— І нічога ты не зрабіў бы! Дык ты не думаеш, Хаім, што гэта былі Шымкевічавы сыны?
— А чаму ты так думаеш? Уга! Хіба Шымкевіч і яго сыны ведаюць, што гэта я падвучыў цябе прагнаць іх з Барысевічавай валокі?
У Халусты прайшла ўся цікаўнасць. Ён ужо не думаў, колькі грошай забралі разбойнікі ў Хаіма. Больш трывожныя думкі апанавалі яго. Шымкевічавы сыны стаялі ў яго вачах.
Хаім тым часам сабраўся быў пайсці, але нешта яшчэ затрымала яго ў Халуставым двары. Ён убачыў Сымона Ашакевіча, які выйшаў з хаты і накіраваўся ў адрыну.
— Слухай, Яўхім... Сымон Ашакевіч сёння ноччу таксама са Слуцка ехаў. Няўжо ён не бачыў тых злодзеяў?
— Ён жа мне не казаў. Запытай сам.
— Я пытаў.
— Што ён кажа?
— Кажа, што не бачыў... Але я не веру яму, Яўхім.
— Слухай, Хаім! — Халуста аж падскочыў.— Гэты Ашакевіч, каналуп, злодзей, рыштант, ён бачыў! Ён можа і навёў іх на цябе! Ты ўрадніку заяві!
Хаім задумаўся:
— Як я заяўлю ўрадніку?
— Едзь ды заяві! Скажы, што ён ехаў з таварам, яго ніхто не зачапіў. А ты ехаў услед за ім, і цябе абрабавалі. Ты скажы, што ў цябе ўзялі не сто рублёў, а тысячу!
— Грошай мне ўраднік усё роўна не верне, хоць бы я сказаў, што ў мяне дзесяць тысяч узялі... Але... можа і сапраўды заявіць?
— Ты яшчэ думаеш! — узлаваўся Халуста.— Прыйдзіся на мяне!..
— Добра, добра! — перабіў яго Хаім.— Я яшчэ падумаю, Яўхім... Нельга не падумаўшы. Бывай здаровы.
Калі Хаім пайшоў, Халуста некаторы час стаяў моўчкі. Потым выскаліў зубы і пачаў рагатаць. Рагатаў да знямогі, спыняўся, выціраў кулаком вочы, стагнаў і войкаў, потым зноў пачынаў рагатаць.
— Ага-га-га-га! — заліваўся ён.— Хі-хі-хі!.. Кхікхі... Ая-яй! Тры рублі! Ха-ха-ха... За Якава! За Якава тры рублі! Ліха матары тваёй! А-а-а! Хі-хі-хі! От табе тры рублі за Якава!
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
Нічыпар Мартыневіч быў у Малінаўцы за дзесяцкага. Гэтую выбарную пасаду малінаўцы займалі па чарзе. Па году.
Жыў Мартыневіч пасярэдзіне засценка. І хоць належаў да ліку першых гаспадароў, але хата яго была старэзная, ледзь, як кажуць, на нагах стаяла. Ды і ўсе будыніны яго ставіліся яшчэ пры цару Гароху дзядамі ці прадзедамі і амаль увачавідкі разлазіліся. Павыгнівалі вуглы, трухлявыя і паедзеныя шашалем бярвенні вылазілі са сцен, і Нічыпар кожны месяц падпіраў іх з сярэдзіны і знадворку. Нават у хаце давялося паставіць пад бэльку слуп, бо тая бэлька так выгнулася, што гатова была ўламацца. Даўно пара было ставіць новыя будынкі, у першую чаргу хату, і Мартыневіч мог гэта зрабіць, бо меў грошы і ўласны лес, але рашыцца на такую справу не мог. Трэба ж наймаць людзей, плаціць, карміць. Паспрабуй наймі гэтых басякоў (Мартыневіч майстравітых людзей, як і большасць малінаўцаў, лічыў за басякоў), дык яны з вантробамі цябе з’ядуць, усю гаспадарку ў кішэнях вынесуць.
Лявон Нарбутовіч лаяў Нічыпара:
— Дажывешся ты, сугней, да таго, што абваліцца хата і самога і дзяцей падушыць.
Мартыневіч у адказ стагнаў:
— От ужо на той год збяруся...
Так і збіраўся, адкладаючы на другі год.
А што ўжо ў хаце ў Мартыневіча, то ў добрага гаспарадара ў хляве было і чысцей і больш парадку. У хаце яго сесці было проста немагчыма, бо куды б ты ні сеў, то абавязкова ў цеста або ў параную бульбу. Жонка яго Кацярына ў засценку была самая няўклюдная гаспадыня. Гаварыла яна ў нос і заўсёды кешкалася, нешта рабіла, але з тае работы нічога не атрымлівалася, бо не было ў ей ні пачатку, ні канца. Дзеці яе хадзілі вечна мурзатыя. Ніколі не мытыя, у брудных, падраных кашульках і штоніках.
У той дзень Мартыневіча, як дзесяцкага, выклікаў у Чыжэвічы стараста Сафрон Вырвіч. Мартыневіч устаў рана, накарміў скаціну, памацаў сям-там падпоркі, запхнуў у конскім хляве шчыліны жытняй саломай і, не снедаючы, пашыбаваў у Чыжэвічы. Усю дарогу маліўся. Не таму, што баяўся нейкай навалы. Ён заўсёды маліўся — і ў дарозе, і на рабоце.
У хаце Сафрона Вырвіча Нічыпар ніколі не быў, зайшоў туды ўпершыню. Зайшоў і здзівіўся. От табе і мужык-хам, а вазьмі яго за рубель. У хаце, мой пане, цеплыня, чысціня, пахне хлебам з чарнушкай, а з печы валіць такі мясны дух, што Нічыпар аж аблізнуўся. Сам Сафрон, не глядзі, што мужык, а паголены, гладкі, лысіна блішчыць, як маслам вымазана. Кашуля на ім крамная, порткі хоць і саматканыя, але новыя, чыстыя, і боты, дай ты божа, ялавыя, нібы толькі ад шаўца. Дзве дзяўчыны, мабыць, дочкі, маладзенькія, чырванашчокія, сядзяць і прадуць.
Мартыневіч павітаўся і зірнуў кругом сябе: тут і сесці боязна, усё чыстае, вымытае, аж блішчыць. А гэты хам стараста буркнуў нешта ў адказ на «дзень добры» і, трасца яго матары, сесці не запрасіў. «Бачыш ты яго, якая шышка: стараста! А я пляваць на цябе хачу, пане мой! Я шляхціц, дваранін, і воласць ваша хамская мне не закон, толькі што падаткі плачу, от і ўсё...»