Ён павярнуўся да другога і сказаў:
— Вымай грошы.
Другі падняў крысо світкі, выняў кашалёк і падняў угору адзін палец.
— Дай дзве. Мы ж яго абаранкі елі.
Сымон не верыў сваім вушам і вачам. «Сон ды ўсё... Не можа так быць у сапраўднасці...» А другі выняў з кашалька дзве паперкі па дзесяць рублёў і падаў Сымону. Сымон не адважваўся ўзяць іх.
— Бяры! — загадаў першы.— А то мы раздумаем.
Сымон баязліва працягнуў руку.
— Не бойся, бяры! Ды от што, Сымон Ашакевіч з Малінаўкі, нікому ты не хваліся, што сустрэў некага ў Гнілой Дуброве, што гарэлку прадаваў. Скажы Арлоўскаму, што гарэлку ў цябе ў Агародніках купілі. Навязаліся, скажы, п’яныя, не мог адчапіцца. Ну, і самому выпіць далі. І гэта праўда будзе, бо сёння ў Агародніках шмат п’яных. Вяселле гуляюць. І калі пачуеш, што ў Гнілой Дуброве сёння ноччу нешта адбылося, то таксама язык на прывязі трымай. Ты нічога не знаеш, не ведаеш. Так будзе лепш і табе і нам. Ты часта на сваёй пярэстай у Слуцк ездзіш, то лепш табе памаўчаць. Бо калі прагаворышся, то не такая будзе наша другая сустрэча.
— Людзі добрыя!.. Ды мне і цяпер здаецца, што я гэта сасніў.
— Ну, дык няхай і будзе, што сасніў. І сну гэтага нікому не расказвай. Нават жонцы. А сама лепш — забудзь на гэты сон. Ну, паганяй сваю Пярэстую ды будзь здаровенькі.
— Няхай вам бог дасць здароўя!
Сымон сеў на перадок, махнуў пугай, і Пярэстая амаль з месца пайшла трухам. Больш за вярсту праехаў так, і толькі тады стала трохі спакойна на душы. «Божа мой! — думаў ён.— Тодара Шымкевіча сыны...» Абодвух пазнаў — і старэйшага, Васіля, і сярэдняга, Юрку. Ды яны не вельмі і хаваліся ад яго. «Божа мой! Такія былі хлопцы! А работнікі, а спакойныя, а ціхія. Божа мой, божа! А цяпер на дарогу выходзяць, людзей запыняюць... От да чаго даводзіць жытка людзей... Да злачынства. Такі гаспадар быў Шымкевіч, калі барысевішчыну ў арэндзе трымаў. І сам быў чалавек, і дзеці як людзі. Рабілі, ні дня, ні ночы не ведалі. А як выгнаў Халуста Шымкевіча з Малінаўкі, сцерлася ў чалавека і жытка і сям’я. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог. Парабкаваў то ў аднаго пана, то ў другога, а хіба можа быць добрым парабкам той, хто сам гаспадаром быў! Сыны ды дочкі пайшлі заработкаў шукаць. Растрэслася сям’я...»
Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Дашчэнту згалеў. Грошай у кішэні не меў, бо, дурнем будучы, усё ў чужую гаспадарку клаў. Хіба арандаваная зямля свая!.. А потым чыгунку праз усю Сібір пачалі пракладаць. Рынуліся тады людзі ў Сібір, на Далёкі Усход, на новыя неабжытыя землі, у лясы ды пушчы, дзе толькі дзікія звяры пладзіліся. Прадаў апошнія манаткі Тодар, сабраў сям’ю і таксама паехаў у тую далёкую невядомую Сібір. З тае пары ў Малінаўцы пра яго і чуткі не было, а сёння двух сыноў яго ў Гнілой Дуброве сустрэў... А дзе ж трэці? І той ужо не маленькі. Можа сыны і не ездзілі з бацькам, а можа вярнуліся. Мабыць, не вельмі смачныя тыя новыя землі. Нялёгка чалавеку, калі ў яго няма за душой капейкі, асесці на новым месцы, лес выдраць, зямлю раллёю зрабіць, гаспадарку сякую-такую агораць!
Ад’ехаўшы вярсты тры ад Гнілой Дубровы, Сымон добра ахмялеў і нават прыдрамнуў. Кабыла чула дом і ішла поўнай хадою. Не паспеў Сымон агледзецца, як паказаўся чыжэвіцкі могільнік. Мінулыя разы страшнавата было каля яго праязджаць ноччу. А сёння Сымон пляваць хацеў на ўсе страхі. За могільнікам блізка было і сяло.
Сымон уехаў на вуліцу і зноў злез з воза. Ціха было на сяле, усе спалі. Нават сабакі — хоць бы голас каторы падаў.
Сымон спыніў кабылу каля двара Арлоўскага, адчыніў браму і ўехаў у двор. Пастукаў у дзверы. Доўга ніхто не адзываўся. Прыйшлося ў акно пастукаць. Тады нехта прачнуўся, прайшоў па хаце.
Доўга стаяў Сымон на ганку, нібы сабака, што ў хату просіцца. Нарэшце выйшаў Арлоўскі.
— Нешта вы позна сёння, пане Ашакевіч. Я ўжо і не чакаў вас. Думаў — заўтра раніцай.
— Не мая віна. Чакаць прыйшлося, пане Арлоўскі, пакуль атрымаў тавар. Ды і свае справы былі. Выехаў перад самым захадам, а кабыла не вельмі ідзе, з’ездзілася ўжо. А тут яшчэ ў Агародніках затрымалі мяне п’яныя.
— Ну і што, пане Ашакевіч... Яны, гэтыя п’яныя, э-э-э... нічога яны вам не зрабілі благога?
— А нічога. Чатыры бутэлькі гарэлкі купілі, і ўсё. Як прысталі, нібы смала. Вяселле там у іх нейкае. Хацеў не прадаваць, але пабаяўся, каб дарам не ўзялі.
— Добра вы кажаце, пане Ашакевіч... Ну, а яны, э-э-э, грошы вам заплацілі за гарэлку?
— Я ж кажу, прадаў, а не дарам аддаў.
— Ну, то і добра. Нясіце скрынкі ў сені.
Пакуль Сымон апаражняў воз, ставячы скрынкі на ганак, Арлоўскі запаліў лямпу. Тады Сымон пачаў насіць скрынкі ў сені, а Арлоўскі пералічваў бутэлькі. Пасля смачнага сну з гладкай служанкай у галаве яго ўсё блыталася. Ён лічыў, пералічваў, адымаў чатыры бутэлькі, і ўсё ў яго не выходзіла.