Выбрать главу

Пакуль так думаў Мартыневіч аб сваёй шляхецкай годнасці, Вырвіч дастаў з шуфляды паперку і падсунуў яе Нічыпару.

— Сымона Ашакевіча ўраднік выклікае на заўтрашні дзень. Аддасі яму гэтую паперку. І скажы, каб не спазняўся.

— І то ўсё?

— Усё! — адказаў Сафрон і акінуў Мартыневіча вострым зладзейскім позіркам. «Сукін сын, шляхціц! Старац ты, а не шляхціц! Каб не ведаў, хто ты, хлеба акраец падарыў бы. Адны лапці чаго варты. Ды ты і ў іх абуцца не ўмееш!»

Мартыневіч выйшаў ад Вырвіча і ўсю дарогу да Малінаўкі лаяў яго на чым свет стаіць. Праз гэтую сабачую паперку прыйшлося валачыцца аж у Чыжэвічы!

Не мог ён, хамская морда, самога Ашакевіча пазваць і аддаць паперку яму. Дык не! З Чыжэвіч даслаў да Мартыневіча нейкага мужычка з наказам з’явіцца дзесяцкаму да старасты. «Начальства! Не дай бог мужыку панства, а свінні рог... Каб на цябе халера якая, лёгка мне валачыцца сюды-туды...»

Каля самага засценка Мартыневіч супакоіўся і пачаў ужо шаптаць «Верую», як раптам да яго розуму дайшло пытанне: а чаго ўраднік выклікае Сымона? Хм! Тут ёсць над чым падумаць. Тут, не іначай, ці крадзеж, ці яшчэ якая-небудзь скула. Ураднік калі выклікае, то не дарэмна. А чаму не крадзеж! Сымон жа на сваёй Пярэстай вечна ў падводах. Арлоўскаму возіць то гарэлку, то ліха, то халеру, можа і пракраўся. Мартыневіч быў упэўнены, што Сымон пракраўся, па сабе ведаў: каб быў на Сымонавым месцы, то ў першы ж дзень пракраўся б.

Каля свае хаты Мартыневіч сустрэў Лявона Нарбутовіча. Той, мабыць, такі і чакаў яго.

— Дзе ты валочышся, сугней? — запытаў злосна, як і заўсёды.

— У Чыжэвічах быў. Вунь стараста паперку даў. Сымона Ашакевіча ўраднік у воласць выклікае.

— Што? — Лявон ледзь не падскочыў. Ён адразу забыўся, нашто яму быў патрэбен Нічыпар.— Кажаш, ураднік? А чаго?

— Адкуль я ведаю! Паперку даў і кажа: скажы, каб не спазняўся.

— Пакажы мне тую паперку.

Нічыпар даў яму павестку. Лявон доўга круціў яе каля носа, падносіў да самых вачэй, але так і не вычытаў, чаго гэта ўраднік выклікае Сымона Ашакевіча.

— На... Нічога тут не напісана... Аддай Сымону.

Нічыпар спачатку зайшоў дадому і сеў снедаць.

Калі Кацярына падала на стол бульбу і гуркі, то Нічыпар успомніў той смачны мясны дух, які ішоў са стараставай печы, і еў бульбу з гурком і хлебам так заўзята, што аж за вушамі трашчала.

Лявон тым часам памчаўся дамоў, паведаміў Міхаліне, што Сымона Ашакевіча выклікае ўраднік, а адтуль махнуў аж у кузню да Мікалая Халусты, з якім у яго было нейкае невялікае сяброўства.

Міхаліна таксама не спала ў шапку. Такім чынам, пакуль Мартыневіч занёс паперку Ашакевічу, увесь засценак ужо ведаў, што Сымона выклікае ўраднік. Малінаўцы ламалі галовы: чаго? Што натварыў Сымон Ашакевіч? Значыць жа, нешта злачыннае зрабіў!

Толькі адзін Сымон не ламаў над гэтым галавы. Ён ведаў, чаго яго заве ўраднік. Ведаў таксама і тое, што к гэтай справе прыклаў руку Хаім Ножык. Ён прыбягаў да яго ў тую памятную раніцу, ён, вядома, і ўрадніку заявіў, што ехаў са Слуцка амаль услед за Ашакевічам... Усё гэта зусім прыгняло Сымона. А тут яшчэ жонка. Яна амаль страціла розум і не знаходзіла сабе месца.

— Сымон... Скажы мне, што ты нарабіў?

У Сымона сэрца аблівалася крывёю.

— Нічога я не нарабіў, Аўдоля.

— Чаго ж ён цябе выклікае? Няўжо ты, Сымон... Можа, ты нешта ўкраў у Арлоўскага?

— Пабойся ты бога!

— Але ж ты ведаеш, чаго ён цябе заве?

— Я не ведаю, Аўдоля, я толькі дагадваюся... Помніш раніцу, калі да нас прыходзіў Хаім?

— Помню.

— Ну, дык таго мяне ўраднік і выклікае... Тады Хаіма абрабавалі, а ён ехаў услед за мной.

— А ты не бачыў тых людзей, Сымон?

— Не, Аўдоля... Не бачыў...

— А што ты скажаш урадніку?

— Так і скажу, што не бачыў.

— Божа мой, божа,— прашаптала Аўдоля.— За што ты нас караеш!..

«Навала...— думаў Сымон.— Гэтая праклятая сустрэча можа вылезці бокам». Ён пачаў апранацца.

— Куды ты, Сымон?

Сымон адказаў не адразу.

— Трэба з некім параіцца, Аўдоля... Трэба параіцца...

— З кім ты параішся! Каму ты пра гэта раскажаш? Апраўдвацца пойдзеш у тым, у чым не вінаваты! Усё роўна вінаватым зробяць, радавацца будуць!..— Аўдоля хапілася за Сымонаву світку.— Не пушчу! Не пушчу, Сымон, як ты сабе хочаш!..

— Да Яна Сташэвіча схаджу я, Аўдоля... Сэрца маё шчыміць.

— Да Яна... Але ж там жонка яго, Тамаш, меншы...