Выбрать главу

Беразоўскі думаў, што паведамленне Халусты беспадстаўнае, аднак не забыў яго. Хто ведае, як павернецца справа, а кар’еру пабудаваць можна толькі на палітычнай аснове. І Беразоўскі вырашыў мець Якава Шэмета на ўвазе, прасачыць за яго дзейнасцю.

Некалькі дзён назад з’явіўся да ўрадніка Хаім Ножык з Чыжэвіч. Яго абрабавалі ў Гнілой Дуброве, калі ён ехаў са Слуцка. Уперадзе яго праехаў Сымон Ашакевіч з Малінаўкі. Гэты Ашакевіч прадаў у Агародніках чатыры бутэлькі гарэлкі. Арлоўскі сцвярджае, што Ашакевіч і сам быў п’яны.

Паведамленне Халусты і абрабаванне Хаіма Ножыка не мелі між сабой нічога агульнага, але Беразоўскі нейкім дадатковым пачуццём зразумеў, што ва ўсім гэтым нешта хаваецца і не звярнуць на яго ўвагі нельга. Перш за ўсё ён падрабязна дапытаў Халусту і запісаў яго паказанні. Хаіма Ножыка ён мог адправіць у Слуцак, бо Гнілая Дуброва знаходзілася на тэрыторыі Слуцкай воласці, аднак ён дапытаў і Ножыка і Арлоўскага. Шэмета вырашыў не турбаваць, не было важкіх прычын, а Ашакевіча выклікаў на допыт.

Сымон прыехаў у Старочын рана. Гандляры толькі паадчынялі свае крамы. Ён спыніўся ў знаёмай яўрэйкі Ханы, распрог сваю Пярэстую, прывязаў яе да воза і пайшоў да ўрадніка.

Беразоўскі сядзеў за сталом, рабіў выгляд, што чытае важныя паперы, што яму вельмі некалі, што ён страшна заняты, аднак не забыў, не падымаючы галавы, высакародным жэстам паказаць рукой цераз стол на крэсла, прапануючы гэтым Сымону сесці.

Прайшло некалькі хвілін. Тады Беразоўскі падняў галаву, прыветна ўсміхнуўся і запытаў:

— Што вас прывяло да мяне, пане Ашакевіч?

Хітры шэльма, ён ведаў, як лапцюжная шляхта ганарыцца сваім шляхецтвам, бо сам на Глушчыне вырас сярод такіх самых дваран. Звярніся да такога, як да пана, і ён увесь перад табой раскрыецца.

— Я атрымаў павестку, гаспадзін ураднік,— адказаў Сымон.

— А-а! — Беразоўскі ўсміхнуўся і ляпнуў далоняй сябе па лбе.— Помню, помню!.. Вы, здаецца, нядаўна былі ў Слуцку. Так, так...— ён зірнуў у свае паперы і назваў дзень.

— Так, гаспадзін ураднік. Я ездзіў па тавар Арлоўскаму.

— Вы ехалі са Слуцка адзін?

— Адзін.

— І на дарозе нікога не сустрэлі?

— Нікога.

— Так, так... Значыць, вы на дарозе нікога не сустрэлі, ні з кім не гутарылі?

— Так. Нікога не сустрэў, ні з кім не гутарыў.

— Дазвольце, пане Ашакевіч. А каму вы прадалі чатыры бутэлькі гарэлкі?

— Я прадаў іх у Агародніках. Людзей тых я не ведаю.

— Вось бачыце! А кажаце, што нікога не сустрэлі ў дарозе.

— Гэта было не ў дарозе, а ў сяле.

— Хоць і ў сяле, але ўсё роўна ў дарозе, бо вы ехалі дамоў.

— Так. Але гэта было не ў чыстым полі ў дарозе, а ў сяле, гаспадзін ураднік.

— Правільна. Я вас разумею. Вы хочаце сказаць, што ў Гнілой Дуброве вы нікога не сустрэлі?

Беразоўскі зірнуў на Ашакевіча з лёгкай усмешкай: прызнавайся, маўляў, дурань, я ўсё роўна ўсё ведаю. Але збіць Сымона яму не ўдалося.

— Я, гаспадзін ураднік, нікога не сустракаў ні ў Гнілой Дуброве і ні дзе ў іншым месцы. Я ехаў дамоў уночы.

— А вы не пазналі б тых людзей, якім прадалі гарэлку?

— Наўрад. Мне не было калі іх разглядаць. Ды я такі, прызнацца, трохі спалохаўся. Яны былі п’яныя і маглі гарэлку дарам узяць.

— А колькі іх было, пане Ашакевіч?

— Чацвёра.

— Вы сказалі няпраўду, пане Ашакевіч.— Ураднік зірнуў на Сымона, як бацька на дзіця, якое правінавацілася, з дакорам, але без думкі пакараць.— Іх было толькі двое.— Беразоўскі схіліў галаву, нібы яму было сорамна за Сымонаву хлусню.— Так, пане Ашакевіч?

Беспрычынны жах запаліў сэрца Сымона, але ён адказаў цвёрда:

— Не, гаспадзін ураднік. Іх было не двое, а чацвёра. Калі вы лепш ведаеце, то нашто пытацца? Можа вы там былі?

— Ого, пане Ашакевіч, вы залішне смелы. А я от вазьму ды пакажу вам тых, двух чалавек. А-а? Яны злоўлены і сядзяць пад замком.

Млявасць пакацілася па Сымонавым целе. «Няўжо іх злавілі? — з жахам падумаў ён.— Тады я прапаў».