Выбрать главу

— Я не буду пры іх. Я адзін на адзін Яну скажу.

— Глядзі ж, Сымон...

Сымон пайшоў проста да Сташэвіча, толькі не да Яна, а да Андрэя. Па нейкай прычыне яго цягнула іменна да Андрэя, а не да Яна. Андрэй ненавідзеў Халусту, ненавідзеў Хаіма, а Сымон быў упэўнены, што там, дзе ўваткнуўся Хаім, ёсць і Халустава рука, а дзе ўваткнуўся Халуста, там можна схапіць за бараду і Хаіма.

Андрэй з Іванам малацілі ў гумне, калі прыйшоў Сымон. Андрэй адразу кінуў работу і сеў на куль.

— Садзіся, Сымон, закурым. І ты, Іван, адпачні,— загадаў ён хлопцу.

Селі на кулях.

Іван выйшаў на прыгуменне.

— Я да цябе параіцца прыйшоў, Андрэй,— сказаў Сымон.— Папаўся я ў такое балота, што не ведаю, як вылезці... Толькі нам трэба пагаварыць адзін на адзін.

Андрэй выйшаў на прыгуменне і адаслаў Івана ў хату. Сымон расказаў пра сваю прыгоду ў Гнілой Дуброве, як разлічваўся з Арлоўскім і як да яго раніцай прыходзіў Хаім Ножык.

— І от на заўтра мяне выклікае ўраднік. Вядома, што па гэтай самай справе. Што мне яму гаварыць, Андрэй?

— Што гаварыў Хаіму, тое гавары і ўрадніку, ды не вельмі палохайся.

— Хіба гэта добра, калі пачынаюць цябе валачыць! Яны з мяне душу выматаюць.

— Цвёрда стой на адным: нікога не бачыў, нічога не ведаю. Справа ў тым, што, магчыма, Хаім пазнаў Шымкевічаў і хоча, каб ты пацвердзіў. Ну, а калі ты сказаў яму, што нікога не сустрэў, то тое ж самае гавары і ўрадніку.

— Я гэтаксама думаў...

— А ты нікому не прызнаваўся, што сустракаў Шымкевічаў?

— Нікому, Андрэй, толькі табе.

— І жонцы не гаварыў?

— Не гаварыў.

— Добра. І трымайся ў урадніка смела, не калаціся, проста глядзі яму ў вочы.

Сымон супакоіўся. Яны пагаварылі яшчэ пра старога Шымкевіча і пра яго сыноў, што на дарогі выходзяць, пра Халусту і Хаіма Ножыка, якія крадуць і грабяць, не выходзячы на вялікія дарогі, і Сымон пайшоў дадому.

Андрэй узяўся за малацьбу. Скора прыйшоў Іван, якому не сядзелася ў хаце, бо там была Алена. Малацілі да змроку. Тады Андрэй пачаў перабіраць салому на куль, а Іван панёс коням канюшыну. Пакуль ён накарміў скаціну,. Андрэй кончыў работу ў гумне. Ён пачаў рыхтаваць трасянку коням на ноч. На дварэ к гэтаму часу зусім сцямнела. Андрэй склаў трасянку ў рэзгіны, заціснуў яе, а з галавы не выходзілі думкі пра Сымона і пра Шымкевічавых сыноў. Васіль быў старэй за яго гады на два, а малодшы, Юрка,— аднагодак. Калісьці сябравалі. І не верылася яму, што Васіль, такі спакойны, працавіты хлопец, будзе спыняць на дарозе людзей, няхай сабе такіх, як Хаім Ножык. Мабыць жа, ёсць на гэта прычына, мабыць, ліхі лёс давёў хлопцаў да такога жыцця.

Андрэй хацеў ужо ўскінуць рэзгіны на плячо, як два чалавекі ўвайшлі ў гумно. Ён падумаў, што гэта яму здалося, бо людзі гэтыя ўвайшлі так ціха, нібы то былі не людзі, а здані, нейкія прывіды. Усё гэта адбылося так нечакана, што Андрэй на нейкае імгненне аслупянеў.

— Не падымай крык, Андрэй,— сказаў адзін з іх хрыпатым прастуджаным голасам.— Ты мо не ведаеш, што мы хаваемся...

Андрэю здалося, што гэты голас яму знаёмы, і хоць ён дасюль увесь час думаў пра Шымкевічавых сыноў, але і цяпер бы не сказаў з упэўненасцю, што чуе голас Васіля Шымкевіча.

— Я вас не ведаю, хлопцы.

Васіль ціха засмяяўся.

— Няўжо ж ты такі сапраўды не пазнаў мяне, Андрэй? — сказаў ён і падышоў бліжэй.— Не пазнаў Васіля Шымкевіча?

Андрэй маўчаў. Усё гэта здавалася яму неверагодным. Удзень Сымон Ашакевіч расказваў яму пра сустрэчу з Шымкевічамі ў Гнілой Дуброве; як пайшоў Сымон, ён увесь час думаў пра іх — і вось яны прыйшлі, нібы іх нехта выклікаў, бо калі першы — Васіль, то другі, той, што прытуліўся плячыма да сцірты, не хто іншы, як Юрка.

— Цяпер я пазнаў вас абодвух, Васіль. Але не думай, што я вельмі рады вашаму прыходу.

— Ведаю, браце... Ніхто нам не рады... А некаторыя былі б рады ўбачыць нас на вяроўцы. Аднак жа ты не пабяжыш ззываць людзей. А можа пабяжыш?

— Ззываць людзей? Не вельмі ты разумны, Васіль, калі так думаеш. Людзей ззываць я не буду. Скажы мне, што вам трэба?

— Ідзі сюды, Юрка,— паклікаў Васіль брата.

Той падышоў, і хоць Андрэй не бачыў яго твару, але пазнаў, што Юрка хворы.

— Мы прыйшлі да цябе, Андрэй, бо няма куды нам больш зайсці. А з табою мы сябравалі... Ды ўсё роўна не зайшлі б, каб не пільная патрэба... Добра, што мы засталі цябе ў гумне.

— Якая ў вас патрэба, хлопцы?

З гэтымі словамі Андрэй зірнуў у дзверы, падышоў да іх і агледзеў прыгуменне. «Хоць бы Іван не прыйшоў!» — падумаў ён.

— Мы хочам пераначаваць у тваім гумне.

— Што ж, начуйце.

— Ты не вельмі ахвотна нас пускаеш.