— Ну як? У суд будзеш падаваць?
Халуста здзічэлымі вачыма глядзеў на яго і маўчаў.
— Калі яшчэ кранеш майго хлопца хоць пальцам — заб'ю. Чуеш? Заб'ю, як сабаку. А калі ў суд падасі, я сведак пастаўлю, што ты майго хлопца біў. А ў цябе сведак няма, сукін ты сын! Хіба гэтую таполю папросіш, каб пацвердзіла. Ды за мяне і парабак твой у судзе слова скажа — помніць, як ты з сынам рэзаўся.
— Ліха матары тваёй! — закрычаў нарэшце Халуста.— Ты ў мяне за гэта ногі будзеш лізаць!
— Твае ногі лізаць? — злым шэптам перапытаў Андрэй.— Яшчэ хочаш? — і падняў пугу.
— Не! Не хачу! — увесь скурчыўшыся, залямантаваў Халуста.
Андрэй зламаў пугаўё, закінуў яго ў кусты, пугу скруціў у жмуток і падаў Халусту.
— На, ды нікому не хваліся, бо яшчэ атрымаеш.
Халуста схапіў пугу, адбег крокаў за дваццаць, склаў дзве дулі і выставіў іх Андрэю.
— На! На! Кусай мяне во за гэта! — ён паляпаў сябе па вядомым месцы.— Кусай! Цю-га-га! А-а-а! Выхвараеш, злодзей, шэльма, накольнік, рыштант, разбойнік! Цю-га-га!
Гэты выпадак каля капліцы ўмацаваў тую бязлітасную варожасць, якая ўжо існавала між Халустам і Андрэем. Яна потым цягнулася доўгія гады. Халуста абыходзіў капліцу, як абыходзіў пасля гэтага Андрэеў двор, бо зноў жа каля капліцы, амаль у тым самым месцы, яго стрэла і другая прыгода, на гэты раз з Сымонам Ашакевічам. Калі Андрэй вярнуўся дадому, маці сустрэла яго з трывогай у вачах.
— Што ты там нарабіў, сынок? Хоць бы нічога благога.
— Нічога благога, мама. Нахвастаў Халусту пугай, і ўсё.— І тут яго вочы сустрэліся з вачыма Алены. Яна глядзела на яго з такой варожасцю і адчужанасцю, што Андрэю стала не па сабе.— Ты чаго на мяне так глядзіш? — запытаў ён сястру.
— Таго...— злосна адказала яна і адвярнулася.
— Халусту шкадуеш?
— Не шкадую... Шкадую, што ты які быў, такі і астаўся... І татава смерць цябе не перайначыла.
— Што? — задыхаючыся ад гневу, запытаў Андрэй.— Што ты сказала?! Ты татаву памяць кранула!
Гадаўка! Ты не павінна кратаць яго памяць! Дык от татавымі словамі табе кажу.
— Дзеці! Хоць таты не чапайце...— пачала прасіць маці.
— Добра, мама, я памаўчу... Але злодзей Халуста не будзе біць маіх работнікаў, ганяць з палетка маю скаціну. Я сам на Івана слова дрэннага не сказаў і не дазволю рознай свалаце падымаць на яго руку.
— Не зліняў твой Іван,— уедліва прамовіла Алена.— Гэтакая цаца — мужычок з Чыжэвіч.
Андрэй пабялеў. Ён быў гатовы кінуцца на сястру і ўжо рвануўся да яе, але маці схапіла за рукі.
— Андрэй, сыночак!.. Апамятайся.
Андрэй адчуў, як цела яго абвяла. Ён сеў, пачаў закурваць, але рукі не слухалі яго.
— Добра, сястра!.. Я табе ўспомню гэта... Успомню!
— Не страш.
Яна сказала гэтыя словы такім самастойным і халодным голасам, нібы Андрэй для яе зусім не існуе.
Андрэй толькі цяпер па-сапраўднаму адчуў, якую праўду гаварыў Ян, што Алену трэба як мага хутчэй аддаваць замуж. Сувязь яе з Юзікам Халустам аказалася мацнейшай, чым ён думаў. Халустава сям’я ёй цяпер даражэйшая, чым свая. Ён не мог сабе гэтага ўявіць, бо не лічыў сястру зусім дурною. Што яна знайшла ў гэтым Громе, што ў ім ёсць, акрамя дзікага голасу? Нават прыгожым назваць нельга. Няўжо ж і сапраўды каханне сляпое!
Вось калі Андрэю патрэбен быў бацька. Аднаго яго слова хапіла б, каб паставіць усё на сваё месца. А сястра — што ж, гэта амаль адрэзаны кавалак. Аляксандра не прыехала на пахаванне бацькі, не з’явілася і на памінкі. У яе, вядома, свая сям’я, ёй можна дараваць. А Алена! Яна жыве яшчэ ў бацькавай хаце, а брат, які замяніў бацьку, на чыёй шыі вісяць усе клопаты, усе турботы, стаў ёй ворагам. Як жа гэта зразумець, як з гэтым пагадзіцца! Нягледзячы на шалёную злосць, якая ахапіла яго, ён не лічыў сястру ворагам. Жадаў ёй дабра. Няўжо яна не разумее гэтага! Страшна...
Андрэй не мог аставацца ў хаце. Яму трэба было з кім-небудзь пагаварыць, параіцца, хоць выказаць усё тое, што ляжала, як цяжкі камень, на душы. І ён пайшоў да Яна Сташэвіча. Той на дварэ майстраваў ворчык і сустрэў Андрэя не вельмі ласкава.
— Значыць, так,— сказаў ён, сеўшы на калодачку.— Ты зноў малайцом, хвалю... Адлупцаваў Халусту.
— Адкуль ты ведаеш?
— Увесь засценак ужо ведае.