла па бітай дарозе. Праз Выгоду — слуцкую вуліцу — і праз прыгараднае сяло Агароднікі Сымон ішоў пехатою каля воза. Воз не то што быў вельмі цяжкі, але вялікі, застаўлены скрынкамі. На ім і месца добрага не было, каб сесці.

Вечарэла. Сонца стаяла над самым захадам. На дварэ стала халадней, але Сымон увагрэўся, узабраўся на перадок і падагнаў кабылу.

Сымон думаў пра тое, што і сёння дамоў прыедзе пасля поўначы. Пакуль дацягнецца да Чыжэвіч, здасць Арлоўскаму тавар, пакуль той пералічыць бутэлькі... І гэтак кожны раз. За работу плаціць з такім выглядам, нібы не тваё табе аддае, а сваё. Што за чалавек! Ужо і так накраўся, нахапаўся, і ўсё яму мала, а калі трэба з чалавекам за работу разлічыцца, дык у яго, сабакі, рукі калоцяцца. «Няма сёння, пане Ашакевіч, няхай другім разам». Панам заве. Ведаць не хоча, што гэтаму «пану» капейка дорага. Дома хворыя дзеці, доктару няма чым заплаціць, лякарствы купіць.

Тым часам пачало цямнець. У такую пару дарога яшчэ жыве. Дзве фурманкі абагналі Сымона. Мабыць, людзі таксама са Слуцка едуць. П’янаватыя, вясёлыя. Нешта прадалі і дамоў гасцінцы вязуць. Сымон таксама вёз паўфунта цукерак і фунт абаранкаў. А п’яных ды вясёлых Сымон нямала ведаў. Іншы апошнюю капейку аддасць, каб на якую гадзіну гора сваё забыць, песню заспяваць. А потым праспіцца — і валасы на сабе рве. Бо тая капейка не на чарку была зароблена.

Сам Сымон у рот не браў гарэлкі, хіба толькі на бяседзе, от як у Андрэя Сташэвіча на памінках. Ужо каму б і не піць, калі не яму, Сымону. Заўсёды з гэтым паскудствам у дарозе. А дома столькі гора ды бяды, а ў галаве столькі цяжкіх думак ды клопатаў, што, каб забыць іх хоць на гадзіну, здаецца, і глынуў бы разоў колькі. Не адзін раз спакуса гэта за горла брала Сымона. Было, што ўжо і Пярэстую сваю спыняў, ужо і бутэльку вымаў з воза... Але дзеці паўставалі ў вачах, нібы яны ўсе поруч з ім на возе сядзяць... І вочы ў іх такія сумныя, такія гаротныя іх тварыкі, што ў Сымона сціскалася сэрца ад жалю і ён запіхаў тую спакусу назад у воз.

Сымон успомніў сваю жонку Аўдолю. Да чаго дажыла жанчына... Калі жаніліся — як кветка была, а цяпер на каго яна падобна! За дзесяць гадоў старая стала. А якія ў яе гады! Толькі трыццаць, калі чалавек у самай сіле і прыгажосці. Не раз думаў Сымон, нашто яна пайшла за яго, беднага, непрыгожага, даўганогага. Не такога яна знайшла б. Хоць і з небагатай сям’і, але ж і не з такіх бедакоў, як Сымон Ашакевіч. Дзяцей напладзіў на гаротнае жыццё, калі выгадуюцца, выжывуць... Летась старэйшая дачка памерла... Цяпер сын Паўлік хварэе. Дактары кажуць, харчы трэба добрыя. А дзе іх узяць тых харчоў? Калі хлеб на стале ёсць ды малака шклянка, то і дзякуй богу. Летам яшчэ сюды-туды, а зімой, калі карова запусціцца, нішчымніца на стале. А вясной і хлебу рады.

Сцямнела. Зоры высыпаліся на небе, дробныя як мак. Халадок прыціснуў. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў па замежку поруч. Уперадзе павінна была быць Гнілая Дуброва. Калісьці сапраўды была дуброва. Не за Сымонаву памяць. А бацька расказваў, што тут раслі магутныя дубы, грабы, вязы, ясені. Лес быў вялікі і глухі, зверыны рознай ды птаства многа вадзілася. Мала хто адважваўся тады ехаць па Гнілой Дуброве ўночы. Ды і ўдзень па адным не ездзілі.

Карчма стаяла блізка каля лесу. Хто ехаў са Слуцка з нейкім набыткам, дык збіралася каля той карчмы фурманак некалькі, тады і ехалі. Разбойнікі хаваліся ў дуброве і рабавалі людзей. Масток там быў акурат пасярод лесу, вось на гэтым мастку і пераймалі. Калі пераехаў масток — значыць, усё, можаш далей спакойна ехаць. Карчмар з разбойнікамі ў адной хеўры быў. У яго амаль кожны праезджы спыняўся, а ён цікаваў, хто вязе тавар, хто грошы, і паведамляў разбойнікам. А можа і разбойнікі тыя ў карчме спыняліся, нібыта падарожныя.