Прачытаўшы паведамленне, Беразоўскі гатовы быў кусаць локці. Няхай бы гэты пакет прыйшоў раней, або няхай бы ён Ашакевіча выклікаў не на сёння, а на заўтра. Выклікаць узапар другі раз зусім неразумна. Ды нічога цяпер і не даб’ешся ад «пана Ашакевіча». Тым болей, што сам ураднік даў маху. Допыт ён вёў не як прадстаўнік улады, а як добры сусед. Думаў, што так будзе лепш. Зліберальнічаў, дурань... Якія ж меры цяпер прымаць, каб напасці на след разбойнікаў Шымкевічаў? Цяпер ужо Беразоўскі не сумняваўся, што абрабаванне Хаіма Ножыка — работа не прыгарадных мужыкоў, а іменна Шымкевічаў. І ён выклікаў стражніка Макара, каб параіцца з ім.
На дварэ было холадна. Вецер дзьмуў проста ў твар з поўначы, са Слуцкага бору. Адтуль заўсёды дзьмуў халодны вецер. Сымон не падганяў свае кабылы. Спяшацца не было чаго, усё роўна дзень страчаны. Ён выняў тытунь, закурыў і перабраў у памяці ўсё тое, што адбылося з ім у апошні час. От табе і жыццё. Ты думаеш так, а яно зробіцца гэтак. Проста замарачэнне нейкае, а не жыццё. Мала сваёй бяды ў хаце, дык от яшчэ Шымкевічы з Хаімам Ножыкам утачыліся ў яго долю.
Тым часам пачало распагоджвацца. Усё неба яшчэ было заслана хмарамі, але на захадзе пасвятлела. Хутчэй бы лёг снег, а то зямля ўмерзла, дарога цвёрдая, як камень, кабылу трэба падкоўваць, ды і калёсы б’юцца, кожная лёстка дрыжыць. Калі так доўга пастаіць, кузні не мінеш, Халуставаму сыну паклонішся. Эх, каб сняжок, запрог бы кабылу ў сані. Скора трэба сена вазіць, дровы. Не столькі таго сена, але можа нехта наняў бы на Волю ці ў Крушнікі паехаць. Ды мо дзе якую калодку агораў бы на клёпкі ды на дны. Зімой, калі работы вялікай няма, вёдры рабіў бы ды цабры. Трэба ж на свеце жыць.
Амаль паўдарогі так праехаў Сымон, ужо малінаўскія Маргі відны былі здалёк, калі пачуў, што ззаду нехта едзе. Азірнуўся і пазнаў Юрку Хмялеўскага — лесніка з Крушнікаў. Хто з гэтага палявога боку не ведаў Юрку Хмялеўскага!
— Гэй, Сымон! Усё на Пярэстай ездзіш! — гукнуў ззаду Юрка.
— Другой не маю, Юрка!
— Добрая кабыла. Крок шырокі. Мая нашто хадавая кабыла, але тваёй на хвост не наступае. Ідзі да мяне, закурым.
— Не, браце, ты ідзі да мяне. Я такі ж наперадзе, кіраваць трэба, а твая кабыла следам будзе ісці.
— Добра ты кажаш.
Юрка сеў на Сымонаў воз. Сымон зірнуў на яго і ўсміхнуўся.
Зусім не чалавек, а звер. Аброс увесь, толькі вочы блішчаць, і тыя нейкія дзікія. От што Палессе з чалавекам робіць. Пакуль парабкаваў у маёнтку — чалавекам быў, а калі купіў хутар у Крушніках — на звера стаў падобны.
— Куды гэта ты выбраўся, Юрка? Ці не ў Слуцак?
— Не, Сымон. У Малінаўку да пранцаватага Халусты.
— Чаму ж да пранцаватага? Ты ж з ім добра жыў, хутар ён табе памог купіць. Можа ў яблыкі да яго едзеш?
— Няхай яго скулы ядзяць, а не я яго яблыкі буду есці. Ён мне такіх яблыкаў падсунуў, што не толькі ў роце горка, але на душы млосна.
— Што ж гэта за яблыкі такія, Юрка?
— Ай, браце... Пра хутар ты гаворыш. Грошай ён пазычыў, праўда, бо ў мяне не было свае капейкі. Вэксаль я, вядома, падпісаў, куды ж ты дзенешся, усё па закону...
— Я гэта ведаю, Юрка.
— Нічога ты не ведаеш. І ніхто не ведае, колькі мне каштуе гэты пракляты хутар... Я і цяпер сяджу ў Халуставай кішэні, як сядзеў і да гэтай пары.
— Не аддаў Халусту доўгу?
— Братка ты мой! Пяць разоў аддаў, калі не больш. Колькі ён у мяне лесу перацягнуў! Штогод возіць. А колькі шкур узяў лісіных, і казіных, і выдры, і куніцы! А колькі мяса перавалок! Чыстымі грашыма сто рублёў аддаў. Згалеў зусім. На жонцы ды на дзецях транты адны... Прашу вэксаль, дык не, не аддае ды годзе...
— Цяжка табе будзе вырваць з яго зубоў гэты вэксаль,— зазначыў Сымон.
— Хіба я не ведаю... Вясной да мяне прыехаў. Такі добры, такі лагодны, памяркоўны. «Мне, пане Хмялеўскі, шулы трэба. Каб ты мне пару дубкоў даў, то мы з табою і разлічыліся б». Даў я яму два дубкі.
— Бачыў я, Юрка, тыя дубкі пад гумном у Халусты. Чатыры шулы здаравенныя ды калоў на цэлы плот.
— Ну от. Дзіва што! Там не толькі калы, там на зруб у калодзеж можна выбраць. Вечны калодзеж быў бы. Ну, дык што ты думаеш, аддаў ён мне вэксаль? Дулю ён мне паказаў. Мне, кажа, яшчэ трэба чатыры сахі ў гумно...