Выбрать главу

— Не вельмі ахвотна, але пускаю... Я рад бы прыняць вас у хаце з чаркай гарэлкі, але ж вы самі не захочаце...

— Нас гоняць, як сабак... Нам нідзе нельга спыняцца надоўга, нельга паказвацца людзям...

— У сене спаць будзе цёпла, а адзежыны я вам прынесці не змагу. Запытаюць, куды нясу.

— Нам не трэба адзежына, Андрэй. Каб ты разжыўся на кавалак белага палатна, яно неабходна Юрку... І каб якога несалёнага тлушчу... У Юркі з рукой дрэнна...

Андрэй падумаў.

— А калі ёду?

— О, каб у цябе быў ёд!

— Ёду і палатна прынясу. А цяпер лажыцеся ў сена, бо я вас тут замкну на некаторы час.

Ён ускінуў на плечы рэзгіны і выйшаў з гумна, зачыніў вароты і замкнуў.

На дварэ бралася на марозік. У полі захадзіўся сівярок. На небе высыпаліся зоркі, і здавалася, што ад гэтага стала яшчэ халадней. «Начаваць у гумне без вопраткі ў такую ноч...— думаў Андрэй.— Нашто яны прыйшлі, і іменна да мяне... А што мне было рабіць? Не пусціць, выгнаць вон?.. Людзей сазваць ды аддаць іх у рукі Хаіму Ножыку і Яўхіму Халусту!.. Не! Так не будзе... А Юрка паранены... Чым я магу памагчы ім...»

Ён палажыў вязку з трасянкай каля конскага хлява, а сам, не заходзячы ў хату, пайшоў да Гарасіма Жукоўскага. Той сядзеў за сталом і чытаў. Андрэй быў першы раз у хаце ў Гарасіма, але разглядацца яму не было калі.

— Вам, мабыць, нешта трэба, пане Сташэвіч? — запытаў Гарасім і закрыў кніжку.

— Так, пане Жукоўскі... Мне трэба ёд.

— А што ў вас такое, пакажыце мне. Я ж трохі ўмею, калі што невялікае... Нажом парэзалі ці сякерай?

— Не я... хлопец мой руку парэзаў. Глупства там... Калі маеце ёд, дайце мне з сабою. Я заплачу, бо ёд часта бывае патрэбен...

— О, гэта вы праўду сказалі. Я вам цэлую бутэлечку дам.

Увесь той вечар Андрэй быў сам не свой. Процьма думак круцілася ў галаве, і ён адчуваў сябе як у сне.

Пасля вячэры ён запаліў ліхтар.

— Куды ты, Андрэй? — запытала ў яго маці.

— У камору. Кавалак скуры там быў. Боты трэба шаўцу занесці, няхай падладзіць, а то перады рвуцца.

У каморы ён адчыніў кубел, выняў кавалак сала, тады зняў з паліцы булку хлеба і ўсё палажыў у мяшок. Тады са скрыні выняў матчына палатно, адрэзаў кавалак аршыны тры і яго сунуў у мяшок.

У хаце Андрэй патушыў ліхтар, сказаў, што скуры не знайшоў, недзе завалялася. У сенях падабраў мех і памалу пайшоў да гумна. Хоць гаспадар і мае права ў любы час зайсці ў свой будынак, але Андрэю здавалася, што за ім сёння сочыць увесь свет...

Васіль яго чакаў.

— Тут вячэра і палатно,— сказаў Андрэй, вымаючы з мяшка хлеб і сала.— Палажы, браце, у сваю торбу... А вось табе і ёд. Заўтра прыйду малаціць рана, тады разбуджу.

— У цябе работнік ёсць.

— Я прыйду адзін.

Усю тую ноч Андрэй нават павек не звёў.

  РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

Урадніку Антону Беразоўскаму было дваццаць сем гадоў. Высокі і шыракаплечы, ён быў складзены, як асілак. Гадаваў чорныя вусікі, і вочы ў яго былі чорныя, праніклівыя. Ён быў прыгожы і ведаў гэта, быў не вельмі дурны і таксама ведаў гэта. Таму ён любіў сваю асобу і сачыў за сабой надзвычайна. Апранаўся заўсёды бездакорна: ці ў форменны гарнітур — пры выкананні службовых абавязкаў, ці ў цывільны — у прыватных выпадках.

Паходзіў Беразоўскі з Бабруйшчыны. Бацька яго — багаты шляхціц-хутаранец — жыў недзе пад Глускам. Антон быў яго малодшы сын. Не вельмі здатны да ву- чэння, ён сяк-так дацягнуў да сёмага класа гімназіі і падаўся на службу. Паліцэйская кар’ера яго захапляла. Тады яшчэ бязвусы юнак, ён думаў, што вельмі хутка пойдзе ўперад па службовай лесвіцы, але падымацца ўгору аказалася не так лёгка. Хіба можна ў поўнай меры праявіць свае здольнасці ў такім глухім месцы, як Старочынская воласць, дзе, акрамя дробнага крадзяжу, і злачынстваў іншых не было. Беразоўскі ж быў перакананы, што месца ўрадніка для яго вельмі нізкае і малое. Ва ўсякім выпадку, ён адчуваў, што пасада прыстава не была б для яго вельмі высокая.

Спачатку Беразоўскі вельмі актыўна ўзяўся за справу, але час ішоў, і малады ўраднік пакрысе астываў. Менш думаў пра пасаду станавога прыстава або спраўніка: абодва гэтыя месцы былі для яго гэтак жа далёка, як і ў той час, калі ён упершыню надзеў форму ўрадніка. Ён цяпер быў больш за ўсё заняты заляцаннямі да багатых шляхцянак і з ахвотай пайшоў бы ў прымы на добры хутар. Пошукамі такога хутара і займаўся Беразоўскі ў апошні час, але сакрэтнае прадпісанне са Слуцкага паліцэйскага ўпраўлення прымусіла яго насцярожыцца. У прадпісанні гаварылася аб сацыялістах-дэмакратах, аб хваляванні сялян і парабкаў у радзе месц імперыі і прапанавалася сачыць за настроем насельніцтва. Прачытаўшы такое прадпісанне, Беразоўскі хмыкнуў. Сацыялісты ў Старочынскай воласці! Глупства. Ва ўсёй воласці не знойдзеш чалавека, які ведае, што такое сацыяліст, дэмакрат. Але скора ён перамяніў сваю думку. Нядаўна да яго з’явіўся Яўхім Халуста з Малінаўкі і паведаміў, што падазрае свайго парабка Якава Шэмета: «Ліха матары яго! Ён сацыяліст, гаспадзін ураднік!» Халуста падмацаваў свае словы тым, што Якаў Шэмет не п’е гарэлкі, не бегае за дзеўкамі, а гэта не ўласціва парабкам. Не ходзіць у царкву, затое штонядзелі валочыцца ў Чыжэвічы. «А там жа ўся басата, гаспадзін ураднік!» Прытым Шэмет працаваў у горадзе тры гады, а вядома ж — адтуль, з горада, і ідзе ўсялякая зараза.