Выбрать главу

Начлежнікі-канапасы, пазакручваўшыся ў кажухі, спалі, прытуліўшыся адзін да аднаго. Патух агонь, пра яго ўсе забыліся, толькі белы попел ляжаў на вогнішчы.

Сымон спутаў Пярэстую, і яна нібы да месца прырасла. Выгаладалася за ноч у дарозе і ў Арлоўскага на двары. «Нідзе не дзенецца,— падумаў Сымон.— Пакуль не наесца, будзе скубці»,— і пайшоў дадому.

Ужо ў сенях пачуў, што ў хаце ёсць чужы чалавек. «Хто так рана мог прыйсці?» — з трывогай падумаў Сымон і ўспомніў начную прыгоду ў Гнілой Дуброве. Адразу прыйшло ў галаву, што гэты ранні прыход чужога чалавека мае дачыненне да таго выпадку.

Ён адчыніў дзверы і ўбачыў Хаіма Ножыка. Па твары і па постаці пазнаў, што Хаім не то каб устрывожаны, а проста перапалоханы, усхваляваны і бездапаможны.

— Дзень добры, Хаім! — сказаў Сымон.— Нешта ты рана сёння прыйшоў да мяне.

— Што рана? Якое рана? Я сёння яшчэ не лажыўся спаць!

— Чаму ж так? Можа ў млыне быў цэлую ноч? Ды чаго ты стаіш, Хаім, прысеў бы!

— Не хачу я садзіцца... У млыне! Я не быў у млыне. Я ў Слуцку быў, а не ў млыне.

У Сымона ёкнула сэрца.

— Я таксама ў Слуцку быў,— сказаў ён.

— Хіба я не ведаю, што ты быў у Слуцку! Я цябе бачыў у Слуцку. Я хацеў табе сказаць, каб ты мяне пачакаў. Але я падумаў, што ў цябе на возе тавар і ты будзеш памалу ехаць. А мая кабыла бяжыць. У мяне было многа інтэрасу ў Слуцку, але я думаў, што цябе даганю. І не дагнаў...

— Мабыць, я раней за цябе выехаў, Хаім.

— Ну, але! Дурань, чаму я не сказаў, каб ты мяне пачакаў...

Ён прабег па хаце, па нейкай прычыне зазірнуў у печ, замармытаў нешта і, спыніўшыся каля Сымона, уважліва зірнуў яму ў вочы.

— Слухай, Сымон. Ты рана прыехаў са Слуцка?

— У поўнач, а можа пазней. Ты ў Арлоўскага запытай, у яго гадзіннік ёсць, а ў мяне няма. Ён табе скажа, у каторай гадзіне я да яго прыехаў. А разлічваліся мы да раніцы.

— Ну, але! Ён мне казаў...

Пасля гэтых слоў Хаім спахапіўся.

— Ён мне казаў, што ў цябе не хапіла чатырох бутэлек гарэлкі.

— Але, Хаім. Я іх прадаў у Агародніках.

— У Агародніках, кажаш! У гэтых Агародніках усе разбойнікі! — закрычаў Хаім.— Усе злодзеі!

— Яны мяне не абрабавалі. Яны за гарэлку заплацілі мне грошы.

— Ну, няхай... Але скажы мне, Сымон: там, у тых Агародніках, не было такіх двух мужыкоў?

— Якіх?

— Такіх здаровых.

— Я да іх не прыглядаўся. Я, сказаць па праўдзе, трохі спалохаўся. Яны маглі і дарма забраць.

— Ага, і ты спалохаўся! Дзіва што! Калі яны павымалі даўгія нажы, то хто не спалохаецца!

— Не, нажоў яны не вымалі.

— Не вымалі, кажаш? То гэта былі не тыя... А скажы ты мне, Сымон, ты ў Гнілой Дуброве нікога не сустрэў?

— Не, Хаім. Нікога я не сустракаў. І мяне ніхто не сустракаў. Але ты, Хаім, нечага не дагаворваеш. Нешта, мабыць, з табой зрабілася ў Гнілой Дуброве?

— Няхай яна стане морам, тая Гнілая Дуброва... І ты нікога там не сустракаў? Чалавек ехаў з таварам, і яго ніхто не пераняў! А я ехаў з пустым возам — і мяне перанялі!

— Хто цябе пераняў, Хаім? — запытаў Сымон. Яму было цікава даведацца, ці пазнаў Хаім тых двух хлопцаў, што ў яго куплялі гарэлку, а Хаіму паказалі нажы.

— Хто мяне пераняў? Каб на іх хвароба, каб на іх халера, адкуль я ведаю! Гэтыя прыгарадныя мужыкі ўсе злодзеі, усе разбойнікі! Ён удзень твой лепшы сябар, а ноччу цябе пярэйме, выме нож і грошы адбярэ!.. Няхай на іх паморак!

Хаім яшчэ нешта хацеў сказаць, але махнуў рукой і пайшоў да дзвярэй. Каля парога ён стаў і павярнуўся:

— Дык цябе, Сымон, ніхто не пераймаў?

— Не, Хаім.

— Ну, то бывай здаровы.

— Шчасліва.

— Будзеш снедаць, Сымон? — запытала Аўдоля, калі Хаім выйшаў.

Сымон задумаўся і адказаў не адразу. Аўдоля адчувала, што Хаімава прыгода нейкім чынам датычыцца і Сымона, што Хаім сёння прыходзіў не дарэмна. І гэта яе ўстрывожыла. Хоць Сымон быў з выгляду і спакойны, але Аўдоля адчувала, што яго нешта хвалюе.

— Што гэта здарылася з Хаімам? — запытала яна.

Сымон усміхнуўся і спакойна адказаў:

— Хіба ты не дагадалася? Грошы ў дарозе адабралі.

— Дык чаго ён да цябе прыходзіў? Можа...

— Не ведаеш, чаго ён прыходзіў? Я ж таксама са Слуцка ехаў, і мяне ніхто не пераняў. Дапытваецца, можа каго бачыў у дарозе.

— А можа ён думае, што гэта ты?

— Здурнела ты, ці што? Як ён можа падумаць такое?

— А ты, Сымон... сапраўды нікога не бачыў?

— Перахрысціся, Аўдоля. Калі б я каго і бачыў, то хіба ён прызнаўся б мне, што абрабаваў Хаіма або хоча яго абрабаваць?

Аўдоля супакоілася, хоць у душы і не паверыла Сымону.