Выбрать главу

Хаім тым часам ішоў да Халусты. «Хто гэта быў?» —думаў ён. Справа ў тым, што Хаім ведаў усіх злодзеяў у двух паветах — Слуцкім і Бабруйскім. Яны былі не толькі яго сябры, а ў некаторай меры і падначаленыя. Ён прымаў ад іх крадзенае, наводзіў, у каго і калі красці, і ў некаторых выпадках хаваў. А гэтых ён не ведаў. Ён пазнаў бы сваіх хлопцаў. «Хоць бы яны голас падалі,— думаў Хаім.— Дык не, ні гуку. Адзін затрымаў кабылу, другі выцягнуў з халявы доўгі нож». Калі Хаім убачыў гэты доўгі блішчасты нож, у яго спынілася сэрца і адняўся ад жаху язык. Хто яны? Адкуль яны ведалі, што Хаім едзе з грашыма? Божая кара! Трыста рублёў! Хіба гэта жарт! Гэта не жарт, а няшчасце, згуба...

Трэба пабачыцца з Халустам. Можа гэта яго сябры! Можа ён падказаў ім, што Хаім не паедзе без грошай. Халуста! Гэта такі сабака, што за лішнюю капейку матку сваю прадаў бы.

Халуста ўжо бегаў па двары і па-звычайнаму лаяў усіх, каго сустракаў: сабак, курэй, ката, якому наступіў на хвост, а той заенчыў так, што Халуста ледзь не самлеў ад жаху. І тут ён убачыў Хаіма.

— А-а! Гэта вы, пане Хаім! Дзень добры, дзень добры! Ну, як вы ўчора з’ездзілі ў Слуцак?

— Як я з’ездзіў у Слуцак,— не то паўтарыў, не то перапытаў Хаім.— Я і сам не ведаю, пане Халуста, як я з’ездзіў у Слуцак...

— Чаму? — Халуста ўзняў свае мутныя выцвілыя вочы з-пад аблезлых павек і зірнуў на Хаіма.

Той прачытаў у яго позірку ўсё, што яму трэба было, і падумаў: «Не ведае, свіны гой. Не ведае... Каб ведаў, то не так паглядзеў бы».

— Чаму вы не ведаеце, пане Хаім, як вы з’ездзілі ў Слуцак? Мабыць, п’яныя былі, пане Хаім? Ая-я-яй! Гэта ж падумаць толькі! Хаім Ножык п’яны! Прызнавайся, з кім ты ўчора выпіў?

— Яўхім, ша... Ціха, Яўхім... Давай мы дзе-небудзь пасядзім... У мяне ногі падгінаюцца...

— Танцаваў? Ліха матары тваёй, танцаваў п’яны! Ая-яй!

— Ша, Яўхім. Не будзь ты як малы... Давай пасядзім. Мне пагаварыць з табой трэба.

— Ага! То хадзем вунь пад свіран, на лавачцы пасядзім.

— У тым свірне спіць Якаў Шэмет, твой парабак. Там яго няма?

— Ужо даўно ў Крушнікі з Юзікам паехаў.

У гэты момант Халуста думаў, што Хаіму нешта прыперла, нездарма ж ён крывіцца, нібы плакаць хоча, і што калі гэта так, то прыйшла каза да ваза і ён прыпомніць Хаіму тыя тры рублі, якія ён садраў у яго за Якава.

Перш чым сесці, Хаім адчыніў свіран і агледзеў яго. Тады прымасціўся на калодзе супроць Халусты і расказаў, як яго абрабавалі ў Гнілой Дуброве.

— Ты скажы мне, хто гэта быў? — запытаў ён у Халусты.

— Адкуль я ведаю! Можа твае сябры!

— Не, Яўхім, не мае сябры. Я сваіх сяброў пазнаў бы. Можа гэта, Яўхім, былі твае сябры.

— Ліха матары тваёй! — Халуста падхапіўся з месца.— Ты гэта што? За сабаку мяне лічыш?

— Яўхім, ша. Цяпер не лічу. Не, гэта былі не твае сябры. Гэта былі не нашы людзі. Хто?

— Колькі іх было?

— Два... Іх было два. Здаровыя хлопцы.

— Э-э-э... А-а-а... І-і... многа яны ў цябе забралі?

Халусту больш за ўсё хацелася ведаць, колькі грошай забралі разбойнікі ў Хаіма.

— Не вялікія грошы, Яўхім... Не вялікія грошы... — Хаім не хацеў казаць праўды.

— Але ж сто рублёў было? — дапытваўся Халуста.

— Мо было, мо не было... Я не лічыў, калі ад’язджаў са Слуцка.

— Ая-яй! — заенчыў Халуста.— А хіба сто рублёў мала?

— Ша, Яўхім! Я, з табою пагаварыць хачу, а ты вельмі рады, што ў мяне грошы забралі. А хіба да цябе яны не могуць прыйсці? Не могуць прыйсці ды скалануць? Гэта ж незнаёмыя людзі! Хіба цябе яны пашкадуюць? Дурны ты, Яўхім.

— А чаго яны да мяне пойдуць?

У гэты момант Яўхім успомніў Шымкевічавых сыноў, якія калісьці таксама злавілі яго ў Гнілой Дуброве і хоць грошай не адабралі, затое здароўя не пашкадавалі. І ён адразу збавіў тон.

— Слухай, Хаім... А яны ланцугамі цябе не білі?

— Якімі ланцугамі? Яны мяне нічым не білі! Яны мне паказалі нож... Чаму ты пытаеш пра ланцугі?

Халуста азірнуўся, праверыў, ці ўсё навокал ціха, ці ніхто не падслухоўвае, не падглядае, тады адказаў:

— Я падумаў, што гэта можа былі Шымкевічавы сыны.

Хаім адхіснуўся ад Халусты.

— Ты дурны, Яўхім! Хіба я не пазнаў бы іх?

— Адкуль ты іх пазнаеш? Ты, пане Хаім, тады са страху і жонкі роднай, мабыць, не пазнаў бы.

— Яны ў Сібіры, Яўхім.

— Хто ведае, дзе яны цяпер! Больш за тры гады прайшло, як яны ў Сібір паехалі. Такія галякі! Не вельмі яны ў Сібіры аседзяцца. Там, пане Хаім, трэба грошы, а якія грошы ў Шымкевіча? Галяк!

— Гэта ты яго галяком зрабіў, Яўхім. Але Шымкевічавы сыны на дарогу не пойдуць.

— Ты ведаеш! Ліха матары тваёй, як ты ўсё ведаеш!

— Нічога я не ведаю, Яўхім... Каб я ведаў, хто мяне абрабаваў, каб я толькі ведаў!