Андрэя гэта здзівіла.
— Няўжо сам Халуста пахваліўся?
— Дзеці бачылі.
— Не было там ніякіх дзяцей.
— Былі. Каля капліцы ў хованкі гулялі.
— Дзяцей ён сведкамі не паставіць.
— Вядома, не паставіць. Закону такога няма, ды і бацькі не дазволяць. Але што ты думаеш, скажы ты мне! Хіба не ведаеш, з кім звязаўся? Ён жа табе гэтага ніколі не даруе.
— Сціхні, Ян! Я не баюся Халусты! І дараваць яму таксама не буду! Ведаеш, за што я яму даў?
— Ведаю. За коней. Дурань ты, от хто! Нарваўся б нейкі Нарбутовіч ці Мартыневіч — па судах бы нацягаўся. Не ведаеш яшчэ, што такое суд, і дай бог каб ніколі не ведаў.
— Не за коней я біў яго, гада, а за Івана. Ён Івана пугай адхвастаў, ну, і я яго пугай.
— За Івана? Гэтага я не ведаў. Тады я нічога табе не скажу. А добра ты яму наўскладаў?
— Пачухаецца тыдзень.
— Добра. Тут і суд яму нічога не паможа. Ён Івана, а ты яго, і справа з канцом. А знакі ў Івана ёсць?
— Пісяг праз увесь твар.
— Няхай падае ў суд, сабака. Трасцы яму.
Андрэй быў рады, што Ян змяніў гнеў на міласць, і пачаў расказваць яму пра Алену.
На захадзе сонца Андрэй сам пайшоў да коней. Захацеў пабыць на начлезе, паслухаць, што гавораць людзі пра яго і Халусту. Івану ён загадаў, каб раніцаю пасля снедання падмяніў яго.
На дварэ ўжо стаяла сапраўдная восень. Ночы былі ясныя і халодныя. Андрэй апрануў кажух, узяў з сабою бурку: калі, на выпадак, і прыйдзецца паспаць, то каб было цёпла.
На канюшынным палетку ўжо гарэла вогнішча. Канапасы пяклі бульбу, смажылі на ражнах сала. Па ўсім палетку пасвіліся коні. Але яны ўжо здаволіліся добрай пашай і ляніва грызлі канюшыну. Жарабяты трымаліся каля матак, і калі каторае адставала, матка звала яго доўгім іржаннем. Малінаўскія коні былі прывучаны да маргоўскай небяспекі — ваўкоў.
Тамаш Сташэвіч ужо быў тут. Ён пра нешта гутарыў з Халуставым парабкам Якавам Шэметам.
Калі Андрэй падышоў да гурту, Тамаш падміргнуў яму.
— А дзевак сёння няма,— паведаміў ён.— Абы толькі я на начлезе, дык ні адной дзеўкі няма, а калі бацька, дык іх хоць адбаўляй.
— Так цябе дзеўкі баяцца? — пацікавіўся Якаў.
— Любяць, а не баяцца, браце Якаў.
— Здорава ж яны цябе любяць!
— Як сабака палку.
Андрэй не стаў слухаць Тамашовай балбатні і прысеў каля гурту. Весялосці ў яго сёння не было. І не так сапсаваў настрой Халуста, як Алена.
Як толькі прыйшоў Андрэй, нібы знарок, пачалася гаворка пра яго і Халусту. Малодшыя рагаталі, старэйшыя зрэдку ўстаўлялі словы. Але ніхто не спачуваў
Халусту. Стары Талімон доўга маўчаў і нарэшце выказаў сваю думку:
— Яго трэба было не пугай адлупцаваць, а добрым бічом, гада такога. Коней з палетка ў Маргі гоніць, шэльма. І хлопца набіў. А пры чым хлопец?
Андрэй маўчаў.
— Ты ж хоць пахваліся, Андрэй, як там у вас было! — сказаў Тамаш, штурхануўшы Андрэя.
— Нічога я не ведаю. Я сёння не бачыў Халусты,— сказаў Андрэй і мімаволі зірнуў на Якава Шэмета. Той глядзеў на яго цікаўным і падбадзёрваючым позіркам.
— Як не бачыў! — не супакойваўся Тамаш.— Ты ж, кажуць, пугай яго ссек так, што ўвесь у сіняках і морда падпухла.
— Гэта не я. Можа ён са сваімі сынамі пабіўся. Забыў, як вязалі яго?
Тамаш зразумеў, што Андрэй не прызнаецца па нейкай важнай прычыне, і змоўк. Якаў Шэмет тым часам устаў і пайшоў да коней. Неўзабаве адтуль пачуўся яго голас:
— Гэй, Андрэй Сташэвіч! Ідзі пераймай сваю кабылу!
Андрэй усхапіўся з месца і пабег на голас Шэмета.
— А дзе мая кабыла? — запытаў ён, убачыўшы Якава.
— У табуне твая кабыла, Андрэй. Нікуды яна не пабегла. Я цябе не таму зваў. Садзіся, пагаворым.
Селі на мяжы. Шэмет выняў партабак і пачаў закурваць. Закурыў і Андрэй.
— Асцерагайся Халусты, Андрэй,— сказаў Якаў без ніякай прадмовы.
— Не баюся я яго. У суд не падасць.
— Хіба справа толькі ў судзе? У суд ён не падасць, але знойдзе спосаб адпомсціць табе.
— Што ён мне зробіць?
— Тое, чаго ты ніколі не зробіш. З-за вугла секане, спаліць, пакалечыць або патруціць скаціну. Хіба ты Халусты не ведаеш? Гэта, браце, азіят.
Гэтыя словы дзерпанулі Андрэя за сэрца. Не будучы баязліўцам, ён жахнуўся. У тым, што Халуста ўсё гэта можа зрабіць, ён не сумняваўся, але дасюль такія думкі не прыходзілі яму ў галаву. Цяпер ён адчуў страшную бездапаможнасць. Аднак такое пачуццё скора прайшло.
— Пабачым, хто каго,— сказаў ён.
— Добра, Андрэй, калі ты верыш у сваю сілу, але асцярожнасць ніколі не шкодзіць. Халуста злосны на цябе не толькі за тое, што ты яго сёння пугай налупцаваў, і нават не за тое, што ты са мной і Тамашом вязаў яго. Ён, вядома, і гэтага не забыў, але ёсць яшчэ нешта іншае, чаго я не ведаю. Можа ты лепш ведаеш... Мне здаецца, што ты стаіш на яго дарозе, замінаеш яму.