— І дасі, нідзе не дзенешся.
— А што я магу зрабіць? Сэрца маё крывёю аблілося, ледзь не заплакаў я... Што ж, кажу, пане Халуста, можа вам і скура мая трэба, то здзірайце, кажу, і скуру... Смяецца, гад: «Нашто мне, братачка, твая скура! Хіба я з яе боты пашыю! Ты мне чатыры сахі дасі, тады мы гэты вэксаль шах-мах — і ў печ! Ну, дык от чым усё кончылася: пазаўчора сам Гендарсан з аб’ездчыкам прыязджаў абход мой правяраць. Ну і знайшлі тое месца, дзе дубы стаялі... Так ужо я яго вытараваў, здаецца, ніякі чорт не пазнаў бы, а Гендарсан пазнаў. Разбушаваўся, чортаў немец, рады няма. Прыгразіў з работы прагнаць.
— Та-ак,— працягнуў Сымон.— Невясёлая і твая жытка, Юрка.
— Ворагу свайму такой не жадаю... Як на жары голымі нагамі стаю. Дык от еду да Халусты, папрашу, каб слова закінуў за мяне Гендарсану. Такі ж яны сябры нейкія, ды і дубы ж Халуста забраў... Як думаеш, закіне?
— Не ведаю. Калі сохі дасі ды да сох нешта паабяцаеш, то закіне.
— Паабяцаю... Бабра паабяцаю... От, браце, як прыходзіцца жыць... Да ворага свайго еду, каб пакланіцца яму... Бо жыць трэба. Эх, каб не дзеці, кінуў бы ўсё...
— Нічога не зробіш, Юрка. А я думаў да цябе ў Крушнікі з’ездзіць, можа б на клёпкі якога дрэва разжыўся. А ты такога нагаварыў...
— Прыязджай, Сымон. На клёпкі я табе з свайго надзела дам. Сухая яліна ёсць, ладная. А ты мне цэбрык ды вядро зробіш.
— Добра, прыеду.
Так, размаўляючы, непрыкметна праехалі і Маргоўскі лес. Малінаўка была блізка, і Хмялеўскі перасеў на свой воз.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Малінаўцы спасвалі канюшыну на яравым палетку. У гэтым годзе вырасла яна, як ніколі: укрыла ржэўнік, закусцілася, нібы сабралася зацвісці ў першы год. Спасваць увосень канюшыну было неабходна. Тады вясной яна лепш бралася ў рост і гусцела.
Засцянковыя коні аджылі. Мінула летняя і асенняя работа, да зімы яшчэ далёка. Нават дохлыя адры, якія за лета вырабіліся так, што ледзьве ногі цягалі, ад’еліся на канюшыне і пачалі падбрыкваць.
Яўхім Халуста не знаходзіў ад злосці месца. Справа ў тым, што яго нівы былі ўдвая шырэй за нівы паўвалочнікаў, не гаворачы ўжо аб тых, хто меў па чвэрці ці, як Сымон Ашакевіч, толькі шостую частку, а паша праз гэтую праклятую цераспалосіцу на ўсім палетку агульная. Выходзіла, што засцянковыя коні дабрэлі на яго шырокіх нівах. А паспрабуй не пусці, калі адзін палетак. Не загародзіш сваіх ніў. Ды каб і загарадзіў, то хіба не паломяць платоў такія арыштанты, як Сташэвіч!
— Ліха ма-а-тары іх! — лаяўся Яўхім.— Выйду з засценка! Прадам гэтую праклятую барысевішчыну! Куплю фальварак, бо гэтыя праклятыя шляхцюкі мяне з вантробамі з’ядуць.
Адпраўляючы Юзіка на начлег, ён кожны раз строга яму наказваў:
— Ты праганяй іх са сваіх ніў! Праганяй! Вазьмі пугу і гані к чорту! Чуеш, сугней?
— Чую, бацька. Хіба я павінен цэлую ноч чужых коней пасвіць? Дык начлежнікі ж маіх коней ганяць будуць. А ваўкаўні ведаеш колькі распладзілася? Поўныя Маргі!
— Ты дурны! Ты сваіх коней пасі на сваёй ніве! Спутай і пасі! А чужых праганяй! Пугаю! Чуеш?
Юзік нічога не адказваў і выязджаў са двара. Халуста хапаў пугу і імчаўся ўслед за ім на канюшынны палетак. Там ён насіўся, як ашалелы, і разганяў коней, а малінаўскія канапасы глядзелі на яго, як на дзіва, і рагаталі.
Асабліва ненавідзеў Халуста Андрэя Сташэвіча і ўсё, што Андрэю належала або мела да яго нейкае дачыненне. Ён не мог забыць, як гэты накольнік з Тамашом звязалі яго, як здзекаваліся. Ды і не толькі за гэта. Па нейкай прычыне Яўхім баяўся Андрэя, таму і ненавідзеў, як самага лютага ворага.
Аднойчы сярод белага дня Халусту ахапіла такое шаленства, што ён пабег на канюшынны палетак, вылучыў з табуна Сташэвічавых коней і пагнаў іх на маргоўскую дарогу. Іван паспрабаваў пярэчыць, дык ён адхвастаў яго пугай.
— Заганю тваіх коней у Маргі!.. Хі-хі-хі! У Маргі! Няхай іх там ваўкі падушаць.
Іван прыбег дадому з пісягом цераз усю шчаку.
— Што гэта з табою? — запытаў Андрэй.
— Халуста... Коней з палетка сагнаў і мяне пугаю адхвастаў...
— За што?
— Не ведаю.
Андрэй усхапіўся з месца.
— Дзе ён?
— Там, на палетку.
— Не ідзі, Андрэй,— узмалілася маці.— Бяды наробіш.
— Я яму нараблю бяды! — крыкнуў Андрэй.— Ён не толькі мяне, а след мой будзе абмінаць за вярсту.
Халуста тым часам ішоў дамоў, памахваючы пугаю. Андрэй сустрэў яго каля самага засценка. Там, крыху ўбаку ад вуліцы, расла высачэзная таполя. Каля яе калісьці малінаўцы пабудавалі невялічкую капліцу з дошак, пасадзілі чатыры рабіны і некалькі кустоў бэзу. Рабіны к гэтаму часу сталі вялікімі дрэвамі, бэз разросся так, што капліца амаль хавалася ў ім. Вось у гэтым месцы Андрэй і сустрэў Халусту. Халуста мог бы раней заўважыць Андрэя і пазбегнуць сустрэчы, але кусты бэзу падвялі. Як толькі прамінуў іх, так і сутыкнуўся з Андрэем нос у нос. Той не сказаў яму ні слова. Перш за ўсё вырваў у яго з рук пугу і пачаў хвастаць па чым папала. Халуста падскокваў, круціўся, войкаў, закрываў далонямі твар і лаяўся. Нарэшце Андрэй здаволіўся.