Выбрать главу

— Што ж, пакажыце.

— Не цяпер, не цяпер, пане Ашакевіч. Але я бачу, што вы спалохаліся.

— Не, гаспадзін ураднік, я не спалохаўся, бо не зрабіў ніякага злачынства.— Злосць раптам апанавала Сымона: «Смаркач, сядзіць, як аблізаны каровай...

Фігу ты злавіў, а не Шымкевічавых хлопцаў!» — Я, гаспадзін ураднік, дваранін! А дваранін не хлусіць, не крадзе, бо тады ён не быў бы дваранінам.

— Таму я з вамі і гавару не так, як гаварыў бы, скажам, з нейкім там Шэметам. Аднак вы да Арлоўскага прыехалі выпіўшы. Мабыць, тыя, што куплялі ў вас гарэлку, выпілі яе разам з вамі.

— Не, гаспадзін ураднік. У дарозе я не п'ю. Гэта Арлоўскі сказаў вам, што я быў п’яны, бо ён на мяне злосны. Я патрабаваў у яго разлічыцца. Ён мне быў вінаваты за чатыры паездкі, а я чалавек бедны, мне патрэбны грошы. Нямала чакаў я яму і раней і цяпер. У мяне хворае дзіця, грошы патрэбны на лячэнне.

— Вы маеце поўнае права патрабаваць свае грошы. Але ад вас пахла гарэлкай.

— Эх, гаспадзін ураднік! А сёння ад мяне не пахне гарэлкай? Каб вы вазілі гарэлку, і ад вас бы пахла. А зайдзіце да Арлоўскага ў сенечкі, дзе ў яго гарэлка стаіць. Там такі смурод, што нос верне, бо ён не толькі казённую прадае, а і рамязоўку, от яна яму і пахла...

— Ха-ха-ха! — зарагатаў ураднік.— У яго сенечках так пахне, што і не п’ючы можна ап’янець. Ха-хаха! А што да рамязоўкі, то вы дарэмна. Гэта праверана. Вы галаслоўна сцвярджаеце.

— Я нічога не сцвярджаю, гаспадзін ураднік. Якая справа Арлоўскаму да таго, выпіў я ці не? Калі я і выпіў, то не з яго рук і не за яго грошы. І якая каму справа, што я прадаў у дарозе чатыры бутэлькі гарэлкі? Я за іх аддаў грошы. Ды, нарэшце, я мог забраць іх сабе. Я гарэлку важу, цягаю на сабе...

— От бачыце, мы з вамі адной думкі. Якая каму справа, што вы прадалі ў Гнілой Дуброве чатыры бутэлькі гарэлкі двум чалавекам. Яны хацелі купіць, а вы ім прадалі. Дык нашто ж гэта адмаўляць, пане Ашакевіч?

— У Гнілой Дуброве? Гэта, значыць, Хаім Ножык вам данёс.

— Зусім не. Чаму ў вас з’явілася такое падазрэнне?

— Бо Хаім Ножык прыбягаў да мяне, як толькі я прыехаў ад Арлоўскага.

— Ах! Ён да вас прыбягаў!

— Так, гаспадзін ураднік.

Беразоўскі крэкнуў і пачырванеў. «Пракляты жыд»,— падумаў ён.

Допыт на некаторы час перарваўся. Беразоўскі пачаў гартаць паперы, нібы забыўшыся пра Ашакевіча. Сымон тым часам думаў, што ён ледзь не ўляпаўся. Каб ураднік, паабяцаўшы яму паказаць тых людзей, якім ён прадаў гарэлку, ступіў да дзвярэй, Сымон паверыў бы, што Шымкевічы злоўлены, і, мабыць, прызнаўся б. Але ўраднік зрабіў удалы ход і не падмацаваў яго.

— Так, пане Ашакевіч... Вы не хочаце гаварыць праўды. А па сутнасці, чаму нам не пагаварыць адкрыта? Мы абодва дваране, суседзі па паветах. Што нам за бяда, калі нейкага злодзея-жыда абрабавалі такія ж самыя злодзеі...

«Значыць, Хаіма такі абрабавалі»,— падумаў Сымон.

— А я буду гаварыць з вамі адкрыта,— гаварыў Беразоўскі.— Хаіма Ножыка спынілі ў Гнілой Дуброве два чалавекі. Гэта здарылася не больш чым праз гадзіну пасля таго, як Гнілую Дуброву праехалі вы. Ён не пазнаў тых людзей, але па некаторых прыметах мяркуе, што яго абрабавалі сыны Тодара Шымкевіча.

От мне і важна знаць, ці бачылі вы іх, ці пазналі, нарэшце?

— Я нікога не сустракаў у Гнілой Дуброве, гаспадзін ураднік.

— Упарты вы чалавек. Каго вы, уласна, хаваеце? Разбойнікаў з-пад моста. За сынамі Шымкевіча, Васілём і Юрыем, павятовая паліцыя сочыць. Яны абрабавалі не аднаго Хаіма Ножыка і не толькі ў Гнілой Дуброве.

— Я гэтага не ведаю.

— А я ведаю. Значыць, вы сцвярджаеце, што нікога не сустракалі ў Гнілой Дуброве?

— Нікога, гаспадзін ураднік.

— Тады, калі ласка, падпішыце вось гэта.

— А што гэта такое?

— Тут запісана ваша паказанне. Я магу прачытаць.

— Калі ласка, прачытайце.

Беразоўскі зморшчыўся і пачаў чытаць пратакол.

— ...Ну, усё так запісана?

— Так, гаспадзін ураднік.

— Падпішыцеся.

Сымон падпісаўся.

Калі Сымон выйшаў ад урадніка, было пасля паўдня. Ён пайшоў да Ханы, запрог сваю Пярэстую і паехаў дамоў. Думка пра Беразоўскага не пакідала яго. Ды, уласна, не пра яго ён думаў. Яго хвалявала пытанне — закончыцца сённяшнім допытам уся справа ці гэта толькі пачатак? Чорт яго ведае. Ды і якая справа! Не думаў Сымон, калі сустрэўся з Шымкевічамі, што прыйдзецца яму сядзець ва ўрадніка на допыце. Шымкевічы... значыць, за імі паліцыя сочыць. А можа Беразоўскі схлусіў, каб запалохаць Сымона. Вось, маўляў, якія яны, а ты з імі сустракаешся і маўчыш.

Але Беразоўскі не схлусіў. Сымон мо толькі за вярсту яшчэ ад’ехаў ад Старочына, а ўрадніку сам начальнік пошты прынёс пакет за пяццю сургучнымі пячацямі. Каб гэты пакет Беразоўскі атрымаў раней, то інакш павёў бы допыт. З павета старочынскаму ўрадніку паведамлялі, што Васіль і Юрый Шымкевічы павінны знаходзіцца цяпер у межах яго воласці. Яны накіраваліся ў гэты бок, іх прасачылі. У іх нават стралялі. Павятовая паліцыя згубіла іх сляды. Беразоўскаму прапанавалася прыняць усе меры, каб знайсці разбойнікаў.